Першыя звесткі пра іх датуюцца VІ стагоддзем да нашай эры, калі прашчуры сучасных залатых рыбак сталі дамашнімі ўлюбёнцамі ў шляхетных кітайскіх сем'ях. Рыбкі чырвонага колеру былі настолькі ўшанаваныя, што іх нават змяшчалі на фамільных гербах.
1. Доўгі час кітайскім імператарам з розных дынастый удавалася ўтрымліваць свой жывы скарб у межах краіны, аднак у 1500-х гадах першыя залатыя рыбкі трапілі ў Карэю, Японію і Інданезію. А вось жыхары Еўропы доўгі час бачылі выявы рыбкі хіба на прывезеных гандлярамі з Усходу вазах, веерах ды куфэрках і лічылі малюнкі вялікавокіх вычварных стварэнняў такімі ж фантазіямі мастакоў, як і цмокі. Першым сярод еўрапейцаў, хто пацвердзіў сучаснікам існаванне гэткай каштоўнасці ў прыродзе, быў знакаміты венецыянскі вандроўнік Марка Пола.
2. Як высветлілі вучоныя-іхтыёлагі, продак залатой рыбкі — карась, аднак не звычайны, а кітайскі падвід сярэбранага карася, які любіць жыць у неглыбокіх, добра прагрэтых сонцам вадаёмах. А вось залаты карась, ён жа звычайны, не звязаны з залатымі рыбкамі ніякім сваяцтвам.
3. Пышнахвостыя прыгажуні, якіх прыносілі ў дар кіраўнікам замежных дзяржаў і шляхетным асобам, часта гінулі з-за няправільнага ўтрымання, напрыклад, замежнікі лічылі, што гэтыя фантастычныя істоты наогул не ядуць корму, а толькі п'юць ваду.
4. На сёння налічваецца каля 130 відаў і каляровых варыяцый залатой рыбкі, ад вогненна-чырвоных да стракатых і амаль празрыстых.
5. Адзіны спосаб вызначыць пол залатой рыбкі — дачакацца шлюбнага сезона і ўважліва сачыць за афарбоўкай і формай цела. На плаўніках і жабрах самцоў з'яўляюцца белыя наросты, а самкі з-за фарміравання ікры робяцца крыху асіметрычнымі. Дарэчы, падчас спароўвання залатыя рыбкі не любяць пабочных вачэй і чакаюць наступлення цемры і цішыні.
6. Залатыя рыбкі лічацца аднымі з самых пражэрлівых акварыумных жыхароў — яны будуць есці, пакуль ім даюць корм, і часта гінуць менавіта ў выніку пераядання.
7. У той жа час пры правільным падыходзе менавіта залатыя рыбкі — самыя ўдзячныя гадаванцы, якія жыва рэагуюць на догляд гаспадароў: ядуць з рук, дазваляюць сябе гладзіць і нават заплываюць на падстаўленую далонь.
8. Для гэтых рыбак патрэбны вялікія акварыумы, бо яны могуць вырастаць да вялікіх памераў — 30 сантыметраў у даўжыню з хвастом.
9. Залатыя рыбкі могуць жыць да васьмі-дзесяці гадоў, але ёсць і рэкардсмены, гаспадары якіх адзначалі 20-ці і нават 40-годдзе ўлюбёнцаў! Напрыклад, крыху больш як 10 гадоў таму вялікі ажыятаж у брытанскіх СМІ выклікала смерць ад старасці залатой рыбкі Голдзі, якую трымалі ў Дэвоне Том і Паліна Эванс. Як сцвярджалі ўладальнікі, Голдзі пражыў у іх больш як 45 гадоў! Але ў Кнігу рэкордаў Гінеса доўгажыхар не трапіў, бо ніхто не змог пацвердзіць ягоны ўзрост дакладнымі фактамі або дакументамі.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?