Вы тут

Прафесару, беларускаму журналісту Івану Сачанку - 80!


На днях 80 гадоў споўнілася беларускаму журналісту, публіцысту, доктару гістарычных навук, прафесару, заснавальніку кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры журфака БДУ Івану Іванавічу Сачанка. Рэдакцыя газеты "Звязда" ад усяго сэрца віншуе Вас з юбілеем і жадае моцнага здароўя, радасці і бясконцага натхнення. Перадаем слова вучням і калегам прафесара:


Таццяна Дасаева, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры факультэта журналістыкі БДУ:

– Шаноўны Іван Іванавіч!

Вы прадстаўнік таленавітага роду. Ваш жыццёвы шлях у значнай ступені паўтарае лёс многіх нашых суайчыннікаў, якія нарадзіліся напярэдадні Другой сусветнай вайны. Вы – дзіця вайны, а калі казаць больш дакладна, малалетні вязень фашызму. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія акупанты вывезлі Вашу сям’ю ў Германію. 3 чэрвеня 1942-га па студзень 1945 года Вы знаходзіліся у канцэнтрацыйным лагеры Дахау.

Толькі моцны чалавек пасля жорсткіх выпрабаванняў на самым пачатку жыцця мог знайсці ў сабе сілы не зламацца, не спыніцца ў сваім развіцці, рушыць далей і дасягнуць такіх поспехаў, якіх дасягнулі Вы. Відаць, палеская зямля, на якой Вы нарадзіліся, надзяліла Вас трываласцю і жыццястойкасцю.

Пасля звароту  на Радзіму Вы закончылі сярэднюю школу, служылі ў Савецкай Арміі, вучыліся на адзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, працавалі рэдактарам у газеце “Беларускі ўніверсітэт”, закончылі аспірантуру, абаранілі кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, атрымалі званне прафесара.

Ваш лёс непарыўна звязаны з факультэтам журналістыкі БДУ як выкладчыка, навукоўца, кіраўніка. І кожны напрамак Вашай прафесійнай дзейнасці адметны, плённы. Вы стаялі ля вытокаў нараджэння айчыннай школы журналістаў-міжнароднікаў: у 1984 г. па Вашай ініцыятыве была створана кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры, а ў 1988 годзе – адкрыта спецыяльнасць “Журналістыка міжнародная”.

Доктар гістарычных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч БДУ, Вы з’яўляліся аўтарытэтным членам савета факультэта, савета па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, актыўна выступалі ў якасці эксперта, апанента і кіраўніка кандыдацкіх дысертацый. Вам належыць выключная роля ў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі: пад Вашым кіраўніцтвам абаронена 18 кандыдацкіх дысертацый, 16 з іх –грамадзянамі замежных дзяржаў. Вы аўтар шматлікіх навуковых манаграфій, брашур, артыкулаў, вучэбных дапаможнікаў.

Вашы лекцыі слухалі не толькі студэнты БДУ, але і Сафійскага ўніверсітэта, Свабоднага нямецкага ўніверсітэта, Кёльнскага каледжа кумунікацый. Вашы выхаванцы паспяхова працуюць у сродках масавай інфармацыі нашай краіны і далёка за яе межамі.

Мне пашчасціла працаваць з Вамі, быць Вашай пераемніцай. Я многаму навучылася ў Вас, бо Вы шчодра дзяліліся сваім прафесійным вопытам, жыццёвай мудрасцю, цеплынёй. За ўсё гэта я бясконца ўдзячная Вам!

Дарагі Іван Іванавіч! Вы шчаслівы чалавек, бо прысвяцілі сваё жыццё любімай справе, стварылі кафедру, сваю навуковую школу, заслужылі любоў і павагу студэнтаў і калег. У Вас дружная сям’я,  шмат сяброў і адзінадумцаў.

Сардэчна віншую Вас з 80-годдзем! Няхай не пакідаюць Вас адчуванне непаўторнасці і хараства жыцця і ўласцівы Вам аптымізм. Зычу Вам моцнага здароўя, светлых і радасных дзён на многія, многія гады!


Вольга Самусевіч, дэкан факультэта журналістыкі БДУ:

Іван Іванавіч – адзін з маіх самых любімых прафесароў журфака. Нягледзячы на тыя ваенныя жахі, якія давялося Івану Іванавічу перажыць у дзяцінстве, ён застаецца добразычлівым, вясёлым, шчырым чалавекам, з адметным пачуццём гумару.

Аўтарытэтны вучоны, цудоўны выкладчык, патрабавальны навуковы кіраўнік. Яго вучні ёсць у многіх кутках свету. Не раз я станавілася сведкай, як яны праз дзесяцігоддзі вярталіся на факультэт, каб выказаць сваю любоў, павагу і ўдзячнасць прафесару.


Таццяна Прановіч, старшы выкладчык:

– Івана Іванавіча Сачанку ведаю больш за 40 гадоў – спачатку глядзела на яго вачыма студэнткі, потым – выкладчыцы кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры. Прозвішча Сачанкі заўсёды выразна гучала на факультэце журналістыкі – Іван Іванавіч адпрацаваў тут амаль паўстагоддзя. Асабіста для мяне вельмі важна было тое, што ён з вялікага роду і з Вялікага Бору – гэтаксама як і мой бацька, пісьменнік Іван Чыгрынаў. Хай сабе іх родныя вёскі адна месцілася ў Касцюковіцкім, другая – у Хойніцкім раёне. У далёкія ўжо 70-80-ыя Іван Іванавіч займаў пасаду намесніка дэкана факультэта і быў вельмі папулярны сярод студэнтаў – умеў пачуць і ўбачыць, умеў зразумець. Выглядаў, як малады дуб з хойніцкага бору – прыгожы і моцны і адначасова добры, здольны быць патрабавальным і дасціпна пажартаваць. Адчула яго моц і дабрыню і калі стала працаваць на створанай Іванам Іванавічам кафедры. Памятаю першую сваю выкладчыцкую восень – калені трымцелі ад хвалявання, калі ўваходзіла ў студэнцкую аўдыторыю. І як зараз бачу хітравата-усмешлівыя вочы загадчыка кафедры, які ўсё абяцаў прыйсці да мяне на лекцыю – не, не сёння і не заўтра… А потым, калі акрыяю. Адчувала сябе абароненай,  як за мураванай сцяной.

Іван Іванавіч заўсёды ўмеў будаваць адносіны з людзьмі, а яшчэ збудаваў добрую сям’ю, добрую кафедру, добры дом. Здароўя Вам, моцы і добрага настрою, Іван Іванавіч!


Ягор Конеў, дацэнт кафедры міжнароднай журналістыкі, кандыдат філалагічных навук:

Шчыра віншую Івана Іванавіча Сачанку з 80-годдзем!  Зычу моцнага здароўя, плёну і дабрабыту! Ганаруся тым, што ў 1995-1998 гадах вучыўся ў аспірантуры і пісаў кандыдацкую дысертацыю пад навуковым кіраўніцтвам Івана Іванавіча, майго сапраўднага Настаўніка, мудрага чалавека з энцыклапедычнымі ведамі і добрым сэрцам. Шчаслівы тым, што 19 гадоў таму атрымаў запрашэнне Івана Іванавіча працаваць выкладчыкам на заснаванай ім кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры. Дзякуючы Івану Іванавічу я знайшоў сваё наканаванне, і многія гады ён служыў мне узорам якаснай прафесійнай дзейнасці. Хай жа Вам шанцуе і лёсіць, шаноўны Іван Іванавіч!


Аляксандр Градзюшка, дацэнт кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі, кандыдат філалагічных навук:

– Пад кіраўніцтвам прафесара Івана Сачанкі я датэрмінова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Удзячны яму за тую добрую параду, якую ён мне часта даваў: "Дзейнічай!". У жыцці заўсёды важна імкнуцца наперад, дасягаць новых мэтаў, быць аптымістам заўсёды і ўсюды. Гэта і хачу ў сваю чаргу пажадаць шаноўнаму Івану Іванавiчу. З юбiлеем, прафесар!


Алег Слука, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ:

– Прафесар Іван Іванавіч вельмі каштоўны чалавек, не толькі для журналісцкай адукацыі, а ўвогуле для развіцця журналістыкі Беларусі апошніх 50 гадоў. Іван Іванавіч быў адным з першых маладых навукоўцаў, якія распачыналі падрыхтоўку кадраў вышэйшай адукацыі на факультэце журналістыкі. Ён не только абараніў кандыдацкую дысертацыю, але і доктарскую дысертацыю адзін з першых маладых навукоўцаў.

Ён прыняў вельмі чынны ўдзел у падрыхтоўцы навукова-метадычных вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для падрыхтоўкі студэнтаў.

Акрамя таго, ён вельмі таленавіты чалавек як даследчык беларускай і міжнароднай журналістыкі. Фактычна ён арганізоўваў дзейнасць кафедры міжнароднай журналістыкі.

Таму трэба дзякаваць яму за тое, што ён зрабіў для тых, хто ідзе зараз ў жыццё з факультэта журналістыкі. Віншую!

Ганна ЮНЧЫЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.