Вы тут

Чакаецца, што жыроўкі ў сярэднім пацяжэюць на 11 рублёў


Савет Міністраў адпаведнай пастановай зацвердзіў новыя тарыфы на некаторыя віды жыллёва-камунальных паслуг на будучы год.


Дакументам вызначаюцца кошты (тарыфы) на паслугі газазабеспячэння, электразабеспячэння і цеплазабеспячэння, якія субсідзіруюцца дзяржавай і забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне. Акрамя таго, устаноўлены гранічныя памеры тарыфаў на паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення, тэхнічнае абслугоўванне жылога дома, тэхнічнае абслугоўванне ліфта, вышэй за якія аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам устанаўліваць не могуць.

З першых дзён студзеня на 17% павялічацца цэны за цеплаэнергію і газ. У дакуменце ўдакладняецца, што тарыф на цяпло вырасце да 15,6098 рубля за 1 Гкал (цяпер — 13,3417 рубля за 1 Гкал), а новы цэннік на прыродны газ будзе дзейнічаць у ацяпляльны перыяд. Затое тарыфы на электраэнергію для насельніцтва застануцца на ранейшым узроўні. Аднак павялічацца тарыфы на электраэнергію, спажытую на асвятленне ліфтаў у шматкватэрных жылых дамах (не больш за 39 капеек з аднаго жыхара ў месяц), а таксама электрычнасці на работу ліфтаў, дзе цана падрасце да
47 капеек з аднаго жыхара (цяпер 26 капеек).

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўдакладнілі, што пасля такога павелічэння тарыфаў плацяжы насельніцтва па аплаце жыллёва-камунальных паслуг будуць павышаны ў памеры, эквівалентным 5 доларам у разліку на сям'ю з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 48 квадратных метраў, пры нарматыўным спажыванні гэтых паслуг (па асноўных і дадатковых паслугах) і ўзрастуць на 10,98 рубля, што складзе ў ацяпляльны перыяд 79,38 рубля.

Пастановай рэкамендавана аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму забяспечыць памеры выдаткаў насельніцтва за санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома не больш за 53 капейкі з аднаго жыхара ў месяц, а за тэхнічнае абслугоўванне запорна-перагаворных прылад жылога дома — не больш за 91 капейку з адной кватэры.

Акрамя таго, аблвыканкамы і Мінгарвыканкам цяпер павінны ўзгадніць з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю тарыфы па ЖКП, якія субсідзіруюцца дзяржавай. Напрыклад, тарыфы на водазабеспячэнне цяпер павінны быць не больш чым 0,5301 рубля за 1 кубаметр (зараз — 0,279 рубля), на водаадвядзенне (каналізацыю) — не больш за 0,354 рубля за 1 кубаметр (0,1863 рубля), тэхнічнае абслугоўванне жылога дома — не больш за 0,1 рубля за месяц за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання (0,0995 рубля), тэхабслугоўванне ліфта — не больш за 1,19 рубля ў месяц з аднаго жыхара (0,6911 рубля).

Тарыфы на водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), тэхабслугоўванне жылога дома, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат, не зменяцца. А тарыф на тэхабслугоўванне ліфта павялічыцца да 1,33 рубля ў месяц з аднаго жыхара (было 1,2 рубля).

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Налета каля 80 рублёў за «камуналку»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.