Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


Н. ЗІГУЛЯ. «Куры прынеслі ў Віркаў шчасце»

(«Звязда» ад 18 студзеня)

— Заўсёды з задавальненнем чытаю матэрыялы пра нашы народныя традыцыі і абрады. А ў чароўныя святочныя калядныя дні асабліва адчуваецца покліч продкаў. З задавальненнем сама прыняла б удзел у калядках. Але, на жаль, у нас у горадзе такога няма. Вось чула, у Гомелі калядоўшчыкі ходзяць нават па пад'ездах. Вядома, што ў вёсцы гэта глядзіцца больш арганічна, але ж трэба прыстасоўвацца да ўсялякіх умоў. Калі знайду аднадумцаў, на наступны год абавязкова далучуся да гэтай традыцыі!

Святлана Васілеўна, г. Магілёў


А. ЛЯЎКОВІЧ. «Безнаяўны разлік»

(«Звязда» ад 3 лютага)

— Не трэба баяцца інфакіёскаў, банкаматаў ці нейкіх іншых цуда-машын. Гэта я па ўласным вопыце ведаю. Бо, калі картку ўстаўляць дрыготкай рукою, нешта падобнае і можа здарыцца. А праблемы з гэтымі «жалязякамі» часцей узнікаюць таму, што яны... розныя.

Справа ў тым, што больш сучасныя інфакіёскі працуюць з галасавым суправаджэннем. Напрыклад, яны чалавеку паведамляюць, што праз 15—20 секундаў машына картку забярэ, калі вы пра яе забыліся, або спытае аб тым, ці патрэбны кліенту дадатковы час для далейшай работы з аўтаматыкай. А старыя інфакіёскі выключна маўчаць, толькі дробненька так пішуць на экране, што ўжо праз імгненне ваш пластык трапіць у нутро машыны. А калі чалавек ужо прывык да таго, што яго папярэджваюць голасам, то часцяком картку машына і «з'ядае». Далей пачынаецца ўвогуле блуканне па пакутах, бо картку вам аддадуць толькі ў тым аддзяленні банка, якое яе выдавала. Тут сапраўды нешта трэба мяняць, бо гэтыя адмоўныя моманты (зусім не дробязі) адштурхоўваюць нас ад сучасных тэхналогій. Сумна...

Антаніна Лойка, г. Брэст


Н. ДРЫНДРОЖЫК. «Бабулька Наталля, адгукніся! Я — твой дзядулька Аляксей»

(«Звязда» ад 4 лютага)

— Прачытала загаловак, падумала, сапраўды нейкі дзядулька згубіў сваю бабульку! А тут моладзь так арыгінальна знаёміцца, на вячорках, як мы ў свой час рабілі. Прыемна, што традыцыі жывуць. Што песні, якія мы спявалі ў маладосці, вяртаюцца, гучаць на «Спеўных сходах» у Мінску. Дарэчы, нядаўна мне ўнучка прывезла дыск з вясельнымі песнямі вёскі Лявонпаль і яе наваколляў (я сама адтуль родам, з Мёршчыны), што запісаў Сяргей Панізнік у 1968—1969 гадах. Аматарам аўтэнтыкі вельмі раю паслухаць.

Таццяна Іванаўна

— Так, Сяргей Доўгушаў са сваёй харызматычнасцю можа павесці за сабой людзей. Прыеду з Барселоны — абавязкова пайду да яго ў вакальную школу.

Любоў Кудзелка

— Майму сыну толькі тры месяцы. Я яму спрабую штосьці спяваць, калі гушкаю, але ён не супакойваецца, а, наадварот, пачынае плакаць... Вы пішыце, што беларускамоўныя лепш супакойваюць. Але я іх, на жаль, не ведаю. Прачытала на сайце вашай газеты, што вядучы «Спеўных сходаў» можа даслаць тэксты і аўдыязапісы беларускіх аўтэнтычных калыханак. Буду ўдзячная, калі падкажаце, як з ім звязацца.

Наталля, мама Мацвея


В. БОЙКА. «Куды глядзяць аглядныя камісіі?»

(«Звязда» ад 8 лютага)

— Пачытаў артыкул, і ў мяне ўзнікла тое ж самае пытанне: «Куды?» Я таксама пенсіянер, хоць і не адзінокі. Але мы з жонкай ужо старыя людзі, і нам таксама цяжка. А ў кватэры і трубы старыя, і з-пад аконнай рамы вецер свішча, і ў падвале вечна вады па лыткі. А шаноўныя камісіі па тых п'яніцах ды асацыялах ходзяць, розуму іх вучаць! Лепей бы на нармальных людзей больш увагі звярталі! Бо харошы, сумленны чалавек саромеецца напаказ сваю бяду выстаўляць. Во, у суседзяў маіх вечна сваркі: муж сваю жонку збівае на горкі яблык. Але ніякія камісіі да іх не ходзяць, бо яны ж «камуналку» аплачваюць.

Вось і выходзіць, што ў сямі нянек дзіця без вока! Цэлая камісія збіраецца, а каму трэба — рады даць не можа! Толькі рапартуюць, як у іх усё добра!

Барыс Анатолевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.