Вы тут

Хіты гурта АBBА сталі асновай сучаснага галівудскага мюзікла


Гэта было сярод цудоўных грэчаскіх пейзажаў. Маладая дзяўчына Сафі рыхтавалася да адкрыцця гатэля, над якім яна працавала ў памяць аб памерлай маці. Але тут здарылася страшнае: шторм зруйнаваў яе планы і свята аказалася пад пагрозай зрыву. На самай справе не — ні адзін сюжэтны паварот маляўнічага мюзікла «Мамма Міа! 2» рэжысёра Ола Паркера не аказваецца важным, а тым больш вырашальным. Драматургія тут носіць хутчэй умоўны характар, затое свабода, любоў і перапетыя хіты гурта АBBА выходзяць на першы план і нагадваюць гледачу пра неабходнасць свят.


«Mаmmа Mіа! 2», сіквел аднайменнага мюзікла 2008 года, між іншым, заняў адну з вядучых пазіцый у мінскім пракаце. Гэта працяг гісторыі, расказанай дзесяць гадоў таму, у якой Сафі (Аманда Сайфрэд) хоча запрасіць бацьку на сваё вяселле, але кандыдатамі на гэтую ролю аказваюцца адразу трое мужчын. Іх сыгралі Пірс Броснан, Колін Фёрт і Стэлан Скарсгард. А ў ролі маці Сафі Доны, мінулае якой становіцца галоўнай фішкай карціны, выступіла не хто іншая, як непараўнальная Мэрыл Стрып у камбінезоне. Цэлае галівудскае сузор'е як у першым, так і ў другім фільме іграе, спявае (што прыемна — песні не дублююцца, а суправаджаюцца субцітрамі) і сцвярджае каштоўнасць мар, сяброўства і сям'і.

Без падрыхтоўкі ў выглядзе прагляду першага фільма «Mаmmа Mіа! 2» здаецца драматургічна скупой, затое нанізвае адна на адну песні і сыпле жыццесцвярджальнымі банальнасцямі. Увогуле, карціна, якая акумулявала грэчаскую экзотыку, знакамітасцяў і папулярную музыку — усё перадалося ў спадчыну ад першага фільма, — належыць да самай нядоўгайграючай катэгорыі камерцыйнага кіно для разавага паходу ў кінатэатр.

Што і казаць, драматургія мюзікла закліканая не расказаць гісторыю, а стварыць максімум сітуацый, у якіх можна заспяваць песню, перадаць павярхоўныя драматычныя ці шчаслівыя павароты і натхніць гледача. Ніякіх прэтэнзій на іншыя ўзроўні або высокія катэгорыі, з пункту гледжання шырыні інтарэсаў «Mаmmа Mіа! 2» — самая зубаскрышальная рамантычная камедыя з эмоцыямі і пафасам, дзе няма сацыяльнага кантэксту, героі жывуць ва ўмовах абсалютнай фінансавай дастатковасці, сяброўства — вечнае, бацькі сыходзяць з важных сустрэч, таму што сям'я — гэта самае галоўнае ў свеце.

Між тым ёсць у карціне надзвычай важны элемент — адчуванне свята. Менавіта таго рытуальнага свята, закліканага падымаць абывацеля над штодзённай руцінай і ў добрым сэнсе адмяняць правілы. Апошняе, можна сказаць, звязанае са свабодай мыслення і талерантнасцю, да чаго схіляе сам сюжэт. У маладосці гераіня Мэрыл Стрып на сваім шляху на грэчаскі востраў мары сустракае траіх хлопцаў, і, хоць завязваць адносіны з новымі знаёмымі не ў яе правілах, яна паглыбляецца ў сваё цудоўнае падарожжа, вынікам якога становіцца дзяўчынка з трыма бацькамі.

Такое размыццё межаў паміж «прынятым» і «свабодным» і становіцца галоўным карнавальным складнікам карціны. Сам фільм дыялогамі сваёй гераіні апелюе да нормаў нейкага вонкавага свету, дзе бязладныя адносіны не ў пашане, але мы ж, маўляў, знаходзімся ў іншай сістэме каштоўнасцяў. А калі свабода ад умоўнасцяў стала асновай займальнай прыгоды і такога роду безацэначнага мюзікла, то фільм у сваю чаргу — увасабленнем свята.

Хэдлайнерамі гэтага мерапрыемства становяцца АBBА і Шэр. Пад песні АBBА ў карціну ўплятаюцца зноў жа свайго роду карнавальныя шэсці, дзе задзейнічаны вялікая колькасць масоўкі, сінхронныя рухі, танцы, весялосць і смех. Шэр жа з'яўляецца ў карціне ўласнай персонай: яна іграе бабулю Сафі і адпаведна маці Доны з Лас-Вегаса. Рубі прылятае на верталёце на адкрыццё гатэля і выконвае дзве песні як нечаканы сюрпрыз арганізатараў.

Карацей, шчасце, любоў, жыццесцвярджальны пошук сябе, мары, свабода мыслення — просценькі, зусім непатрабавальны сюжэт у суправаджэнні, можна сказаць, нагрувашчання песень і танцаў становяцца маленькім кінатэатральным карнавалам. Тым больш, калі асновай мюзікла становяцца незабыўныя хіты гурта АBBА, пэўную публіку ён можа прымусіць адчуць настальгію. Такім чынам, «Mаmmа Mіа! 2» здольна сабраць у кінатэатры гледачоў розных узростаў і інтарэсаў — цудоўна, калі як мага больш людзей успомняць, што ў жыцці так не хапае карнавалу.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Mаmmа Mіа!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.