Вы тут

Як падрыхтавацца да школы экалагічна?


Вось і праляцелі летнія канікулы, і зусім хутка пачнецца новы навучальны год. Падрыхтоўка да гэтай падзеі займае шмат сіл у бацькоў і дзяцей. Давайце паспрабуем пачаць новы навучальны год экалагічна!


Кантрольная рэвізія. Перад паходам у краму ўважліва перабярыце рэчы і паглядзіце, чаго вам сапраўды не хапае. Часам некаторыя старыя рэчы захоўваюцца ў добрым стане, таму іх можна выкарыстаць другі раз. Ператрэсваючы старыя сумкі, можна знайсці некалькі алоўкаў, гумку, лінейку. Распытайцеся ў знаёмых, магчыма, у іх валяюцца без справы нявыкарыстаныя сшыткі ці іншыя канцтавары. Абавязкова складзіце спіс неабходных рэчаў і толькі тады выпраўляйцеся па пакупкі.

Другі шанц для старых рэчаў. Пасля кожнага навучальнага перыяду застаюцца рэчы, з якіх можна нешта зрабіць. Напрыклад, у выкарыстаных сшытках хапае чыстых аркушаў, іх можна выдраць і пакінуць на чарнавікі. У старых ручках дастаткова замяніць стрыжань — і патрэба ў новых адпадае сама па сабе.

Чытаем маркіроўку. Цяпер нельга паскардзіцца на асартымент тавараў, прадстаўлены ў крамах. Лепш арыентавацца не на вокладку, а на маркіроўку і састаў канкрэтнай рэчы. Пазнакі сертыфікацыі FSC на сшытках, ручках, алоўках гарантуюць, што пры вытворчасці гэтых тавараў не наносілася шкода лясам. Таксама хапае папяровай прадукцыі, зробленай з другаснай сыравіны. Папера з макулатуры куды больш здаровая, чым «снежная» папера, адбеленая хлорам. Звяртайце ўвагу, з чаго зроблены рэчы — не важна, кашуля гэта, лінейка ці пластылін для лепкі. Лінейку можна набыць з драўніны, а не з пластыку, а кашулю — з ільну і бавоўны, а не з паліэстару. Старайцеся пазбягаць рэчаў, якія змяшчаюць у сабе полівінілхларыд — самы шкодны з відаў пластыку.

Энергаэфектыўныя прылады. Набываючы электронныя прылады з высокім узроўнем энергаэфектыўнасці («EnergoStar»), якія спажываюць на 30% менш энергіі, чым звычайныя прылады, вы таксама дапамагаеце навакольнаму асяроддзю. Не пакідайце тэхніку ў спячым рэжыме, калі адыходзіце надоўга — выключайце прылады поўнасцю. Не забывайцеся, што лепш выбіраць гаджэты, якія працуюць не на батарэйках, а на акумулятарах.

Замест букета — кветкі ў вазоне. У першыя дні верасня настаўніцы не ведаюць, куды падзець велізарную колькасць кветак, якія дораць вучні. Праз некалькі дзён уся квітнеючая прыгажосць аказваецца на сметніцы. Падарыце сваёй настаўніцы расліну ў гаршку — яна будзе радаваць доўгі час, а магчыма, упрыгожыць школьны кабінет.

У школу — на ровары. Прыходзіць новая мода — не толькі школьнікі, але і настаўнікі дабіраюцца ў школу на кліматычна нейтральным транспарце — веласіпедзе. А калі школа знаходзіцца зусім блізка ад дома, чаму б не прайсціся пешшу?

Абед з сабой. Куды ж без здаровага харчавання? Папрасіце маму, сястру альбо прыгатуйце ежу дома і ўпакуйце яе ў кантэйнер. Не забудзьцеся пра чыстую ваду — не набывайце штодзень новую пластыкавую бутэльку, а завядзіце тэрмас. Толькі праверце, каб у яго саставе не было бісфенолу А.

(Матэрыял змешчаны ў дадатку да «РП» «Юны натураліст».)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.