Вы тут

Пажылая пара з Брэста падзякавала Ісачанку за дапамогу


Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Ісачанка правёў прыём грамадзян у Брэсцкім аблвыканкаме. Магчымасцю задаць пытанне скарысталіся восем жыхароў рэгіёна, паведамляе БелТА.


У прыватнасці, на прыём запісаліся пажылыя сужэнцы. Яны жывуць у цэнтры Брэста, вокны трохпавярхоўкі выходзяць на пешаходную вуліцу Савецкую. Месца прывабнае для бізнесу, таму шматлікія ўладальнікі прадалі свае кватэры, пасля чаго памяшканні былі пераведзены ў разрад камерцыйнага карыстання. Тыя жыхары, што засталіся (пераважна людзі сталага веку), цяпер суседнічаюць з кавярняй, рэстаранам, хостэлам, неўзабаве адкрыецца аптэка. Па словах пенсіянераў, канфліктаў з прадпрымальнікамі няма. Адзінае — не могуць знайсці паразумення па пытанні размяшчэння кандыцыянераў: яны знаходзяцца пад самымі вокнамі заяўнікаў. Здавалася б, дробязь, але гэта дастаўляе людзям нязручнасці.

Сенатар даручыў старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандру Рагачуку выехаць на месца. «Ёсць падыходы, каб прыбраць кандыцыянеры. Трэба па-гаспадарску, па-чалавечы вырашыць гэтае пытанне. Непазбежна, што ў цэнтры горада будуць з'яўляцца новыя аб'екты, але трэба дапамагчы людзям, пазбавіць іх дыскамфорту. Думаю, праз месяц-паўтара пад'еду туды, пагляджу, як вырашыцца гэтае пытанне», — сказаў намеснік старшыні Савета Рэспублікі. Муж і жонка засталіся задаволены такім адказам. Яны падзякавалі Анатолю Ісачанку за тое, што пачулі.

У заблытанай сітуацыі апынулася шматдзетная сям'я з Жабінкі. Да шлюбу жанчына атрымала ў Брэсце зямельны ўчастак. Калі сямейнае становішча змянілася, разам з мужам пераехала ў суседні райцэнтр. Там, скарыстаўшыся льготным крэдытам, маладыя сужэнцы пабудавалі двухпакаёвую кватэру. Паколькі будаўніцтва на брэсцкім участку не было выканана своечасова, яго, па законе, абавязаны выключыць. Маладыя людзі хацелі б выкупіць участак па кадастравым кошце, каб прадаць яго і палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ў Жабінцы.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама растлумачыў, што лёс участкаў з незавершаным будаўніцтвам вырашае суд, пасля чаго іх выстаўляюць на паўторныя аўкцыённыя таргі. «Праводзім ацэнку ўчастка з незавершаным будаўніцтвам, вылічваем каэфіцыент кадастравага кошту і кошту падмурка. Пры рэалізацыі ўчастка на аўкцыёне ў такой жа прапорцыі выплачваем суму панесеных выдаткаў з улікам гэтага каэфіцыента», — адзначыў Аляксандр Рагачук.

Па даручэнні Анатоля Ісачанкі юрысты вывучаць і іншыя варыянты вырашэння сітуацыі. «Усё павінна быць строга па заканадаўстве. Пытанне складанае, дам даручэнне спецыялістам разабрацца ў гэтай сітуацыі. Калі можна дапамагчы, будзем з горадам размаўляць», — сказаў ён.

На прыёме грамадзян пабывалі жыхары Брэста і найбліжэйшых раённых цэнтраў. Падводзячы вынік сустрэчы з насельніцтвам, намеснік старшыні Савета Рэспублікі адзначыў, што частка агучаных праблем датычылася кампетэнцыі мясцовых органаў улады. Нягледзячы на гэта, кожнае пытанне будзе ўзята на кантроль і старанна прапрацавана.

Загаловак у газеце: «Дзякуй, што пачулі»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.