Пакуль вы марыце пра тое, як правесці вечар пятніцы, і ў думках ужо знаходзіцеся не на працы, на «БелАЗе» спрабуюць прадаць тэхніку за крыптагрошы. Паводле інфармацыі, якую можна знайсці на афіцыйным сайце прадпрыемства, кампанія заўсёды стараецца ісці ў нагу з часам, а таксама рабіць сваю прадукцыю больш даступнай. Холдынг разглядае прапановы аб рэалізацыі прадукцыі за крыптавалюту з 11 па 30 студзеня.
Ну а пакуль «БелАЗ» разглядае магчымасці, адзін з найбуйнейшых сусветных рынкаў крыптавалют — Паўднёвая Карэя, плануе прыняць закон, які забараняе іх абарот на сваіх біржах. Пад раздачу патрапіць у тым ліку і самая дарагая крыпта — біткойн. Улады Паўднёвай Карэі занепакоеныя магчымым ухіленнем ад выплаты падаткаў і развіццём крыптавалютнай гульняманіі. На гэтым тыдні на некалькіх крыптавалютных біржах у Сеуле прайшлі праверкі падчас расследавання магчымага ўхілення ад выплаты падаткаў. Біткойн і іншыя віртуальныя грошы страцілі ў чацвер каля 10 % свайго кошту, прычым біткойн патаннеў да 13 тысяч долараў. Але, як кажуць эксперты, улічваючы нізкі ўзровень гандлю і досыць невялікую колькасць людзей, якія валодаюць віртуальнымі валютамі, рэзкія ваганні каціровак — нармальная справа.
На зніжэнне кошту біткойна, відаць, паўплываюць і планы Кітая аб абмежаванні «здабычы» крыптавалюты (майнінгу). На гэтую краіну сёння прыпадае каля 80 % сусветных магутнасцяў па «вытворчасці» самай дарагой крыптавалюты. Нядаўна міжведамасная група пад кіраўніцтвам Цэнтрабанка краіны выпусціла дырэктыву аб паступовым спыненні працы майнераў. У верасні рашэння Кітая ўжо паўплывалі на курс біткойна, калі выклікалі яго зніжэнне на дзве тысячы долараў.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?