Вы тут

Старты не за гарамі


Арганізатары Еўрапейскіх гульняў раяць не адкладваць набыццё квіткоў на апошні момант, а заняцца гэтым ужо сёння


Падрыхтоўка да ІІ Еўрапейскіх гульняў-2019 ідзе поўным ходам. Ужо 3 мая ў цэнтры Рыма стартуе эстафета “Полымя міру”, і 11 мая больш за 400 факеланосцаў перасякуць мяжу Беларусі. Гэта будзе галоўная мультыспартыўная падзея для ўсёй Еўропы. Па колькасці ўдзельнікаў і відах спорту яна пераўзыходзіць зімовую Алімпіяду: калі ў апошняй паўдзельнічала 2,5 тысячы спартсменаў у 17 дысцыплінах, то ў Еўрапейскіх гульнях у Мінску паспаборнічаюць 4 000 спартсменаў у 23 дысцыплінах. У праграму гульняў увайшлі 15 відаў спорту: бадмінтон, баскетбол 3Х3, бокс, барацьба (грэка-рымская, вольная, жаночая), веласіпедны спорт (трэк і шаша), гімнастыка (спартыўная, мастацкая, акрабатыка, аэробіка і скачкі на батуце), грэбля на байдарках і каноэ, дзюдо, каратэ, лёгкая атлетыка, самба, стральба з лука, стральба (кулявая і стэндавая), настольны тэніс і пляжны футбол. Пад іх у Мінску падрыхтавана 12 спартпляцовак. У 8 відах спорту, з 15 прадстаўленых у праграме Еўрапейскіх гульняў-2019, будзе праведзена афіцыйная кваліфікацыя на летнія Алімпійскія гульні Токіа-2020, а па такіх відах спорту, як бадмінтон, бокс і дзюдо, у рамках гульняў у Мінску адбудуцца чэмпіянаты Еўропы.

Зразумела: мерапрыемства такога маштабу выклікае непадробную цікавасць па ўсім свеце. І ўжо многія набылі квіткі. Сярод краін, жыхары якіх найбольш актыўныя ў гэтым, лідзіруе Беларусь, як гаспадыня гульняў, на другім месцы — Расія, далей — Германія, Ірландыя, Літва, Польшча. Наогул, квіткі на гульні добра прадаюцца ў 28 краінах. Усяго рэалізавана іх больш за 20 тысяч. Пра тое расказаў журналістам начальнік упраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду “ІІ Еўрапейскія гульні-2019” Максім Кашкалда на нядаўняй сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Самымі папулярнымі спартыўнымі сесіямі сярод запланаваных 120-ці стануць, зразумела, цырымоніі адкрыцця й закрыцця Гульняў. На іх рэалізавана больш за 25% квіткоў, свабодных для продажу. Чакаецца, што сярод папулярных будуць і лёгкая атлетыка, мастацкая гімнастыка й акрабатыка, пляжны футбол і каратэ. На гэтыя сесіі прададзена квіткоў больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці.

Пачаў адчувацца павышаны попыт на арэны з невялікай умяшчальнасцю. Таму на некаторыя віды спорту збіраюцца прадаваць квіткі на стаялыя месцы. Найперш тое датычыцца спаборніцтваў па стэндавай і кулявой стральбе. Паколькі на шасейную велагонку рэалізавана каля 50% ад агульнай колькасці квіткоў, намерваюцца расшырыць зону заўзятараў на стартавай і фінішнай лініях.

Безбар’ернае асяроддзе — таксама тое, за што выступае дырэкцыя Гульняў. Больш за 3 тысячы квіткоў на сённяшні дзень зарэзервавана для маларухомай групы насельніцтва.

Агульная колькасць даступных пасадкавых месцаў складае цяпер 381 тысячу. Але ў залежнасці ад попыту на квіткі яна можа быць павялічана да 535 тысяч. Кошт білетаў на спарт-сесіі для грамадзян Еўропы: ад 2 да 20 еўра.

Першы этап продажу квіткоў стартаваў 1 снежня, другі пачнецца ў сакавіку, трэці — у маі. Афіцыйным аператарам па іх распаўсюджванні прызнана таварыства “Тикетпро”. Любы жыхар любой краіны можа набыць квіткі анлайн. Яны распаўсюджваюцца й праз беларускага тураператара “Цэнтркурорт” і афіцыйнага турагента “Вокруг света”.

Хоць гульні будуць трансляваць у 120 краінах, арганізатары ўсё ж раяць стаць заўзятарамі непасрэдна на спартпляцоўках. Выкарыстанне навейшых тэхналогій пад час цырымоній адкрыцця й закрыцця, у тым ліку тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, каляровых і праекцыйных эфектаў ды многіх элементаў, якія не даступныя для паказу па тэлебачанні, зробяць знаходжанне гледачоў непасрэдна на арэнах незабыўным.

Для гасцей Мінска пад час Еўрагульняў запрацуюць 4 фанзоны: каля Палаца спорту, комплексаў “Мінск-Арэна” і “Чыжоўка-Арэна”, стадыёна “Дынама”. Там будзе наладжаны гандаль стравамі беларускай нацыянальнай кухні й сувенірамі.

Ганна Лагун

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.