Вы тут

Савет Міністраў падвёў вынікі работы эканомікі краіны


ВУП да таго ж перыяду 2016-га склаў 101,7% пры такім жа гадавым прагнозным паказчыку. Добра спрацавалі прамысловасць, сельская гаспадарка, гандаль, але пакуль адстаюць будаўніча-мантажныя работы. Таксама падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў гутарка ішла пра рост заработнай платы і пенсій па ўзросце, стварэнне новых працоўных месцаў.


«У цэлым у студзені-верасні бягучага года з задачай справіліся, — заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй КАБЯКОЎ, каментуючы сітуацыю з ВУП. — Агульная сітуацыя ў эканоміцы застаецца стабільнай, выконваюцца амаль усе ключавыя паказчыкі эфектыўнасці работы ўрада і Нацыянальнага банка». Расце вытворчасць па ВУП, працягвае павялічвацца экспарт. Збалансаваны знешні гандаль. Інфляцыя за 9 месяцаў склала 2,7%. «Гэта мінімальны паказчык за ўсю нашу суверэнную гісторыю Беларусі», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Крэдыты для рэальнага сектара эканомікі працягваюць таннець. У верасні сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах для юрыдычных асоб склала 12,3% гадавых (у пачатку года — 20,8%). Захоўваецца тэндэнцыя росту рублёвых дэпазітаў насельніцтва — прырост на 11,9% за 9 месяцаў. Станоўчыя тэндэнцыі ў астатніх галінах эканомікі таксама захоўваюцца. У прамысловай вытворчасці рост у 6,1%, у параўнанні з мінулым перыядам паказчык не змяніўся. Сельская гаспадарка спрацавала лепш, чым летась, на 1,7%. Тут важна замацаваць вынік і выйсці па годзе на мэтавую задачу ў 102,2%, лічыць прэм'ер. «Рэальная заработная плата за восем месяцаў перывысіла ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года на 3,2%», — паведаміў Андрэй Кабякоў.

Разам з тым узровень намінальнай заработнай платы ніжэйшы, чым прадугледжана планам-графікам па выхадзе да канца года на 1000 рублёў. За жнівень сярэдняя зарплата склала 844,4 рубля, згодна з графікам гэта павінна было быць 896 рублёў. Зарплаты ўжо выраслі ў бюджэтнікаў і ваенных, пытанне па нізкааплатных катэгорыях работнікаў бюджэтнай сферы будзе дадаткова разгледжана.

Але мэтавыя задачы выканалі не ўсе. Гэта датычыцца асобных сфер прамысловасці, а ў сельскай гаспадарцы  — абласцей: крыху недабралі Брэсцкая,  Гомельская і Мінская. Самае высокае невыкананне па секцыі будаўніцтва — яе ўплыў на ВУП -0,4%. А калі б гэты сектар працаваў на ўзроўні мінулага года, ВУП склаў бы 102,1%.

Акрамя таго, прэм'ер заклікаў актывізаваць будаўніцтва жылля з выкарыстаннем механізма субсідавання, актыўней ствараць новыя працоўныя месцы, а таксама хутчэй сабраць ураджай з палёў. «Стаўлю задачу: лён павінен быць сабраны да суботы 21 кастрычніка, да 31 кастрычніка з палёў павінна быць сабрана ўсё астатняе. Прашу губернатараў прыняць меры па пад'ёме зябліва. Араць трэба кругласутачна», — паставіў задачу кіраўнік урада.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пайсці ў рост

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.