Вы тут

У Беларусі ўпершыню пратэзавалі трахею


Пратэзаванне трахеі з выкарыстаннем тканкаінжынернага пратэза — так называецца ўнікальная аперацыя, якую выканалі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава Анатолю Хлапкову з Рагачова. Адчувае сябе пацыент добра і літаральна на наступным тыдні адпраўляецца дадому.


Беларускія медыкі першымі ў свеце дасягнулі станоўчага выніку пры выкананні падобнага аперацыйнага ўмяшання. Для гэтага давялося задзейнічаць велізарную колькасць самых розных спецыялістаў і найноўшыя тэхналогіі. Паводле слоў дырэктара цэнтра Алега СУКОНКІ, адной з нявырашаных праблем сучаснай медыцыны застаецца лячэнне пацыентаў з захворваннямі трахеі і галоўных бронхаў, што суправаджаецца звужэннем іх прасвету. Сустракацца гэта можа пры пухлінах лёгкага, што і мела месца ў прааперыраванага пацыента.

У свеце існуе некалькі падыходаў да пратэзавання трахеі, і кожны звязаны з высокай рызыкай развіцця ўскладненняў і гібелі. Няўдалыя спробы хірургічнага ўмяшання выконваліся ў Расіі, Іспаніі, Бельгіі, Англіі, ЗША. На думку беларускіх спецыялістаў, найбольш перспектыўным кірункам з'яўляецца выкарыстанне пратэзаў на аснове донарскай трахеі, адмытай ад клетак і заселенай уласнымі клеткамі рэцыпіента. Пры гэтым на адным з этапаў ачышчаная донарская трахея ўжыўляецца ў мышцу жывата рэцыпіента — для паляпшэння ўмоў сілкавання клетак, што імплантуюцца. Гэты этап значна паляпшае прагноз. Першы прааперыраваны менавіта такім чынам пацыент назіраецца ва ўрачоў ужо тры месяцы. Ніякіх прыкмет прагрэсавання захворвання, функцыянальнай недастатковасці ў яго няма.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Скачок айчыннай хірургіі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.