У прэсе яе часта называюць «адной з найвялікшых рускіх актрыс ХХ стагоддзя» і «каралевай другога плана», калегі-акцёры і рэжысёры ўспамінаюць не толькі веліч яе постаці і таленту, але і няпросты характар і драматычны лёс. У народзе ж проста любяць — як тры дзясяткі фільмаў з удзелам Фаіны Георгіеўны Ранеўскай, так і мноства мудрых, дасціпных і вострых, часам да цынізму, крылатых выразаў яе аўтарства. Расказаць пра яе ў некалькіх словах немагчыма, таму прыгадаем усяго некалькі адметных фактаў з біяграфіі вялікай актрысы.
Ранеўская (Фельдман) нарадзілася ў Таганрогу ў даволі заможнай яўрэйскай сям'і, прычым з беларускімі каранямі. Бацька яе, Гірш Хаімавіч, паходзіў з мястэчка Смілавічы Мінскай губерні, а маці, Мілка Рафаілаўна — з Лепеля (Віцебская губерня).
Першы фільм з удзелам Ранеўскай «Пышка» (1934) спадабаўся нават парыжскім аматарам кіно, у прыватнасці, яго высока ацаніў пісьменнік Рамен Ралан. А вось апошняй работай актрысы ў кінематографе стала агучванне Фрэкен Бок у мультфільме «Карлсан вярнуўся» (1970). Дарэчы, спачатку Ранеўская адмовілася ад агучвання, бо ёй катэгарычна не падабаўся намаляваны з яе персанаж. Актрысе здавалася, што мультыплікатары наўмысна зрабілі «домамучыцельніцу» непрыгожай, і рэжысёру ледзь удалося яе пераканаць у адваротным.
У фільме «Папялушка» Ранеўская, якая выдатна сыграла мачаху, насамрэч не нашмат старэйшая за сваю экранную падчарку: Фаіне Георгіеўне на час здымак было 50 гадоў, а Папялушцы — Яніне Жэймо — амаль 40!
Наогул актрыса сыграла да крыўднага мала галоўных роляў у тэатры і амаль ніводнай — у кіно, у асноўным, як вынікае з афіцыйнага ліста Дзяржкіно СССР, з-за «ярка выяўленых семіцкіх рысаў».
Ранеўская, хоць і вырасла ў шматдзетнай сям'і (у яе было тры браты і сястра), сама так і не стварыла сям'ю і не нарадзіла дзяцей. Пра няспраўджанае мацярынства актрыса вельмі шкадавала, таму лічыла ўнука сваёй найлепшай сяброўкі Паўлы Вульф таксама і сваім унукам і апякала яго шмат гадоў.
Фраза з фільма «Падкідыш» (1939) — «Муля, не нервуй мяне!» — Ранеўскую літаральна пераследавала ўсё жыццё. Нават на ўручэнні ордэна Леніна ў 1976 годзе не хто-небудзь, а Леанід Брэжнеў замест прывітання сказаў: «А вось ідзе наша Муля, не нервуй мяне!» Праўда, потым выбачыўся і патлумачыў, што фраза сама сарвалася з вуснаў — з прычыны вялікай любові да актрысы.
Ранеўская славілася нястрыманасцю на язык і злоўжывала нецэнзурнай лексікай. Паводле ўспамінаў блізкіх, адзінай асобай, пры якой актрыса сабе ніколі гэтага не дазваляла і ператваралася ў выкшталцоную арыстакратку, была яе добрая сяброўка паэтка Ганна Ахматава.
Нягледзячы на шалёную папулярнасць, апошнія гады жыцця Ранеўская правяла ў адзіноце, у кампаніі адзінай жывой істоты — падабранага ёй на вуліцы дварняка Хлопчыка. Яго постаць, дарэчы, упрыгожвае і магілу славутай актрысы ў Маскве.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».