Дзе б ні жылі беларусы — яны з вялікай пашанаю, беражліва ставяцца да традыцый продкаў, і асабліва Купальскіх
З розных куткоў Літвы 6 ліпеня ў маляўнічую мясціну пры возеры Вілкокшніс, што пад горадам Тракаем, з’ехаліся сябры Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы, дыпламаты Амбасады Беларусі ў Літве ды шмат розных гасцей. А сабраліся мы разам — каб ужо ў 22-і раз адсвяткаваць там старажытнае й магічнае свята “Купалле”. (Варта ўзгадаць, што й мясціны ў ваколіцах Тракая — знакамітыя, маюць дачыненне да старабеларускай гісторыі. Да 1940 года Тракай называлі Трокі, ці Новыя Трокі — у адрозненне ад Старых Трокаў (сучасны Сянейі-Тракай), што за 4 км на паўднёвы ўсход. Старыя Трокі заснаваў вялікі князь літоўскі Гедымін у канцы XІІІ стагоддзя, і з 1316 па 1323 год былі яны сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Паводле падання, Гедымін пасля паспяховага палявання пабачыў у лесе зручны пагорак ды загадаў пабудаваць там замак і перанесці туды сталіцу з Кернавы (літ. Kernave). Пазней там правіў сын Гедыміна Кейстут, які й перанёс сталіцу (1375) у абароненыя возерам Новыя Трокі. А там Астраўны замак узвялі ў 1409-м, і ён быў адным з самых непрыступных ва Усходняй Еўропе. Вядомы як асноўная рэзідэнцыя вялікага князя Вітаўта: там збіраў ён войскі й на знакамітую Грунвальдскую бітву 1410 года. — Рэд.).
Нас вітаў Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Беларусі ў Літве Валеры Бараноўскі, звярнулася да ўдзельнікаў свята з вітаннем супрацоўніца Рэспубліканскага Цэнтра нацыянальных культур з Мінска Алена Госцева. Аўтары сцэнара й вядучыя свята Вольга й Сяргей Шабадалавы зладзілі святочную імпрэзу такім чынам, каб не было на Купаллі гледачоў і артыстаў. Кожнаму з купальцаў знайшлося месца ў гульнях і карагодах. І мастацкія гурты беларускіх суполак паказвалі майстэрства. Напярэдадні Янава дня (бо і ў песнях спяваюць: “Сёння Купала, а заўтра Ян”) віншавалі ўсіх купальцаў-Іванаў. Па ходзе святочнае дзеі дзяўчаты пускалі на ваду свае вяночкі, сплеценыя з лясных і палявых кветак.
А потым расцвіло, асвяціла наваколле й нашыя душы Купальскае вогнішча. Вакол яго амаль сто купальцаў павялі карагоды. Напрыканцы свята пашанцавала нам знайсці чароўную Папараць-кветку, і яна была ўручана старшыні Згуртавання Мікалаю Логвіну. Гэты руплівец усім дзякаваў за прыгожае й дружнае, сапраўды беларускае свята: бо яно ж цалкам прайшло на беларускай мове! Пасля заходу Купальскага Сонца свята завяршылася скокамі праз вогнішча, купаннем у возеры й святочным салютам.
Вельмі прыемна, што, як і заўсёды, Купалле беларускае пад Тракаем падтрымалі Дэпартамент нацыянальных меншасцяў Літвы, Амбасада Беларусі ў Літве, прадпрыемства “Alvora”. Усім дабрадзеям актывісты Згуртавання беларускіх арганізацый Літвы выказваюць сардэчную, шчырую падзяку.
А мы ўжо распачынаем падрыхтоўку да новага праекта — правядзення Свята беларускай песні. Яно пройдзе ў канцы верасня ў горадзе Шальчынінкай, дзе беларусы Літвы ізноў збяруцца ўсе разам. Усіх, хто любіць родную песню, — запрашаем да нас на свята!
Вольга Відзовіч, Літва
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».