«Шчыры дзякуй беларускамоўнай газеце за новую моўную рубрыку, бо часам і сапраўды не ўсё разумееш. Я, у прыватнасці, думала, што слова сорт — з рускай мовы, што ў нашай, беларускай, ёсць толькі гатунак. Аднак на старонках «Звязды» (выпісваю газету ўсяго паўгода) сустракаюцца абодва словы. І як іх не блытаць?» — цікавіцца Алена Патаповіч. «Я пакуль вучуся ў школе, спрабую пісаць вершы... Спадабалася слова імаверны (у сэнсе — верагодны). Гэта абсалютныя сінонімы ці не?» — пытае Таццяна Кушаль. «У адной з газет кінулася ў вочы слова запытаць (у адносінах да меры пакарання падсуднага). Але ж ці на месцы яно?» — цікавіцца пенсіянер з Магілёва.
На пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары газеты Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.
Ліст з рэдакцыі
Спачатку пра сорт і гатунак. У нашай мове ёсць абодва гэтыя словы, аднак значэннем яны адрозніваюцца. У першага, так бы мовіць, больш шырокае «кола прымянення». Таму можна казаць пра:
— новыя сарты тавару (напрыклад, цукерак);
— сарты вінаграду, руж, яблынь і іншых раслін;
— пра жаніха альбо спецыяліста «не першага сорту».
Слова гатунак ужываецца ў дачыненні да рознага роду прадукцыі (напрыклад, віна, мукі, чаю). Як бачым, гэтыя два словы можна лічыць сінонімамі толькі ў значэннях, якія датычацца тавараў.
Прыметнік верагодны традыцыйна ўжываецца ў двух значэннях: 1) «які адпавядае рэчаіснасці, праўдападобны»; 2) «дапушчальны, магчымы». Можна сказаць, напрыклад, верагодная інфармацыя, верагодныя чуткі, верагодны вывад. Імаверны ж паводле свайго значэння бліжэй стаіць да слова магчымы: гаварыць пра імаверныя вынікі гэтай сустрэчы яшчэ рана, гэта малаімаверна. Словы імаверны, імавернасны, імавернасць ужываюцца ў такім значэнні і ў тэрміналогіі: імаверная падзея, імавернасны працэс, тэорыя імавернасцяў. Калі тлумачыць праз параўнанне з іншымі мовамі, то верагодны ў першым значэнні трэба перакладаць на рускую як достоверный, а імаверны — як вероятный. Верагодны ў другім значэнні можна разглядаць як сінонім слова імаверны, але яны ўсё ж маюць пэўныя адрозненні ў адценнях.
Што датычыцца слоў запытаць і запрасіць (у тым ліку меру пакарання, цану на таргах...), то гэтыя словы часам сапраўды можна зблытаць. Каб такога не адбылося, варта памятаць, што запытаць стаіць бліжэй да такіх слоў, як спытаць, запытацца. У сваю чаргу, запрасіць — бліжэйшае да папрасіць. Такім чынам, пэўную меру пакарання пракурор для злачынцы можа менавіта запрасіць (бо тут гэта слова азначае амаль тое ж, што і папрасіць)...
Прыемна, што ўвагу на мову нашай газеты звяртаюць і спецыялісты. Шаноўны мовазнавец прафесар Павел Уладзіміравіч Сцяцко нагадвае, напрыклад, пра важнасць правільнай пабудовы сінтаксічных канструкцый. У прыватнасці, ён цалкам слушна заўважае, што дзеяслоў ажаніцца павінен ужывацца з прыназоўнікам з, які кіруе творным склонам: ажаніўся з былой аднагрупніцай...
Дададзім да гэтага толькі тое, што ажаніцца можа выключна мужчына. Калі мы гаворым пра пару, то кажам, напрыклад, што аднагрупнікі пажаніліся.
Яшчэ адна парада ад Паўла Уладзіміравіча — не ўжываць назоўнік Ражджаство, аддаваць перавагу больш натуральнаму, на яго думку, слову Раство.
Заўважым тут, што на сённяшні дзень беларуская рэлігійная тэрміналогія яшчэ не да канца ўнармаваная. З гэтай прычыны для перадачы аднаго разумення існуе некалькі слоў: Раство, Ражджаство, Божае нараджэнне. У «Слоўніку рэлігійных і багаслоўскіх тэрмінаў царкоўнаславянска-беларускім» побач стаяць Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы і Ражджаство Хрыстова. Здаецца, найбольш прымальным з ліку трох названых варыянтаў быў бы назоўнік нараджэнне (у Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі зафіксаваны і тэрмін Нараджэнне Хрыстова). Аднак пагодзімся, што ражджаство — з гэтай групы і сапраўды найменш удалае.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.