Вы тут

Агароднікам і садоўнікам: абвяргаем стэрэатыпы і шукаем альтэрнатыву


Вельмі часта мы робім тое, што прынята ўсімі. Кім, калі і, галоўнае, навошта прынята — незразумела, але калі сусед агарод ужо ускапаў, то і нам трэба капаць, інакш «што ж людзі падумаюць?» Вось так, ад аднаго да другога, пераходзяць розныя парады агароднікам і садоўнікам. Паспрабуем абвергнуць некалькі найбольш распаўсюджаных стэрэатыпаў і прапануем альтэрнатыўныя парады.


Каб глеба была мяккай, яе трэба капаць і часта рыхліць

Дзіўна, але цаліну ніхто не капае, а яна ўрадлівая, і нашы агароды з ёй у гэтым не параўнаюцца. У прыродзе няма нічога непрадуманага, усё ўраўнаважана. Калі ёсць глеба, якая павінна даць жыццё раслінам, гэта значыць і жучкі-чарвячкі, якія яе «аруць». Гэтыя маленькія «працаўнікі» паспяхова «працуюць» ужо мільёны гадоў, ствараючы ў зямлі тысячы каналаў, робячы яе падобнай на губку. Капаючы, мы руйнуем паветраныя каналы, і глеба ўшчыльняецца. Каб перамагчы гэта ўшчыльненне зямлі, мы зноў капаем і рыхлім. Замкнёнае кола.

Каб глеба была мяккай, яе нельга чапаць глыбей, чым на 5 см, гэта значыць працаваць можна толькі матыкай або пласкарэзамі. Займайцеся сваёй справай, і дайце магчымасць жукам-чарвякам займацца сваёй.

Добры агарод — чысты агарод

Чыстай зямлі ў прыродзе не бывае, гэта ненатуральна. На любым кавалачку адкрытай глебы нешта абавязкова захоча вырасці. Вядома, гэта будзе пустазелле, якога мы бачыць не хочам, таму бяром матыкі і пачынаем (дакладней, працягваем) бясконцую барацьбу з законамі прыроды, у якой выйграць немагчыма. Акрамя гэтага, адкрытая, чыстая зямля ў момант выпарвае ўсю вільгаць, якую мы даём ёй пры паліве. Сізіфава праца: паліваем і рыхлім, рыхлім і паліваем.

Глебу нельга пакідаць адкрытай. Каб зберагчы вільгаць і знішчыць пустазелле, градкі трэба мульчыраваць.

Мульча не дае караням дыхаць

Карані не могуць дыхаць без мульчы, калі мы вымушаны пастаянна рыхліць верхні пласт, парушаючы тым самым паветраныя каналы. Уявіце сабе канал, які пракапаў чарвячок. З паверхні ён сыходзіць далёка пад зямлю. Пасля рыхлення верхняя частка канала аказваецца парушанай, у глыбіню зямлі кісларод паступаць не мае магчымасці. Пры мульчыраванні рыхліць глебу не трэба: пустазелле не лезе, скарынка пасля паліву не ўтвараецца.

Арганічная мульча прапускае паветра, яна не прапускае толькі святло. Калі ў глебе досыць паветраных каналаў, то кіслароду для дыхання каранёў цалкам хопіць, нават калі мульча неарганічная (цёмная плёнка, руберойд).

Мінеральныя ўгнаенні неабходныя для нармальнага развіцця раслін

Мінеральныя ўгнаенні — гэта не неабходнасць, а спроба тапельца схапіцца за саломінку. Прыродай мінеральныя ўгнаенні не прадугледжаны, у ёй «працуе» выключна арганіка (перагной, кампост). Мінеральныя ўгнаенні ўжываць можна, але яны ў «няправільнай» глебе не толькі малаэфектыўныя, але і могуць нанесці шкоду.

Лепшыя ўгнаенні — арганічныя. «Правільная» глеба (самабытная, якую не капаюць і мульчыруюць) досыць насычаная біягумусам, які ў велізарнай колькасці выпрацоўваюць «падземныя жыхары».

Змагацца з шкоднікамі трэба хімікатамі

Можна і хімікатамі, але асцярожна і толькі ў крайнім выпадку. Хімікаты дзейнічаюць як антыбіётыкі — забіваюць усіх без разбору: і шкодных, і карысных. Зноў жа, вернемся да вытокаў, да прыроды. Забіўшы аднаго шкодніка, мы ствараем вельмі камфортныя ўмовы для размнажэння іншага. Зараз прыйдзецца выводзіць хіміяй і яго.

Правільна сумешчаныя пасевы змагаюцца са шкоднікамі нашмат больш эфектыўна і не ствараюць пагрозы для карысных насякомых. Напрыклад, пасадзіце пару кусцікаў салаты ў градцы з радыскай, і пра крыжакветных блошак вы нават не ўспомніце.

Дык чаму верыць?

Раслінам, як гэта ні парадаксальна. Параўнаць догляд за агародам можна з выхаваннем дзіцяці. Псіхолагі кажуць, што перад тым, як пакараць малога, трэба зразумець, чаму або навошта ён зрабіў нешта не тое. Так і ў агародзе: калі зразумець, чаму глеба перасыхае, чаму караняплоды ідуць у бацвінне, чаму адно не жадае расці побач з іншым, то догляд за агародам будзе прыносіць не стомленасць і расчараванне, а маральнае задавальненне і высокія ўраджаі.

Вядучая рубрыкі Ірына ТАМКОВІЧ

Загаловак у газеце: «Шкодныя» парады агароднікам і садоўнікам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.