Вы тут

Як ствараюць айчынныя беспілотнікі


Прыкладна паўгода таму ў складзе Нацыянальнай акадэміі навук з'явілася новае падраздзяленне — Навукова-вытворчы цэнтр шматфункцыянальных беспілотных комплексаў. Такія змяненні ў структуры адбыліся не проста так — вытворчасць беспілотных лятальных апаратаў (БЛА) становіцца адным з самых паспяховых кірункаў працы беларускіх навукоўцаў: заключаны шматлікія кантракты з кампаніямі з усяго свету, мадэльны рад пастаянна папаўняецца новымі прадуктамі... Карэспандэнты «Звязды» наведаліся на вытворчасць і даведаліся, якія перспектывы ў беларускага беспілотнага авіябудаўніцтва.


Пакуль што над «Буравеснікам» працуюць у палявых умовах.

— Гэта наш новы і, як мы разлічваем, флагманскі прадукт — «Буравеснік», — распавядае загадчык арганізацыйна-планавага аддзела Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў Яўген ФІЛЯГІН. — Работа над ім ішла больш за пяць гадоў. Дальнасць палёту — 290 кіламетраў, у паветры апарат можа знаходзіцца да 6-8 гадзін. Крэйсерская хуткасць 150 кіламетраў за гадзіну, максімальная — 220. Функцыянал комплексу самы шырокі. У першую чаргу гэта зандзіраванне зямной паверхні. На ім усталявана камера, якая можа працаваць і ў інфрачырвоным рэжыме, што дазваляе ў любы час сутак знайсці любыя крыніцы цяпла на зямлі. Таму апарат становіцца вельмі патрэбным для супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, бо з яго дапамогай можна вельмі хутка знаходзіць і, адпаведна, лакалізоўваць пажары. Мы можам не толькі «ўбачыць» агонь на вялікай адлегласці, але і дакладна вылічыць яго каардынаты.

Выкарыстаннем у МНС магчымасці «Буравесніка» не абмяжоўваюцца. Ён можа несці да 70 кілаграмаў нагрузкі, напрыклад дазіметрычную апаратуру. З вышыні 200—300 метраў можна замерыць узровень радыяцыі зямной паверхні. З улікам неабходнасці кантраляваць узровень радыяцыйнага забруджвання тэрыторыі і аб'ектаў пасля чарнобыльскай аварыі і будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі вартасць распрацоўкі цяжка пераацаніць. Упраўленне апаратам ажыццяўляюць два аператары: адзін кіруе непасрэдна самалётам, другі — усталяванай оптыкай, датчыкам радыяцыі і іншай апаратурай.

Па словах Яўгена Філягіна, аналагаў «Буравесніку» на тэрыторыі СНД няма. Найбольш блізкі па характарыстыках апарат — амерыканскі RQ-7 Shadow. Пры гэтым наш беспілотнік лічыцца беларускім па праве — каля 70% камплектуючых зроблены на тэрыторыі краіны. Імпартаваць пакуль даводзіцца рухавікі (іх набываюць у Германіі), оптыку. «Але галоўнае, што ўвесь розум, усе «мазгі» тут нашы», — сцвярджае спецыяліст. Тым не менш прадпрыемства імкнецца да поўнай аўтаномнасці ад замежных паставак.

Яўген ФІЛЯГІН сцвярджае, што ў справе стварэння беспілотнкаў кожны грам мае вялікае значэнне. У руках спецыяліста — «Бусел М»

Вядома, у мадэльным радзе цэнтра не толькі «Буравеснік». Ёсць яшчэ больш раннія «Бусел М» і «Бусел М-50», іх ужо пастаўляюць у шэраг краін. Апараты адрозніваюцца дальнасцю і працягласцю палёту. Першы можа пакрыць адлегласць у 50 кіламетраў і вярнуцца назад на працягу 1,5 гадзіны, другі — да 70 кіламетраў за 2,5 гадзіны. Выкарыстоўваюцца для тых жа мэт: зандзіраванне лясоў, палёў, тарфянікаў, праверка трубаправодаў і ліній электраперадачы. Яшчэ адна сфера прымянення — пошук людзей, якія заблукалі ў лесе. Акрамя гэтага, на прадпрыемстве робяць і... дырыжаблі. Гэтыя беспілотнікі адрозніваюцца вялікай працягласцю палёту, бо энергіі на пад'ём і ўтрыманне ў паветры не патрабуецца, але выкарыстоўвацца могуць толькі ў спакойнае надвор'е.

— Сёлета мы завяршаем работу над тэхнічным заданнем і доследна-канструктарскімі работамі па «Буравесніку», — кажа спецыяліст. — Пасля гэтага вытворчасць будзе пераведзена на «серыю». Калі заказчыкаў будзе шмат, тэрмін зборкі аднаго самалёта складзе каля 3-4 месяцаў. Я мяркую, што праблем з попытам не будзе, бо да апарата прыглядаюцца вельмі многія нашы партнёры: Расія, Арабскія Эміраты, Туркменістан, Казахстан, В'етнам. На выставе «БелАгра» былі кантакты з кампаніямі з Блізкага Усходу.

Зараз у цэнтры працуюць над ваенным выкарыстаннем беспілотнікаў, гэта робіцца па замове Міністэрства абароны. Новы апарат распрацоўваецца на базе «Буравесніка», працоўная назва — «Стэпавы арол». Ён будзе важыць амаль тону, зможа несці 220 кілаграмаў грузу, развіваць хуткасць у 255 кіламетраў за гадзіну і знаходзіцца ў паветры амаль суткі. Ёсць і распрацоўкі па высокадакладнай беспілотнай зброі — дронах-«камікадзэ», якія пад кіраўніцтвам аператара могуць атакаваць дробныя цэлі. Сферай прымянення такіх беспілотнікаў у цэнтры бачаць, напрыклад, антытэрарыстычныя аперацыі, калі нельга нашкодзіць заложнікам ці грамадзянскай інфраструктуры, выкарыстоўваючы артылерыю і іншыя цяжкія віды зброі. «Але ўсё, што мы распрацоўваем для ваенных, абавязкова знойдзе прымяненне і ў грамадзянскай авіяцыі, — падкрэслівае Яўген Філягін. — Скажам, той жа «Стэпавы арол» можа працаваць у сельскай гаспадарцы».

Працягваецца і мадыфікацыя існуючых мадэляў. Напрыклад, праблему «Буслоў» з пасадкай (апарат прызямляецца на фюзеляж і часам атрымлівае пашкоджанні) ужо вырашылі: дадалі памякчальныя падушкі, якія аўтаматычна надзімаюцца ў момант раскрыцця парашута.

— Самым балючым пытаннем для нас пакуль застаецца кошт, — расказвае загадчык арганізацыйна-планавага аддзела. — Пакуль мы не можам дакладна сказаць, якая будзе цана на той жа «Буравеснік», бо пакуль няма «серыі». Але па папярэдніх разліках, наш комплекс (з двух самалётаў) будзе каштаваць у два-тры разы танней за той жа амерыканскі комплекс RQ-7 Shadow, які цяпер абходзіцца пакупнікам прыкладна ў дзесяць мільёнаў долараў.

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Навука на крылах

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.