Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


Што: мюзікл «Танцор дыска»

Калі і дзе: МІР, 11 жніўня, 6.35 і 23.45

Класіка індыйскага кіно, якую добра памятаюць юнакі і дзяўчаты «даперабудовачных» 80-х. У свой час гэты фільм меў шалёную папулярнасць: у Савецкім Саюзе яго паглядзелі больш за 60 мільёнаў гледачоў!

Сама гісторыя — яшчэ адна версія старой як свет казкі пра Папялушку. Толькі ў ролі працавітай Папялушкі гэтым разам вулічны танцор Аніл, які марыць стаць знакамітым артыстам, а замест мачыхі зло і разбурэнне небеспаспяхова сее багацей па імені Аберой, які кляйміць малога і яго маці зладзеямі, вымушаючы літаральна бегчы з горада. Паводле закону жанру, праз пэўны час Аніл сваёй руплівасцю і талентам дабіваецца славы — і тут лёс зноў зводзіць яго з даўнім крыўдзіцелем, у дачку якога спявак умудрыўся закахацца... Далей ідзе многа музыкі, танцаў і наіўных на цяперашняе вока пастановачных боек, у якіх дабро перамагае. Рэкамендуецца для прагляду тым, хто ўвесь час задаваўся пытаннем, пра што ж ідзе размова ў хіце «Джымі, Джымі» і што там за загадкавая «ача-ача».


Што: драма «Дзеці Дон-Кіхота»

Калі і дзе: МІР, 13 жніўня, 10.45 і 1.35

Прэм'ера кінастужкі рэжысёра Яўгена Карэлава адбылася 50 гадоў таму, але і ў нашы дні гэты фільм застаецца, мабыць, адной з найлепшых гісторый пра сапраўднае бацькоўства.

Ціхі, сціплы чалавек, урач-акушэр Пётр Бандарэнка (Анатоль Папанаў) на ўласным вопыце ведае, як няпроста бывае выхоўваць дзяцей. У яго трое сыноў, і ці не штодня кожны прыносіць якія-небудзь клопаты: старэйшы Віця лічыць сябе няўдачнікам, сярэдні Дзіма, атрымаўшы пасля ўніверсітэта размеркаванне ў Падмаскоўе, збіраецца адмовіцца ад яго і паехаць у палярную экспедыцыю ў Арктыку, а малодшы непаседа Юрка збягае з дому, каб «вызваліць прыгнечаныя народы Афрыкі». Але ж нездарма доктара Бандарэнку за строгія маральныя прынцыпы і нязломны ўнутраны стрыжань празвалі Дон-Кіхотам — ён знаходзіць патрэбныя словы для кожнага юнака. Шкада толькі, што ніякія словы не падзейнічалі на маладую дзяўчыну, якая кінула сваё дзіця ў радзільні, — і доктар, які на фізіялагічным узроўні не можа змірыцца з такой несправядлівасцю, вырашае, што цяпер у яго сям'і будзе чацвёра сыноў.


Што: меладрама «Удар Задыяка»

Калі і дзе: «РТР-Беларусь», 13 жніўня, 16.30

Свежанькі, літаральна леташні, міні-серыял можа зацікавіць беларускіх гледачоў не толькі пакручастай сюжэтнай лініяй, але і ігрой шэрагу нашых землякоў, ад Ігара Сігова і Паўла Адамчыкава да Кірыла Дыцэвіча (на хвіліначку, першага афіцыйнага «Містара Беларусь»).

Учарашні следчы, а сёння беспрацоўная Вольга ўсведамляе, што пасля яе «раскопак» у справах віцэ-мэра горада работы яна не знойдзе. Раптам вядомы мясцовы адвакат Чарноў запрашае жанчыну стаць яго асістэнткай. Даведаўшыся, што Чарноў здольны з дапамогай свайго галоўнага хобі — астралогіі — выратаваць родных Вольгі, тая з радасцю пагаджаецца на прапанову не толькі працаваць, але і наогул быць разам. Але аднойчы Чарноў знікае...

Загаловак у газеце: Ад маркоты да радасці...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.