Вы тут

Так сэрца беларускае пяе


Сем творчых калектываў і чатыры салісты з розных гарадоў Літвы, Латвіі ды Беларусі паўдзельнічалі ў ХХІІІ міжнародным фэсце беларускай песні. Ён прайшоў у горадзе Шальчынінкай напрыканцы верасня.


Традыцыйна ўжо ладзіла песенны фэст Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы на чале з Мікалаем Логвіным. Як заўсёды імпрэзе дапамаглі адбыцца Дэпартамент нацменшасцяў Літвы й Амбасада Беларусі ў Літве — за тое ім наша вялікая падзяка. Нагадаем, спеўны фэст кожны год праходзіць у розных гарадах Літвы, дзе працуюць беларускія суполкі, а гэта Вільнюс, Клайпеда, Панявежыс, Шальчынінкай, Шаўляй, Друскенінкай, Вісагінас.

Пачалося беларускае свята з выставы карцін “Скарбы роднага краю” мастакоў з города Ліды: Віктара, Таццяны і Вольгі Лук’ян. Адкрывала выставу дарадца па культуры Амбасады Беларусі ў Літве Ірына Зубко. Яна ж падаравала кнігі беларускіх аўтараў бібліятэцы шальчынінкайскага Палаца культуры. Да фэстаўцаў з вітальным словам звярнуліся старшыня Рады Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Мікалай Логвін, дырэктарка Шальчынінкайскага палаца культуры Гражына Забарускайтэ ды гаспадыня свята Рэгіна Дзьмухоўская — кіраўніца беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Раніца” Шальчынінкая.

Пачаўся фестывальны канцэрт песняй “Ода Беларусі” (верш Станіслава Валодзькі, музыка Сяргея Ціханава), якую выканаў вядучы праграмы Сяргей Шабадалаў, ды вершам Пімена Панчанкі “Родная мова”. Такім чынам беларусы Літвы павагу выказалі да спрадвечных сімвалаў духоўнага жыцця — слова й песні, сваю любоў да Бацькаўшчыны. Гледачоў і ўдзельнікаў канцэрта віталі ганаровыя госці: Амбасадар Беларусі ў Літве Валеры Бараноўскі, віцэ-мэр Шальчынінкая Беата Пяткевіч, дырэктар Цэнтра беларускай культуры ў Даўгаўпілсе Жанна Раманоўская. На свяце былі й дарадца-пасланнік Пасольства Расіі ў Літве Сяргей Рабаконь, Ганаровы консул Казахстана ў Літве Ёнас Ягмінас, старшыні беларускіх суполак Літвы Алег Давідзюк, Іван Саковіч, Валянцін Стэх.

У фэстывалі паўдзельнічалі беларускія вакальныя гурты: “Сузор’е” і “Світанак” з Вісагінаса (імі кіруюць адпаведна Ніна Мельнікава і Алена Пішчыкене), “Раніца” з Шальчынінкая (кір. Францішак Міцкялевіч), “Купалінка” з Клайпеды (кір. Валянціна Снігур), сямейны дуэт “Зарніца” Юліі ды Анатоля Пакала з Шаўляя, салісты Валянціна Снігур, Андрусь Старавойтаў (Вільнюс), Сяргей Шабадалаў (Вісагінас). Свой верш “Да Беларусі”, а таксама пераклад літоўскай народнай песні “Як многа песень…” прачытаў сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька. Упрыгожыла свята й выступленне Алісы Хмыль, юнай спявачкі 10‑й музычнай школы Мінска.

Ганаровымі гасцямі фэсту былі гурт “Пралескі” з Даўгаўпілса (кір. Анастасія Лукашонак) і заслужаны аматарскі калектыў Беларусі, народны ансамбль песні й танца “Пінская шляхта” (кір. Валеры Жыльцоў). Дзякуючы такой багатай колькасці ўдзельнікаў святочны канцэрт складаўся з двух аддзяленняў.

На фэсце прагучаў шэраг беларускіх народных і аўтарскіх песень, якія цёпла сустракалі гледачы, падпявалі ды й прытанцоўвалі. Вядзенне святочнай праграмы эмацыйна, з майстарскім чытаннем урыўкаў вершаў ды тонкім гумарам ішло выключна на беларускай мове. А закончыўся канцэрт традыцыйным сумесным выкананнем гімна Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы “Беларускі дом” (верш Станіслава Валодзькі, музыка Аляксандра Рудзя). Старшыня Рады Згуртавання Мікалай Логвін уручыў падзякі, сувеніры з сімволікай фестывалю ўсім удзельнікам свята. Сам жа Мікалай Логвін быў на фэсце ўзнагароджаны медалём “100 гадоў дыпламатычнай службы Беларусі”, а Рэгіна Дзьмухоўская — падзякай Міністэрства спорту й турызму Беларусі.

Вольга Відзовіч, г. Вісагінас, Літва

Фота Алены ЗАБЕЛЬСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.