Вы тут

БДУ ўзняўся ў рэйтынгу на 70 пазіцый


Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт умацаваў свае пазіцыі ў рэйтынгу найлепшых універсітэтаў свету па версіі ўплывовага брытанскага агенцтва QS (THЕ — QS Wоrld Unіvеrsіtу Rаnkіngs) і перамясціўся адразу на 354-ы радок.


Трэба адзначыць, што БДУ паляпшае свае пазіцыі ў прэстыжным міжнародным рэйтынгу чацвёрты год запар. У 2013 годзе ён знаходзіўся на 551-м месцы, у 2014-м — на 491-м, у 2015-м размясціўся ў групе ВНУ, якія займалі 421—430 пазіцыі.

Рэйтынг QS грунтуецца на аналізе звестак аб вышэйшай навучальнай установе. Ацэньваюцца такія паказчыкі, як індэкс цытавання навуковых работ за пяць апошніх гадоў, суадносіны колькасці выкладчыкаў і студэнтаў, колькасць замежных студэнтаў і выкладчыкаў, вынікі апытання экспертаў (акадэмічная рэпутацыя) і працадаўцаў.

Акрамя Белдзяржуніверсітэта, у рэйтынг QS з беларускіх ВНУ трапіў толькі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт: ён знаходзіцца ў групе 701+.

У верхняй частцы табліцы традыцыйна дамінуюць універсітэты ЗША і Вялікабрытаніі. На першым месцы ў абноўленым рэйтынгу размясціўся Масачусецкі тэхналагічны інстытут (ЗША), за ім ідуць Стэндфардскі і Гарвардскі ўніверсітэты (ЗША). Кембрыджскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія) размясціўся на чацвёртай пазіцыі, а Каліфарнійскі тэхналагічны інстытут — на пятай. Аднак, як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, хуткі рост дэманструюць навучальныя ўстановы Азіі. Так, у топ-15 увайшоў Нацыянальны ўніверсітэт Сінгапура.

У рэйтынг QS 2016 года ўключаны ўніверсітэты з 80 краін. Сярод 200 найлепшых ВНУ прадстаўлены ўстановы з 34 краін, уключаючы ЗША, Вялікабрытанію, Расію, Бразілію, Францыю, Канаду і іншыя.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.