Вы тут

Украінскія шляхі Юрыя Кур’яновіча


Нататкі пра тое, як беларускі пісьменнік, перакладчык і даследчык гісторыі плённа папрацаваў на ўкраінскім культурным полі ды прэзентаваў у суседняй краіне сваю новую кнігу


Летась на радзіме, а таксама ў Літве, Украіне Юры Кур’яновіч прэзентаваў адразу тры свае новыя кнігі: “Старасвецкая Лошыца”, “Тураў. Старажытны і сучасны” ды “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар”. Як прайшла прэзентацыя ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры мы расказвалі (гл.: “Каардынаты творчасці Юрыя Кур’яновіча” — ГР, 26.12.2019). Што да Літвы, то прэзентацыя была на VІІІ Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Вільнюсе. У “прэзентацыйным спісе” значацца й тры ўкраінскія адрасы: Дзяржаўны гістарычна-культурны запаведнік “Нагуевічы” ў Драгобыцкім раёне Львоўшчыны, Львоўскі нацыянальны літаратурна-мемарыяльны музей Івана Франка ды Літаратурна-мемарыяльны музей Івана Франка ў сяле Крыварыўня Вэрхавінскага раёна Івана-Франкоўскай вобласці. Пра апошнія тры прэзентацыі — наш аповед.

Прэзентавалася там кніга “Пятро Франко. Авіятар, хімік, літаратар” — першае беларускамоўнае выданне пра аднаго з выдатных прадстаўнікоў галіцкай інтэлігенцыі, сына вялікага літаратара Івана Франка. Акрамя нарыса пра жыццё й дзейнасць Пятра Іванавіча ў выданні змешчаны асобныя літаратурныя творы Франка-малодшага, у тым ліку яго ўспаміны “Іван Франко зблізу”. Цалкам па-беларуску яны друкуюцца ўпершыню ў перакладзе Юрыя Кур’яновіча, ён жа й першы перастварыў творы Пятра Франка на нашу мову. Так што ў знакавых музейных комплексах краіны-суседкі спецыялістам было пра што пагаварыць.

Да Прыкарпацця сэрцам прыкіпеў

Юры Кур’яновіч падтрымлівае цесныя сувязі з нашчадкамі Пятра Франка, апавяданне якога “Руды пацук” (“Рудий щур”) у перакладзе даследчыка ўпершыню з’явіўся ў “Літаратурнай Беларусі” (дадатак да газеты “Новы час”) 29 чэрвеня 2012 года. У хуткім часе тады выйшаў зборнік перакладаў Юрыя Кур’яновіча “Цвітуць сланечнікі” — там быў і згаданы твор, і ўпершыню перакладзеныя творы заходнеўкраінскіх аўтараў Івана Грэкуляка й Наталлі Радыш. Часткова згаданыя вышэй успаміны Пятра Франка пра бацьку друкаваліся ў 2017‑м у часопісе “Верасень” і газеце “Звязда”.

Нядаўна Юры распавёў мне, што першае знаёмства яго з Украінай адбылося напрыканцы 70‑х — пачатку 80‑х мінулага стагоддзя. Школьнікам яшчэ, на летніх вакацыях разам з бацькамі апынуўся ў курортным Моршыне. Многае, акрамя краявідных малюнкаў Прыкарпацця й Карпат, хлопчыка тады ўразіла: пісьменнік сцісла ды ёміста вызначае “тое” двума словамі: нацыянальны каларыт. Ён увасабляўся не толькі ў дойлідстве, народных вырабах, нацыянальных стравах, апранутай у вышыванкі моладзі, розных шыльдах і плакатах па-ўкраінску, але ж найперш — у гучанні роднай мовы. Мясцовы люд натуральна, нязмушана й не саромеючыся размаўляў на матчынай мове, што ў той час істотна вылучала “радзянскую Украіну” з іншых тэрыторый СССР. І ў савецкай Беларусі родная мова гучала ўжо не так шырока. Там жа, у Прыкарпацці, свая, родная гаворка чулася паўсюль: на вуліцы, у аўтобусах, крамах, кавярнях, аптэках, у размове падлеткаў… Украінскае маўленне натуральна, нібы паветра, лунала над тамтэйшай зямлёю, нягледзячы на розныя савецкія ідэалагічныя ўстаноўкі, тэорыі пра непазбежнае зліццё моў і нацый, растварэнне нацыянальных адметнасцяў розных народаў СССР у адзіным савецкім народзе.

Мабыць, тады ўпершыню пэўную геаграфічную прастору мой малодшы сябар пачаў разумець у нацыянальным кантэксце. Змест украінскага нацыянальнага каларыту ён асэнсоўваў і ў часе новых летаванняў у Моршыне, наведваў тады ж Львоў, Стрый, Даліну, Балехаў і Чарнаўцы. А ў гады вайсковай службы ў Палтаве будучы даследчык набыў неяк у часе звальнення сваю першую ўкраінскую кніжку: малафарматны томік “Кабзара” Тараса Шаўчэнкі з ілюстрацыямі вядомага савецкага графіка Васіля Касіяна. Крыху пасталеўшы, беларус адкрыў для сябе творчыя набыткі Івана Франка, Лесі Украінкі, Марка Чарамшыны й Параскі Плыткі-Горыцвіт — гуцульскай самабытнай пісьменніцы, зберагальніцы народнай спадчыны з карпацкай Крыварыўні. Прыйшоўся яму да душы й знакавы фільм Сяргея Параджанава “Цені забытых продкаў”, зняты паводле аповесці зачынальніка сацрэалізму ва ўкраінскай літаратуры Міхайлы Кацюбінскага.

Такімі былі вехі на шляху пісьменніка да ўкраінскіх пераўстварэнняў.

Добра ведаю: цягам доўгіх гадоў Юрась падтрымлівае цесныя стасункі з Літаратурна-мемарыяльным музеем класіка ўкраінскай літаратуры Марка Чарамшыны ў Снятыне й Літаратурна-мемарыяльным музеем Івана Франка ў Крыварыўні. Ён сябраваў з дырэктаркай музея ў Снятыне Русланай Кірэевай (памерла летась) і колішнім дырэктарам музея ў Крыварыўні Міколам Дзуракам (памёр у 2014‑м). З імі беларус не толькі перапісваўся, але па мажлівасці й папаўняў калекцыі фондаў гэтых устаноў.

У 2008‑м у Снятыне была зладжана часовая экспазіцыя: дэманстравалася перапіска Кур’яновіча з музеем, яго падарункі (кнігі беларускіх аўтараў), беларускія сувеніры. Сярод кніг — “Апавяданні” Марка Чарамшыны ў перакладзе Валянціна Рабкевіча, першае ды адзінае пакуль выданне твораў украінца ў Беларусі. Кнігу перадаў у музей па просьбе Юрася яго першы настаўнік у літаратуры, знаны перакладчык Васіль Сёмуха, які пайшоў з жыцця летась. Кніга, дарэчы, з дарчым надпісам Рабкевіча Сёмуху.

Нагуевічы

Месца для першай прэзентацыі кнігі пра Пятра Франка ва Украіне было абрана зусім не выпадкова. Ён быў трэцім, малодшым сынам вялікага Івана Франка ды адзіным з яго дзяцей, хто нарадзіўся там, дзе й бацька: у вёсцы Нагуевічы Драгобыцкага павета на Львоўшчыне. На імпрэзу тую завіталі прадстаўнікі мясцовай улады, вядомыя грамадска-культурныя дзеячы. У іх ліку — перакладчык беларускай паэзіі, паэт і літаратуразнаўца Міхайла Шалата — сябра Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Украіны, прафесар кафедры ўкраінскай літаратуры й тэорыі літаратуры філфака Драгобыцкага дзяржпедуніверсітэта імя Івана Франка. Прыехалі публіцыст, паэт, краязнаўца, літаратуразнаўца, сябра саюза пісьменнікаў Раман Пастух, дэкан гістфака згаданага ўніверсітэта прафесар Леанід Тымашэнка, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры сусветнай літаратуры й славістыкі філфака той жа ўстановы Галіна Сабат, дырэктар універсітэцкай бібліятэкі Ігар Разлуцкі, грамадская дзяячка, ідэйная натхняльніца кніжна-літаратурнага фестывалю “Трускавецкі Літфэст” Ганна Літвін.

Па словах Міхайлы Шалаты, кніга Юрыя Кур’яновіча — гэта да ўсяго й глыбокае літаратуразнаўчае даследаванне. Аўтар не толькі ўпершыню пераклаў на беларускую ўспаміны Пятра Франка пра бацьку, але й змясціў дакладныя каментары да твора: 104 зноскі! Кур’яновіч падаў біяграфічныя звесткі амаль кожнай асобы, якую згадвае сын Каменяра, патлумачыў геаграфічныя назвы, дыялектныя словы, для параўнання прывёў розныя заўвагі на пэўныя факты, якія падае Пятро Франко, украінскіх даследчыкаў. Ва Украіне ж успаміны сына пра бацьку ўвогуле друкаваліся без каментараў. За сваю вялікую працу Юры Уладзіміравіч адзначаны падзякай Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка “Нагуевічы”.

Львоў

Прэзентацыя ў Львоўскім нацыянальным літаратурна-мемарыяльным музеі Івана Франка. 25 лістапада 2019 года. Здымак на памяць. Фота Марты Валашанскай

Шматлікія прадстаўнікі львоўскай інтэлігенцыі разам з нашчадкамі Пятра Франка паўдзельнічалі ў прэзентацыі кнігі ў Львоўскім нацыянальным літаратурна-мемарыяльным музеі Івана Франка. Ладзілася імпрэза летась напрыканцы года. Нашага творцу прадстаўляла вядомы львоўскі навуковец, франказнаўца Наталля Тыхалоз. (“Уже сьогодні!” — напісала сама Наталля 25 лістапада ў Фэйсбуку, змясціўшы й афішу імпрэзы з Юрыем Кур’яновічам. — Рэд.) Гаварыла яна пра важнасць выдання пра Пятра Франка беларускаю мовай, адзначыла навуковую каштоўнасць публікацыі. Нагадала, што ўпершыню надрукаваны ўспаміны Іванкі Міліянчук (праўнучкі Івана Франка, унучкі яго сына Пятра) пра яе сястру Надзею Франко (Надія Франко) — яна памерла ў Львове ў 2018 годзе. Наталля яшчэ аддала належнае Юрыю Кур’яновічу як мастаку: яго карціна “Невыказнае” ёсць у фондах музея.

Тут варта ўзгадаць, што ўпершыню творы Пятра Франка пабачылі свет дзякуючы намаганням Пятра Міхайлавіча Франка — ганаровага старшыні Усеўкраінскага таварыства палітычных вязняў і рэпрэсаваных, даследчыка, пісьменніка, грамадскага дзеяча. У тым ёсць свая знакавасць: шырокай грамадскай папулярызацыяй Пятра Франка заняўся яго цёзка-аднафамілец — другі Пятро Франко. Ён жа й складальнік ды рэдактар двухтомніка выбраных твораў Пятра Франка “Доробок”. Прэзентацыя першага тома, які склалі творы літаратурныя, была ў 2010 годзе ў Палацы мастацтваў Львова: з нагоды 120‑х угодкаў Пятра Франка. Другі том (навуковыя й навукова-папулярныя творы) выйшаў у 2017‑м. Пятро Міхайлавіч Франко не змог быць на прэзентацыі кнігі Юрыя — хварэў, але ж потым сустрэўся з аўтарам, падпісаў яму свае кнігі. На адной з іх з удзячнасцю за кнігу пра сына вялікага Камяняра напісаў: “Славному синові Білоруської нації Юрію Кур’яновичу дарує автор”.

Крыварыўня

Яшчэ адна прэзентацыя праходзіла ў Крыварыўні, у Івана-Франкоўскай вобласці. (Інтэрнэт падказвае: абласны цэнтр (раней — горад Станіславаў і Станіслаў) 9 лістапада 1962 года святкаваў 300‑годдзе — тады ж і быў перайменаваны, з таго часу носіць імя Івана Франка, які неаднойчы там бываў, пісаў і чытаў свае творы. — Рэд.). Імпрэзу ў выставачнай зале вяла Ганна Луцюк, дырэктарка Літаратурна-мемарыяльнага музея Івана Франка. І дарослыя, і старшакласнікі мясцовай агульнаадукацыйнай школы імя Мыхайлы Грушэўскага мелі магчымасць даведацца пра малавядомыя старонкі біяграфіі Пятра Франка ды атрымалі асалоду ад мілагучнай беларускай мовы госця з Мінска. Вядучая ж расказала пра даўняе сяброўства яго з музеем, яго колішнім дырэктарам Міколам Дзуракам. Яна згадала, што ў беларускім часопісе “Верасень” у 2017 годзе друкаваліся ўспаміны Юрыя Кур’яновіча пра Крыварыўню, Міколу Дзурака. Госць неаднойчы адпачываў у Крыварыўні. Для яго, як і для вялікага Івана Франка, гэтае сяло, можна сказаць, стала ўлюбёным. Вядучая паказала ўсім фотаработу Юрыя Кур’яновіча з серыі “Подых Карпат”, якую прывёз ён у якасці падарунка музею.

Менавіта ў Крыварыўні Юрась і пазнаёміўся ў жніўні 2009 года з унучкай Пятра Франка — спадарыняй Надзеяй, а таксама яе мужам Андрэем. Яны разам адпачывалі ў прысёлку Зарэчча (гэта частка самой Крыварыўні) у сям’і Васіля й Васіліны Зеленчукоў, якія таксама былі на імпрэзе. Тая сустрэча стала, відавочна, штуршком для глыбейшага даследавання творчасці, лёсу Пятра Франка. Пацвярджэннем таму й дарчы надпіс на кнізе, якую аўтар падараваў музею: “…З любов’ю до України і Криворівні, де почався мій шлях до пізнання особистості сина великого Каменяра… Юры Кур’яновіч”.

Дырэктар Крыварыўнянскай школы Міхайла Федарчак назваў Кур’яновіча за яго асветніцкую дзейнасць Героем Крыварыўні. Прадстаўнікі ўкраінскай культуры з глыбокай удзячнасцю прымаюць творчы дар ад руплівага беларуса, дзякуючы намаганням якога імёны іх вядомых дзеячаў становяцца вядомымі ў суседняй братняй краіне.

Уладзімір Барысенка 

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.