Вы тут

Эстафета дабрыні


Выстава “Свет маімі вачыма” ладзілася ў Нацыянальным гістарычным музеі па выніках Усебеларускага конкурсу для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасцю


Дарослыя дапамагаюць юным талентам раскрыцца, нібы кветкам

Любоў і міласэрнасць альбо жорсткая, бязлітасная сіла — больш выйгрышная стратэгія ў жыццёвым змаганні? Пра тое мы разважаем у пару, калі хрысціяне святкуюць Уваскрасенне Хрыстова. На гэты конт, кажуць, разважаў таксама імператар Напалеон Банапарт. Ён жа й прызнаў, што многія вялізныя імперыі, якія распаліся, ствараліся на аснове насілля. А Ісус Хрыстос заснаваў сваю імперыю — на любові. Якраз апошняя, робім выснову, і аказалася больш моцнаю ў часе й прасторы.

Магчыма, “сілаю дабрыні” толькі й можна перамагчы там, дзе агрубляюцца норавы й пачуцці, “глабалізуецца” жыццё, пануе грубая сіла. Бо заўсёды ёсць побач з намі тыя, хто ў сілу розных абставінаў “стартуе” ў жыццё не як усе. І якраз ім працягнуў руку дапамогі Беларускі дзіцячы фонд: у плыні праграмы “Юныя таленты” аб’явіў Усебеларускі конкурс выяўленчага мастацтва “Свет маімі вачыма”. Паўдзельнічаць у ім змаглі дзеці 10–18 гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў ці маюць абмежаваныя фізічныя магчымасці. Адна з суарганізатарак і натхняльніц конкурсу — мастачка Надзя Бука.

Як праходзіў конкурс і які грамадска важны эфект маюць ягоныя вынікі — пра тое мы гутарым з Юліяй Капцэвіч, каардынатаркай праектаў Беларускага дзіцячага фонду.

— Спадарыня Юлія, 9 красавіка ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава “Свет маімі вачыма” па выніках конкурсу. Чые творы былі прадстаўлены?

— Мы адабралі 40 работ дзяцей-пераможцаў конкурсу і тых дзяцей, якія атрымалі асабістыя заахвочванні ад членаў журы. Запрасілі ўсіх на вернісаж, а таксама іх педагогаў, бацькоў. Конкурс, нагадаю, праходзіў са снежня 2018‑га па сакавік 2019 года ў дзвюх намінацыях: жывапіс і графіка. Паўдзельнічала каля 500 дзяцей з усіх рэгіёнаў Беларусі, а журы вызначыла 19 пераможцаў. Усе дзеці атрымалі дыпломы, і ў якасці падарунка — мастацкія прыналежнасці для творчасці. І яшчэ 21 юны мастак быў адзначаны памятным падарункам асабіста ад кожнага члена журы.

— А хто ацэньваў творы?

— У складзе журы — вядомыя мастакі, мастацтвазнаўцы, блогеры. Надзя Бука, старшыня журы: яна мастачка, ілюстратар, выкладчыца, куратар арт-праектаў. Васіль Сумараў — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі “Сябар дзяцей” нашага Фонду. Павел Сапоцька — дырэктар Гістарычнага музея. І яшчэ два мастакі: Наталля Марчанка і Павел Хадаровіч. Плюс журналістка, блогер Ася Паплаўская.

На прэзентацыі выставы дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан падзякаваў ім за працу. І ад імя гэтых спецыялістаў, партнёраў выказваў надзею, што конкурс, высокая ацэнка членаў журы для тых, чые работы прадставілі ў музеі, стане й прыступкай да новых дасягненняў, і падставай яшчэ больш паверыць у сябе, свае здольнасці. А Надзя Бука падзялілася думкай, што творчыя іспыты дапамагаюць раскрыць не толькі ўнутраны свет дзіцяці, але й яго патэнцыял. І дарослым варта не ўпусціць час, дапамагчы юным талентам раскрыцца, падобна кветцы. Мы ўсе згодныя з Надзяй: такі конкурс вельмі важны й патрэбны, ён дае дзецям магчымасць для самарэалізацыі. А мы, арганізатары й гледачы, можам дзякуючы конкурсу паглядзець на свет вачыма дзіцяці, якое жыве марай.

— Акрамя дыпломаў і падарункаў, здаецца, яшчэ нешта ўдзельнікам выставы ўручалі?

— Кожны атрымаў і каталог выставы, у якім знойдзе й сваю работу. Да таго ж у дзень свайго трыумфу дзеці змаглі пагутарыць з арганізатарамі конкурсу, мастакамі, журналістамі. Пачулі словы падтрымкі, веры ў іх талент. Мы ўдзячныя партнёрам праграмы “Юныя таленты” (якой, дарэчы, 30 гадоў). Імі сёлета выступілі кампанія “Мастеркард” і “БПС-Ашчадбанк”, і гэта была першая імпрэза‑2019 у плыні праграмы. Будуць яшчэ конкурсы, канцэрты, выставы з удзелам дзяцей з няпростымі лёсамі. Спонсарскую дапамогу аказалі таварыства “Дельтаспортсервис” і прадпрыемства “Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь”. Выстава два тыдні працавала ў музеі, наведалі яе многія мінчане й госці сталіцы.

— Каго асабіста вы, спадарыня, адкрылі для сябе ў часе конкурсу?

— Конкурс “Свет маімі вачыма” — гэта не толькі пра творчасць, але й пра людзей, лёсы. У ліку пераможцаў і прызёраў былі трое дзяцей з Бабруйска, у іх у анкетах значыцца Кацярына Сяргееўна Віткоўская, малады педагог з тамтэйшага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яна ўкладвае душу ў справу, прыводзіць да перамог вучняў і на заняткі да яе бягуць з радасцю. А для Фонду — вялікая радасць даведацца пра поспехі Кацярыны. Бо яна ўдзельнічала ў праграме “Юныя таленты”, у выставах і фэстах, якія ладзіць Фонд, лаўрэат стыпендыі “Мы верым у цябе!” Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў і БДФ. У 2015‑м Фонд у плыні праекта “Першая афіша” адкрыў яе першую персанальную выставу ў Музеі гісторыі горада Мінска. Лёс жа Кацярыны такі: з 8 гадоў выхоўвалася ў дзіцячым доме сямейнага тыпу — у сям’і Людмілы і Юрыя Рубанаў у Бабруйску. З маленства жаданне маляваць, выяўляць эмоцыі, настрой фарбамі дапамаглі ёй на жыццёвай дарозе. І вось — дапамагае іншым дзецям з няпростымі лёсамі паверыць у сябе.

— Сапраўды, здорава гэта — калі эстафета дабрыні прадаўжаецца…

— А вось яшчэ гісторыя. Кіраўніца гуртка прынесла нам работы вучняў. І было бачна: ганарыцца іх поспехамі, хвалюецца, жадае ім перамогі. Гаварылі пра дзяцей, творы. На адной карціне на моры караблік, ветразь... Яркая, жыццярадасная карціна. І гэта — першая перамога хлопчыка над хваробай. У яго ручка не можа трымаць у руках пэндзлік, дык ён злаваўся, кідаў заняткі. А кіраўніца прапанавала пэндзлік трымаць не пальцамі: проста рукамі. Атрымалася, і прыгожа, таленавіта. Твор не дацягнуў да прызавога месца, ды сімвалізуе перамогу над сабой. Яшчэ на цырымоніі ўзнагароджання, бачу, дзяўчынка прыціскае да сябе дыплом, усміхаецца шырока — проста ззяе. І я заўважаю: праблемы ў яе з рукамі. Спачатку — здзіўленне: як спраўляецца? Потым разумею, што гэта яе вядзе сэрца, і талент дае магчымасць увасобіць вобразы на паперы. І ў такой творчасці шмат радасці. Згадала, як прыёмная мама казала па тэлефоне: “Дзяўчынку нам паслала Неба. Мы прыйшлі ў жыццё, каб падтрымліваць адзін аднаго, любіць, адраджацца ад болю й няшчасцяў. Я страціла дачку, а цяпер сваю любоў магу дарыць таленавітаму й жыццярадаснаму чалавеку, у якога з’явілася надзейная сям’я”. Кожны конкурс, выстава, канцэрт, якія праводзіць БДФ — гэта нечая вялікая перамога над сваімі сумненнямі, новая прыступка на шляху, падстава больш паверыць у сябе. І нам хочацца, каб у кожнага дзіцяці заставалася ў сэрцы радасць: ад выставы, ад пахвалы, ад веры ў яго талент.

— Няхай і вашая, вашых калег, валанцёраў з Фонду высакародная праца тым святлом асвячаецца.

Гутарыў Іван Іванаў

Нумар у ПДФ-фармаце

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.