Вы тут

І батарэйкі могуць вожыкаў ратаваць


Усё залежыць ад таго, ці трапіць такое небяспечнае смецце ў спецыяльныя кантэйнеры.

Памятаеце, што адна выкінутая батарэйка здольна забіць вожыка, двух кратоў і тысячу дажджавых чарвякоў? Пазбегнуць гэтага можна, калі ўтылізаваць такія небяспечныя адходы правільна. У Мінску ўжо даўно ў многіх крамах, офісах і нават у жылых дамах стаяць спецыяльныя кантэйнеры для электрычнага і электроннага абсталявання. Нядаўна падобныя з'явіліся і ў Салігорскім раёне.


Спадзяёмся, у вас дома ўжо ёсць скрынкі або пакеты, куды вы сартуеце шкло, пластык і паперу. Час да іх дадаць яшчэ і спецыяльны «кантэйнер» для электроннага і электрычнага абсталявання. Батарэйкі, люмінесцэнтныя лямпачкі, мабільныя тэлефоны і падобныя рэчы належаць да небяспечных адходаў, бо змяшчаюць у сабе рэчывы, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе (цяжкія металы, азонаразбуральныя рэчывы і іншае). У Беларусі сістэма збору такіх адходаў ад насельніцтва пачала фарміравацца пасля прыняцця Указа Прэзідэнта ад 11.07.2012 № 313 «Аб некаторых пытаннях абыходжання з адходамі спажывання». Аднак да гэтага часу ў многіх рэгіёнах нашай краіны, асабліва ў невялікіх гарадах, існуюць некаторыя праблемы з тым, каб арганізаваць збор і перапрацоўку электрычнага і электроннага абсталявання. Як сцвярджаюць спецыялісты, акрамя фінансавых цяжкасцяў на гэта ўплываюць яшчэ адсутнасць зацікаўленасці і нізкая інфармаванасць мясцовых жыхароў.

— Прыярытэтнымі кірункамі ў галіне абыходжання з адходамі электрычнага і электроннага абсталявання з'яўляюцца іх выкарыстанне і абясшкоджванне, — падкрэсліў начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Вадзім ДЗЯМКО. — Такія адходы часта змяшчаюць у сабе акрамя небяспечных кампанентаў патрэбныя рэсурсы — пластмасу, каштоўныя і іншыя металы і г. д., што робіць іх перапрацоўку прывабнай і спрыяе захаванню прыродных рэсурсаў. Заканадаўчыя акты вызначаюць для сфер гаспадарання парадак патрабаванняў да збору, захоўвання і перадачы на перапрацоўку гэтых відаў адходаў. Хацелася б, каб і насельніцтва, а асабліва моладзь, таксама было ўцягнута ў гэты важны экалагічны працэс.

Ініцыятыва «Стварэнне сістэмы збору адходаў электроннага і электрычнага абсталявання на тэрыторыі Салігорскага раёна Мінскай вобласці» рэалізуецца ў межах праекта «Экаманіторынг», што фінансуецца ЕС, рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Салігорскі раён — найбольш паспяховы з эканамічнага пункту гледжання. Па падліках спецыялістаў, штогод тут утвараецца да 900 тысяч тон адходаў электроннага і электрычнага абсталявання. Аднак сістэма іх збору да гэтага часу знаходзіцца на нізкім узроўні.

— У 2018 годзе мы планавалі сабраць у раёне як мінімум 160 тон адходаў электроннага і электрычнага абсталявання, а ў выніку аб'ёмы не перавысілі і 15 тон — гэта вельмі мала, у той час як астатнія віды адходаў тут збіраюцца даволі паспяхова, — адзначыла намеснік старшыні савета БГА «Экалагічная ініцыятыва», кіраўнік ініцыятывы па комплекснай сістэме паасобнага збору адходаў электроннага і электрычнага абсталявання ў Салігорскім раёне Вольга ВОЛКАВА. — Для параўнання: у Шумілінскім раёне аб'ём збору адходаў ЭЭА на аднаго чалавека ў год складае каля 1,47 кілаграма, у Салігорскім раёне — усяго каля 0,01 кілаграма на чалавека ў год.

Спецыяліст падкрэсліла, што перш чым купіць электроннае і электрычнае абсталяванне, трэба ўважліва вывучыць інфармацыю пра тыя рэчывы, якія яно змяшчае. Зусім нядаўна экалагічнымі лічыліся люмінесцэнтныя лямпачкі. Так, яны дапамагаюць эканоміць электраэнергію, але яшчэ кожная з іх змяшчае да пяці міліграмаў ртуці, якая лёгка можа трапіць у навакольнае асяроддзе, калі лямпачка, напрыклад, разаб'ецца. Ужо даўно прыдумалі больш экадружалюбны варыянт — святлодыёдныя лямпы.

Сетка кантэйнераў, якія ўстанаўліваюцца ў межах ініцыятывы, прызначана спецыяльна для небяспечных адходаў. Гэта значыць, што ртуцьзмяшчальныя лямпачкі ў іх не разаб'юцца і ніякія небяспечныя выпарэнні не будуць выдзяляцца. Таксама, па словах спецыялістаў, у найбліжэйшы час у Салігорску плануецца адкрыццё стацыянарнага пункта збору электроннага і электрычнага абсталявання, куды кожны ахвотны зможа прынесці лямпачкі, батарэйкі і іншае, або за грошы здаць буйнагабарытную тэхніку. Акрамя таго, будзе працаваць перасовачны нарыхтоўчы пункт. Гэта дазволіць збіраць шкодныя адходы ў аддаленых населеных пунктах, ахапіўшы ўсю тэрыторыю раёна. Далейшую транспарціроўку і экалагічна бяспечную перапрацоўку сабраных адходаў будзе забяспечваць прадпрыемства «БелВТІ».

Куды здаць непрыдатную для выкарыстання тэхніку?

Старую тэхніку можна прывезці ў пункт прыёму, які размешчаны ў Мінску па вуліцы Славінскага, 1. Вам заплацяць ад 25 капеек за 1 кілаграм адходаў.

Для ўтылізацыі буйнагабарытнай тэхнікі можна выклікаць службу «БелВТІ таксі» (праз інтэрнэт або па тэлефонах: 8 (017) 369-83-23, 8 (017) 369-83-63, 8 (029) 626-88-57, кароткі нумар 7383 усіх мабільных аператараў). Служба таксі працуе не па ўсёй Беларусі, азнаёміцца са спісам населеных пунктаў можна на сайце арганізацыі.

Малагабарытную тэхніку можна здаць у любыя буйныя непрадуктовыя крамы. Для тэлефонаў і іншых гаджэтаў там жа ўсталяваныя «зялёныя» кантэйнеры.

Куды здаць іншыя віды адходаў, можна даведацца на «Зялёнай карце» grееnmар.bу або ў аднайменнай мабільнай праграме.

Кацярына КІРЭЕВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Ці апраўдае сваю назву апошні месяц зімы? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Люты — ад лацінскага «фебруарыс», што азначае «ачышчэнне». 

Грамадства

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Персанальныя даныя: ведаць нельга распаўсюджваць

Каму, калі, што, дзе і як можа давяраць пра сябе сучасны чалавек.

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.