Вы тут

Плануецца пашырыць ільготы для наймальнікаў


«Прафсаюзы актыўна працуюць над тым, каб уключаць добраахвотнае страхаванне дадатковай пенсіі ў калектыўныя дагаворы. Мы выпрацуем прапановы па дачы льгот і прэферэнцый прадпрыемствам, якія рэалізуюць падобныя праграмы», — заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл ОРДА.


За мінулы год у краіне заключана ў 1,6 раза больш дагавораў добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі, чым за 2016-ы. Але ў цэлым доля застрахаваных асоб складае менш за пяць працэнтаў занятага насельніцтва. Для параўнання, у ЗША і Японіі гэта лічба — 40 %, у Швецыі — 90 %, у Нідэрландах — 95 %.

Падчас анлайн-канферэнцыі БелТА прафсаюзны лідар закрануў і іншыя пытанні. Напрыклад, аб тым, што час дэкрэтнага водпуску маці з чатырма дзецьмі неабходна ўключаць у агульны працоўны стаж для налічэння пенсіі ў поўным аб'ёме. Цяпер такая норма дзейнічае ў адносінах да маці траіх дзяцей. Для тых, хто выхоўвае пяцярых і больш, прадугледжаны дадатковыя льготы. А для маці з чатырма дзецьмі ў агульны стаж ідзе толькі 75 працэнтаў усяго перыяду дэкрэтнага водпуску.

— Гэта няправільна, — мяркуе Міхаіл Орда. — Сям'я павінна атрымліваць і на чацвёртае дзіця агульны стаж. Мы ўносілі прапановы, яны былі падтрыманы Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Яшчэ адна ініцыятыва прафсаюзаў — пры істотным змяненні ўмоў працы ўстанаўліваць няпоўны працоўны дзень працягласцю не менш за палову звычайнага. Гэта выклікана праблемай схаванага скарачэння, калі асобныя наймальнікі, для таго каб зменшыць выплаты пры аптымізацыі штату, замест працэдуры скарачэння істотна змяняюць умовы. Напрыклад, устанаўліваюць працоўны дзень працягласцю адну-дзве гадзіны з адпаведнай аплатай. Міхаіл Орда ўспамінае выпадак, калі рэжым работы жанчыны быў з 12.00 да 13.30, з якіх паўгадзіны — абед.

— Гэта вымушае людзей спыніць працоўныя адносіны. У выніку чалавек атрымлівае выхадную дапамогу ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку, а не трохразовага сярэднямесячнага, як гэта прадугледжана пры скарачэнні, — звяртае ўвагу старшыня ФПБ. Ён настойвае, каб у выпадках, калі рэальна ёсць неабходнасць аптымізацыі штату, прымянялася выключна працэдура скарачэння.

Падчас анлайн-канфэрэнцыі Міхаіл Орда адзначыў таксама, што зніжаецца колькасць прадпрыемстваў, якія затрымліваюць выплату заробкаў. Калі на 1 сакавіка іх было 202, то на 1 красавіка — 165. А за год такіх арганізацый паменела на 20 працэнтаў. Але ёсць праблема выплаты заробкаў супрацоўнікам прадпрыемстваў, якія падпадаюць пад банкруцтва. Па словах старшыні ФПБ, праблему можна вырашыць стварэннем спецыяльных фондаў страхавання рызыкі нявыплаты заробку. Іх арганізуюць прадпрыемствы, якія тэарэтычна могуць трапіць у працэдуру банкруцтва.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Каб працаўнік адчуваў сябе ўпэўнена

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.