Вы тут

Добра дома павучыцца


У чарговы раз кіраўнікі замежных беларускіх аматарскіх калектываў замежжа мелі магчымасць прайсці творчую стажыроўку ў Беларусі


Фота на памяць у Музеі народнай архітэктуры і побыт

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур ладзіць такія стажыроўкі на базе арганізацый культуры, устаноў адукацыі ў сферы культуры, прафесійных калектываў мастацкай самадзейнасці краіны ў адпаведнасці з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі”. Курсы, як іх яшчэ называюць, займелі немалую папулярнасць сярод беларусаў замежжа, і загадзя на іх падаюцца заяўкі. У кастрычніку РЦНК праводзіў другую ўжо сёлета стажыроўку, першая ж была ў красавіку. (Пра тое мы пісалі: “З родных крыніц” — ГР, 26.04. 2019. — Рэд.).

Амаль тыднёвай была праграма творчай стажыроўкі. У першы ж дзень практычныя заняткі прайшлі па цымбалах — у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы й балета Беларусі. Там жа для гасцей–“курсантаў” спяваў Нацыянальны акадэмічны хор Беларусі імя Генадзя Цітовіча (вядомы калектыў арандуе памяшканні ў тэатры). Сам знакаміты маэстра Міхаіл Дрынеўскі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор хора, даваў майстар-клас харавых спеваў для супляменнікаў з замежжа.

Адметнасцю кастрычніцкай стажыроўкі стаў Міжнародны семінар “Прэзентацыя беларускай нацыянальнай культуры ў краінах замежжа”, які ладзіўся ўпершыню. Ён прайшоў у Беларускім дзяржуніверсітэце культуры й мастацтваў. Секцыямі семінара кіравалі выкладчыкі ўніверсітэта: дзяліліся з замежнікамі багатым досведам у галіне народнай культуры, дэманстравалі здольнасці студэнтаў.

Секцыю “Музычную”, напрыклад, вяла загадчыца кафедры народна-інструментальнай творчасці БДУКіМ, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Вольга Нямцова. Яна дэманстравала гасцям відэафільм з эксперыментальнымі канцэртамі, на якіх музыка ў выкананні аркестра народных інструментаў перамяжоўвалася з тэатральнымі сцэнкамі, а студэнты-музыкі саліравалі, спалучаючы, здавалася б, несумяшчальныя музінструменты. Перад гасцямі выступіў і загадчык кафедры беларускай народнапесеннай творчасці БДУКіМ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Віктар Валатковіч.

Стажоры на музейным занятку “Беларускі лён”

Секцыя “Вакальная” стала самай шматлюднай і гучнай: спевакоў было чуваць яшчэ пры ўваходзе ва ўніверсітэт.

На “Харэаграфічнай” стажоры танцавалі разам са студэнтамі. А ў канцы семінара быў круглы стол: далучыліся й калегі з розных гарадоў краіны, ішла зацікаўленая размова пра поспехі, праблемы творчых калектываў як з Беларусі, так і беларускіх у замежжы. А колькі каштоўных кантактаў пры тым завязалася!

Калі ў маі стажоры ездзілі ў Лагойскі раён, каб паглядзець тамтэйшае культурнае жыццё, то ў кастрычніку замежнікаў чакаў Валожынскі. Госці пабывалі на экскурсіі ў аграгарадку Ракаў, наведалі там Ракаўскі цэнтр народнай творчасці. Яго дырэктарка, народны майстар Хрысціна Лямбовіч, правяла майстар-клас па ткацтве пояса “на ніту”. Патрапілі кіраўнікі творчых гуртоў з замежжа й на практычныя заняткі да мастацкай кіраўніцы ансамбля “Гасцінец” Лізаветы Пятроўскай. У Івянцы ж, даўно вядомым сваімі ганчарамі, госці самі рабілі пад кіраўніцтвам мясцовых майстроў цацкі з гліны, з тканіны, працавалі на ганчарным крузе, гатавалі беларускія нацыянальныя стравы і, вядома ж, іх дэгуставалі.

Метадычныя асаблівасці работы з дзіцячымі харэаграфічным і вакальным калектывамі стажоры спасцігалі ўжо ў Мінску — тое было ў 4‑й гімназіі ды Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”.

Многім гасцям прыйшлася даспадобы й паездка ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту — гэта ў Азярцы, непадалёк ад Мінскай кальцавой аўтадарогі, паблізу мікрараёна Паўднёвы Захад. Там кожны мог сфатаграфавацца на памяць каля беларускай хаты, агледзець унікальныя экспазіцыі этнаграфічных прадметаў, што прадстаўлены ўнутры будынкаў.

Усіх практычных, лекцыйных заняткаў і майстар-класаў, а таксама сустрэч і паходаў па музеях не пералічыць. Падабраны ж яны былі руплівымі арганізатарамі так, каб заахвоціць гасцей з яшчэ большым імпэтам працаваць на карысць беларускай культуры ў замежных краінах. Напрыканцы курсаў стажорам з Латвіі, Літвы, Польшы, Расіі, Эстоніі, Украіны былі ўручаны адпаведныя сертыфікаты.

Ганна Лагун

Фота аўтара


Насычаная, цікавая, плённая — такою была наша стажыроўка

Людміла Дзёміна ўзнагароджана медалём

Стажыроўка ў Мінску для кіраўнікоў беларускіх арганізацый і кіраўнікоў творчых калектываў беларусаў замежжа — надзвычай важная справа. Вядома ж, удалечыні ад Бацькаўшчыны мы застаемся беларусамі, аднак патрэбна й такая падпітка “родным духам”. На гэты раз прыехалі на курсы творчыя людзі з Крыма, Калінінграда, Новасібірска, Іркуцка, Масквы, Таганрога, Польшчы, Прыбалтыкі. З Тальяці былі мы з Інэсай Лопаравай, хармайстрам народнага ансамбля беларускай песні “Купалінка”.

Сабралася дружная каманда творчых людзей. Нам цікава было разам. А якую разнастайную, насычаную праграму прапанавалі арганізатары! Мне, напрыклад, было цікава знаёміцца з беларускай батлейкай — лялечным тэатрам. Пра батлейку шмат расказваў ды паказваў прадстаўленне Алесь Лозка, начальнік аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Яркія ўражанні засталіся ад сустрэч з галоўным дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі Міхаілам Дрынеўскім ды ягоным калектывам, са студэнтамі Беларускага інстытута культуры й мастацтваў. Помніцца, як наведвалі Нацыянальную бібліятэку, велічны Храм Усіх Святых.

Кранула мяне й тое, што якраз у часе стажыроўкі ва ўрачыстай абстаноўцы мне ўручылі медаль Міністэрства замежных спраў “100 гадоў дыпламатычнай службе Беларусі”. Вельмі прыемна, што нашы справы, як актыўных прадстаўнікоў народнай дыпламатыі, Бацькаўшчына высока цэніць.

У часе стажыроўкі працавалі секцыі па напрамках, мы прэзентавалі працу сваіх суполак, творчых калектываў. Я распавяла, як жывуць тальяцінская аўтаномія “Нёман”, ансамбль беларускай песні “Купалінка”, дзіцячы ансамбль “Зорачкі”. Мне спадабалася, што арганізавалі нам паездку ў Валожынскі раён, і было знаёмства з народным ансамблем “Гасцінец”, экскурсія ў аграгарадок Ракаў. Мы вучыліся там рабіць цацкі з гліны, а таксама лялькі-абярэгі. Запомніліся сустрэчы ў 4‑й мінскай гімназіі, дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску, створаны творчыя калектывы: хор, харэаграфічны ансамбль. Запомнілася паездка ў Музей народнай архітэктуры й побыту, музейна-гістарычныя заняткі “Беларускі лён”. А перад ад’ездам нам удалося трапіць на оперу “Тоска” ў Вялікі тэатр.

За перамогу ў конкурсе “Культура” мне ўручылі дыплом пераможцы й памятны падарунак. Ды яшчэ Пахвальную грамату й кнігу пра гісторыю Беларусі атрымала ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Дзякуй усім, найперш арганізатарам, — за клопаты, узнагароды, падарункі!

Людміла Дзёміна, кіраўніца народнага ансамбля беларускай песні “Купалінка”, г. Тальяці

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ад вады да бяды — адзін крок

Ад вады да бяды — адзін крок

На вадаёмах краіны тонуць людзі. Што важна ведаць, каб не папоўніць спіс ахвяр?

Грамадства

Відавочца Перамогі

Відавочца Перамогі

Ваенныя вярсты сяржанта Андрэйчыкава.

Здароўе

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У Беларусі дапоўняць нацыянальны каляндар прышчэпак

У ім з’явіцца і прышчэпка супраць раку шыйкі маткі.

Адукацыя

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

Беларуская мадэль дашкольнай адукацыі: якасць, даступнасць, адказнасць

У нашай краіне амаль 90 працэнтаў дзяцей ад года да шасці атрымліваюць дашкольную адукацыю.