Вы тут

Кіраўнікі сельсаветаў атрымалі ключы ад новенькіх «Джылі»


Усяго на ўзбраенне сельскіх Саветаў дэпутатаў перададзена 31 машына. Як адзначыў у сваёй прамове старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, менавіта сельсаветы — першая інстанцыя, куды звяртаюцца жыхары па параду і дапамогу, а значыць, дэпутаты павінны быць больш мабільнымі.


— Сёння мы робім яшчэ адзін крок па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскіх Саветаў, — падкрэсліў губернатар. — Трэба быць у курсе ўсяго, што хвалюе насельніцтва і садзейнічаць стварэнню максімальна камфортных умоў для жыцця людзей. Работа гэтая маштабная.

Уладальнікі новых аўтамабіляў не хавалі сваіх эмоцый. Падарунак вельмі важны і своечасовы.

— Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву Магілёўскага аблвыканкама і аблсавета за такую тэхнічную падтрымку, — паведаміў старшыня Лапаціцкага сельсавета Слаўгарадскага раёна Сяргей Антошкін. — На тэрыторыі сельсавета 14 населеных пунктаў, два з якіх — Лапацічы і Лясная — аграгарадкі. Аддаленыя вёскі маланаселеныя, там жывуць у асноўным пенсіянеры, а гэта вельмі ўразлівая катэгорыя, якой больш за ўсё патрэбна ўвага.

Дэпутат ужо ацаніў магчымасці новай машыны, прызнаецца, што яна вельмі зручная і камфортная. Ёсць кандыцыянер, аўтазапуск, а галоўнае — яна новая.

На абслугоўванні Капачэўскага сельсавета Мсціслаўскага раёна 26 вёсак. Там заўсёды хапае пытанняў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння, заўважыў старшыня Сяргей Фядосаў.

— Часта бывае, што праблему трэба вырашаць імгненна, каб папярэдзіць наступствы, — кажа ён. — І новыя аўто вельмі дапамогуць у гэтым. Раней даводзілася карыстацца асабістай машынай, а цяпер такой патрэбы ўжо не будзе. Сельсавет вялікі, яго працягласць 53 кіламетры ад адной мяжы да другой. Літаральна днямі каля дзесяці гадзін вечара спатрэбілася дапамога адной з жыхарак вёскі — прарвала водаправод. Трэба было арганізаваць дапамогу і самому быць на месцы, пракантраляваць пытанне.

— Гэта яркі прыклад узаемадзеяння паміж усімі структурамі ўлады Магілёўшчыны, вынік таго, як прымаюцца рашэнні выканаўчай і заканадаўчай уладамі для таго, каб зрабіць нашу краіну больш моцнай, а жыццё яе грамадзян — больш камфортным, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін. — Кіраўнік дзяржавы патрабуе ад выканаўчай улады зрабіць усё, каб дэпутацкі корпус быў дзейсным механізмам зваротнай сувязі паміж насельніцтвам і выканаўчай уладай. Як кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці я ўдзячны старшыні Магілёўскага аблвыканкама, што зроблены такі важны крок і закуплены 31 аўтамабіль менавіта для пярвічнага звяна сельсаветаў, тых людзей, якія працуюць на сяле з нашымі выбаршчыкамі. Гэта дазволіць больш аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва. Разам мы зможам зрабіць усё для таго, каб наша краіна квітнела.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Больш мабільнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.