Вы тут

40 гадоў таму выйшла стужка «Трое у лодцы»


Трое халасцякоў, якія стаміліся ад бяздзейнасці і знайшлі кожны ў сябе «страшныя» хваробы, вырашылі паправіць здароўе — у падарожжы па Тэмзе ў кампаніі адных мужчын, уключна з фокстэр'ерам Манмарэнсі. Відаць, Бог моцна смяяўся з гэтых планаў, бо падкінуў сябрам сустрэчу з трыма чароўнымі лэдзі, якія гэтаксама планавалі самастойны сплаў, а ніяк не рамантычныя стасункі з незнаёмцамі...


40 гадоў таму на экраны выйшла дзвюхсерыйная музычная камедыя рэжысёра Навума Бірмана пра траіх у лодцы і сабаку. І, нягледзячы на тое, што ў 1979-м савецкая кінавытворчасць выпусціла амаль 200 фільмаў, гэты не згубіўся ў вялікім шэрагу і ўвайшоў у залаты фонд савецкай камедыі.

Згадаць пра «Траіх у лодцы» (і паглядзець фільм 20 ліпеня на АНТ) менавіта цяпер ёсць і яшчэ адна нагода — блізкі 85-гадовы юбілей акцёра Аляксандра Шырвінта. Ягоная роля сэра Самуэля Харыса, каларытнага філосафа з трубкай, заўзятага рыбака і непераўзыдзенага выканаўцы камічных куплетаў, стала адной з самых любімых у гледачоў. Хоць, безумоўна, поспех забяспечыла ўсё трыа галоўных герояў: і Міхаіл Дзяржавін — Джордж, і Андрэй Міронаў, які сыграў у камедыі ажно шэсць роляў — ад аўтара, Джэрома Клапкі Джэрома, да карчмара і наведвальніка карчмы адначасова!

Дарэчы, праз шчыльны графік Андрэя Міронава, распісаны практычна на год наперад, усе натурныя здымкі ўдарнымі тэмпамі прайшлі за месяц. Узбярэжжа Тэмзы знялі ў Калінінградскай вобласці, а для масоўкі запрашалі не толькі ўсіх ахвотных месцічаў, але і саму здымачную групу — асістэнтаў, тэхнікаў, гукарэжысёраў, нават жонку і сына рэжысёра, якія прыехалі ў госці.

Калі істотна пахаладала, і сядзець на лодцы ў лёгкіх купальных касцюмах было ўжо, мякка кажучы, нясоладка, акцёры знайшлі выйсце: у некаторыя грэлкі, якія незаўважна падкладвалі пад пледы дзяжурныя вадалазы, налівалі зусім не кіпень, а каньяк ці літоўскую гарэлку. Але ніводнага разу ніхто не напіўся і здымак не сарваў.

Буйныя планы ў эпізодзе з сомам рабілі з бутафорскім паралонавым макетам, а калі ад многіх дубляў той патрапаўся, то карысталіся кавалкам звычайнага бервяна.

А вось вядомая сцэна жывой піраміды ў шлюзе — не шматлікія паўторы з дублёрамі, а экспромт акцёраў: Міронаў незаўважна паказытаў Дзяржавіна, той таргануўся, і ў выніку ўсе трое пападалі ў ваду...

Што да здымак павільённых, то пільныя гледачы ўжо ведаюць, што камін і паласатыя крэслы «Траіх у лодцы» тыя ж самыя, што ў «Шэрлаку Холмсе» — і не дзіва, бо абодва фільмы здымала студыя «Ленфільм», прычым у адзін год.

Ёсць у фільме і беларускі след — «ролю Тэмзы выканаў бацька-Нёман. Мілая Патрысія — актрыса Ірына Мазуркевіч — наша зямлячка, ураджэнка Мазыра. Дарэчы, у адрозненне ад масквічак Аліны Пакроўскай і Ларысы Галубкінай, яна адна насамрэч умела веславаць, а таму ў фільме толькі яе мы і бачым за гэтай справай.

...Пасля выхаду карціны крытыкі разрадзіліся хто халоднымі, а хто і гнеўнымі рэцэнзіямі: маўляў, ад арыгінальнай аповесці ў фільме не засталося нічога, нейкія пошлыя песенькі, капуснік і пародыя на англійскі гумар. Аднак публіка вырашыла інакш — тэлебачанне завалілі пісьмамі з просьбай паўтарыць фільм, і ў першы ж год яго паказалі некалькі разоў.

Сказана!

  • Мяркуючы па вашых крыважэрных позірках, сябры мае, вы яшчэ недастаткова растварыліся ў прыродзе...
  • Лабірынт не месца для спатканняў, гэта месца для вострых адчування
  •  — Вось патэльня. Чаму яна са струнамі? — Гэта вельмі модна.
  • Сэр, перастаньце мяне грызці!
  • Галодны, але цяжкі.
  • У сад, усе ў сад!
  • Ну, ты, чучала, не кранай чучала!
  • Гэта і ёсць камічныя куплеты...

Загаловак у газеце: «На Тэмзе туман!»

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Колер настрою — чырвона-зялёны

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.