Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


Д. Каско. «Вандроўка па Мінску дарогамі ведаў» («Звязда» за 3 верасня)

— Добра, што гэтыя школьнікі ведаюць хоць бы назву горада, у якім жывуць. Не памятаць, з чым звязана першая згадка Мінска або якія падзеі адбываліся ў нашай рэспубліцы падчас Вялікай айчыннай вайны, на мой погляд, сапраўдная ганьба для дзевяцікласнікаў.
Няўжо ім настолькі абыякавая гісторыя свайго горада, сваёй дзяржавы ў цэлым?

За сваё жыццё я прыйшла да высновы, што ў памылках дзяцей заўсёды вінаватыя дарослыя. І гаворка тут зусім не пра настаўнікаў, большасць з якіх, пра што я ведаю не па чутках, выкладваюцца на працы «на ўсе сто». Прычына сітуацыі — абыякавыя бацькі. Чым могуць цікавіцца дзеці, калі тата і мама ўвесь свой вольны час праводзяць ці ў краме, ці на кухні, ці ля тэлевізара? Ды вазьміце, нарэшце, усю сваю сям'ю і выпраўцеся на экскурсію! Гэта і добрае баўленне часу, і са сваімі дзецьмі станеце больш блізкімі, і веды папоўніце!

Марына Пятроўна, г. Мінск.


С. Барысенка. «А мог быць інфаркт...» («Звязда» за 6 верасня)

— Уразіў мяне нават не страх пацыентаў, якія баяцца той каранараграфіі... Я проста схіляю галаву перад урачамі, якія выконваюць ювелірную, як мне здаецца, работу і падвяргаюцца пры гэтым рэнтгеналагічнаму апраменьванню. Фактычна яны ратуюць жыццё цаной свайго ўласнага здароўя... А самае сумнае ва ўсім гэтым, што людзям выконваюць такія няпростыя аперацыі бясплатна, а яны ў першыя ж дні знаходжання ў бальніцы выходзяць на вуліцу і кураць! Я сама маю такога сваяка — з хваробай сэрца, сасудаў, штодня тлумачу пра шкоду курэння, а ён адказвае, што гэта вышэй за яго сілы. Вельмі сумна...

Зінаіда Антонаўна, г. Рагачоў.


С. Расолька. «Адпачываць, а не парушаць і шкодзіць» («Звязда» за 6 верасня)

— Лічу, вельмі правільна, што рыбакоў сталі штрафаваць за смецце, пакінутае на беразе вадаёма. А як інакш, калі адсутнічае элементарная культура паводзінаў і ніякія ўшчуванні не дзейнічаюць?! Думаеце, прыемна лавіць рыбу сярод недакуркаў, бляшанак і бутэлек, якія пакідаюць пасля сябе некаторыя такія «адпачывальнікі»? Я ўжо не кажу пра шкоду прыродзе: на вадзе часам можна заўважыць сапраўдныя астраўкі з бытавых адходаў, тых жа ПЭТ-бутэлек, пенапласту, пакетаў.

Што тычыцца паляўнічых, дык кожны год у краіне, на жаль, не абыходзіцца без трагічных выпадкаў. Як паведамлялася, толькі ў канцы жніўня адбыліся два такія са смяротным зыходам. У Маларыцкім раёне паляўнічы застрэліў рыбака, выпускаючы зарад шроту, як яму здалося, па дзічыне ў чароце. У Пружанскім раёне на кукурузным полі паляўнічы падстрэліў напарніка, зрэагаваўшы на шоргат. Больш за тое, у першым выпадку паляўнічы з'ехаў з месцы здарэння, а ў другім гаворка ідзе пра незаконную здабычу жывёлы пры дапамозе незарэгістраваных стрэльбаў. А дагэтуль парушальніка таксама штрафавалі.

Зброя — крыніца павышанай небяспекі. Калі парушыў, ды яшчэ і неаднойчы, — сапраўды, адказвай па ўсёй строгасці!

Серафім, Мінская вобл.


С. Бусько. «Зараз гэтае пытанне не разглядаецца» («Звязда» за 6 верасня)

— Чаму падзялілі людзей, якія маюць права на працоўную пенсію па ўзросце, па паўгоддзях іх нараджэння? Чым адрозніваецца грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які нарадзіўся 30 чэрвеня, ад грамадзяніна, які нарадзіўся 1 ліпеня таго ж года? Атрымліваецца, што тыя, хто нарадзіліся ў першай палове года, будуць выходзіць на пенсію з павелічэннем пенсійнага ўзросту на паўгода за кожны каляндарны год, а тыя, хто нарадзіліся ў другім паўгоддзі, — з павелічэннем на год.

А тыя пенсіянеры, якія працуюць, згодна з заканадаўствам, атрымліваюць сваю пенсію па паніжаным каэфіцыенце — 1,3 (а гэта да 25% ад памеру пенсіі). Пры гэтым пенсіянеры не вызваляюцца ад падатку ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Атрымліваецца, што працоўныя пенсіянеры вымушаны плаціць двойчы за сваё права працаваць — праз неатрыманне сваёй заробленай пенсіі ў поўным аб'ёме і праз выплату падаткаў на падтрыманне пенсійнага фонду!

Алеся Пінчук, г. Брэст.


В. ПУСТАВІТ. «Шчаслівыя разам. Увасьмярых!» («Звязда» за 8 верасня)

— Дзякуй, што пішаце ў «Сямейнай газеце» пра розных, у тым ліку і экзатычных, хатніх гадаванцаў. А фотаздымкі якія прыгожыя — вачэй не адарваць!

Мы з сынам жывём у аднапакаёвай кватэры, таму, хоць я і люблю жывёл, доўгі час завесці каго-небудзь не адважвалася. Хоць Арцём ужо даўно прасіў сабаку. І вось год таму ў нас з'явіўся Чэйз. Падабралі яго ля свайго пад'езда, нехта падкінуў. Цяпер я на свайго Арцёмку не нарадуюся. Прачынаецца шторанку перад школай, каб выгуляць сабаку, тое ж самае робіць у абед і вечарам. Калі ездзіў у летнік на два тыдні, дык кожны дзень па некалькі разоў тэлефанаваў і пытаўся, як Чэйз. Сын стаў больш адказным, пунктуальным, чулым.

Набываю корм і лекі сабаку заўсёды ў адной і той жа заакраме, што побач з домам. Люблю туды прыходзіць, бо там працуюць цудоўныя кансультанты. Заўважыла, што ў заакрамах звычайна вельмі ветлівае абыходжанне з пакупнікамі, чаго, на жаль, не скажаш пра крамы для людзей. Амерыканцы славяцца сваімі «дзяжурнымі» ўсмешкамі, але менавіта ў сферы абслугоўвання нам іх вой як не хапае!..

Ірына, г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.