Вы тут

Дарогамі Славы. Простыя вяскоўцы


Увесну 1988-га мая скарбонка фотапартрэтаў папоўнiлася выявамi двух славутых ветэранаў. Пра iх храбрасць i адвагу казалi ўзнагароды — тры зоркi салдацкай славы. Яны — поўныя кавалеры гэтага ордэна. Каб сустрэцца з Уладзiмiрам Амельяновiчам і Апанасам Кляцко, мне давялося наведаць некалькі раёнаў, дабiрацца цягнiкамi, аўтобусамi, нават спадарожнымi машынамi — ветэраны жылi ў самай што нi ёсць глыбiнцы. Гэтыя паездкi запомнiлiся мне, бо я ехаў не толькi да мужных салдат, але i да працавiтых вяскоўцаў у мiрны час. Што цікава, і Амельяновіч, і Кляцко на фронце былі сапёрамі, а на працоўнай вахце — кавалямі. Шмат гадоў мiнула з той вясны, ветэраны пайшлi з нашага жыцця, а я па-ранейшаму з цеплынёй i ўдзячнасцю згадваю кароткiя сустрэчы i душэўныя размовы франтавiкоў. У сваiх аповедах яны вярталiся ў далёкiя ваенныя падзеi — у сырыя блiндажы i акопы, iшлi ў разведкi i атакi, штурмавалi вышынi i пераадольвалi мiнныя палi, хавалi аднапалчан i сяброў i самi памiралi ад раненняў. Вярталiся ў спаленыя, асiрацелыя вёскi, станавiлiся за плуг i сеялi хлеб, будавалi хаты, падымалi калгасы i гадавалi дзяцей. Ардэнаносцы апавядалi пра шчасце, якое iм выпала, — яны засталiся жывыя, вярнулiся на сваю малую радзiму!

Уладзiмiр Амельяновiч нарадзiўся ў вёсцы Падкасоўе Навагрудскага раёна, у пяць гадоў застаўся без маці, дапамагаў бацьку-цесляру будаваць хаты аднавяскоўцам, працаваў у паляводстве. Ён хацеў быць кавалём, і пасля вайны яго мара здзейснілася: асвоіў кавальскую справу і працаваў на калгасным мехдвары. А яшчэ плёў лазовыя кашы, і падворак ветэрана немагчыма было ўявіць без гэтых зручных і неабходных рэчаў.

А вось на сустрэчу з Апанасам Кляцко я паехаў пад самую беларуска-расiйскую гранiцу, у вёску Куляшоўка Клiмавiцкага раёна. Пасля смерцi жонкi Апанас Васiлевiч жыў адзiн. Яго трое дзяцей, сямёра ўнукаў i восем праўнукаў пераважна сталi гарадскiмi жыхарамi. I да вайны, i пасля Апанас працаваў кавалём. На вайне быў цяжка паранены, вярнуўся дадому без нагi. Але iнвалiднасць не перашкодзiла яму стаяць каля кавадла. Галоўнае для каваля — рукi: iмi — моцнымi i ўмелымi — Апанас вырабляў вяскоўцам неабходны iнвентар, рамантаваў трактары i сеялкi, каваў коней, насаджваў абады на колы. А яшчэ крыў гонтавыя дахi i валяў цёплыя валёнкi. Для сябе майстраваў драўляныя... пратэзы.

— Мае рукi не гулялi, — гаварыў стары франтавiк i адданы селянiн.

Гэтую фразу я запомнiў назаўсёды.

Анатоль Кляшчук

Прыкладна месяц таму «Звязда» сумесна з Музеем гiсторыi Узброеных Сiл запусцiла сумесны праект «Дарогамi Славы». У ёй мы апавядаем пра ваенны шлях поўных кавалераў ордэна Славы, якiя нарадзiся ў Беларусi або звязалi з ёй свой далейшы лёс.

Першы выпуск нашай рубрыкi не застаўся незаўважаны. З рэдакцыяй звязалiся прадстаўнiкi фонду Барысаўскага аб'яднанага музея. Аказалася, што ў горадзе на Бярэзiне ёсць вельмi шмат цiкавiнак, звязаных з поўнымi кавалерамi ордэна Славы. I ў адным з наступных выпускаў мы абавязкова пра гэта раскажам.

Заклiкаем вас, паважаныя чытачы: калi сярод вашых родных i блiзкiх хтосьцi або быў поўным кавалерам ордэна Славы, або асабiста iх ведаў i захаваў успамiны цi фотаздымкi, то дзялiцеся вашымi гiсторыямi з намi! Нашы кантакты — вул. Б. Хмяльнiцкага, 10а, Мiнск, 220013. Адрас электроннай пошты — info@zviazda.by. Нiводны лiст не застанецца без увагi!

А пакуль згадваем жыццёвы i ваенны шлях яшчэ двух вайскоўцаў.


Уладзiмiр Амельяновiч

Гродзенская вобласць, на жаль, небагатая на поўных кавалераў ордэна Славы. Дакладней кажучы, iх было ўсяго двое. Адзiн з iх — яфрэйтар Уладзiмiр Амельяновiч.

Ён нарадзiўся ў лiпенi 1924 года i жыў у вёсцы Падкасоўе, што цяпер належыць да Навагрудчыны. Сям'я яго была небагатая. Хлопец змог толькi атрымаць пачатковую адукацыю ў польскай школе. Варыянтаў не было, i ён застаўся дапамагаць бацькам на ўласным падворку. Там i шчыраваў ажно да лiпеня 1944 года, пакуль яго не прызвалi ў Чырвоную Армiю. Пяць месяцаў падрыхтоўкi — i ў сярэдзiне кастрычнiка 1944-га пачынае службу ў 200-м асобным сапёрным батальёне 192-й стралковай дывiзii на 3-м Беларускiм фронце. I адразу трапляе ў пекла баёў за Усходнюю Прусiю.

28 снежня 1944 года разам з групай сапёраў радавы Амельяновiч удзельнiчаў у разведцы боем непадалёк ад населенага пункта Шацхаген, якi цяпер не iснуе. Месцiўся ён на паўночным усходзе нямецкага анклава ў межах цяперашняй Чырвоназнаменскай гарадской акругi. Нягледзячы на масiраваны агонь, якi працiўнiк вёў з мiнамётаў i кулямётаў, Уладзiмiр Амельяновiч разам з групай сапёраў здолеў зрабiць тры праходы ў мiнных палях i дротавых загародах немцаў. Камандаванне высока ацанiла заслугу хлопца i ўзнагародзiла яго ордэнам Славы III ступенi.

У канцы сакавiка 1945 года савецкiя войскi выйшлi на подступы да Кёнiгсберга. Немцы вырашылi абараняць горад да апошняга. Крушэнню iх намаганняў паспрыяў i Уладзiмiр Амельяновiч. Ён зрабiў у дротавай загародзе праход i прапусцiў праз яго разведчыкаў. Праз некалькi дзён сапёр размiнiраваў некалькi мiнных палёў, чым дапамог наступленню пяхоты i артылерыi. За гэта яго ўзнагародзiлi ордэнам Славы II ступенi.

Але як Уладзiмiр Амельяновiч стаў поўным кавалерам? Справа ў тым, што яго памылкова ўзнагародзiлi ордэнам III ступенi паўторна — у канцы лютага 1945 года. У ваенным гармiдары недзе згубiлiся дакументы аб тым, што хлопец ужо атрымаў гэтую ўзнагароду. Памылка была выпраўлена толькi праз 23 гады — у 1968-м. Уладзiмiра Аляксандравiча пераўзнагародзiлi ордэнам Славы I ступенi.

Вайну ў Берлiне ён не скончыў. У маi 1945 года праехаў амаль праз увесь мацярык, на Далёкi Усход. Наперадзе былi баявыя дзеяннi супраць японскай Квантунскай армii.

Уладзiмiр Амельяновiч вярнуўся на радзiму толькi ў 1947 годзе, працаваў у мясцовым калгасе. Праз 30 гадоў пасля Перамогi атрымаў яшчэ адну ўзнагароду, гэтым разам мiрную — як заслужаны работнiк сельскай гаспадаркi БССР. Памёр у маi 1996 года.

Апанас Кляцко

Ён стаў яшчэ адным сапёрам, якi быў узнагароджаны поўным камплектам ордэнаў Славы. Але ў адрозненне ад Уладзiмiра Амельяновiча Апанас Кляцко прызываўся на службу ажно тройчы. Спачатку ён адслужыў тэрмiновую службу ў 1930-я ў Чырвонай Армii. Справа ў тым, што наш герой нарадзiўся ажно ў 1911-м. Перад Вялiкай Айчыннай працаваў кавалём у мясцовым калгасе.

Апанаса Васiлевiча мабiлiзавалi ў армiю ў чэрвенi 1941 года, адразу пасля пачатку Вялiкай Айчыннай. У адным з баёў ён трапiў у палон. Але нейкiм цудам здолеў вярнуцца назад — у родную вёску Куляшоўка Клiмавiцкага раёна. I лiтаральна праз тры днi пасля яе вызвалення, 30 верасня 1943 года, яго зноў мабiлiзавалi ў войска. Спярша служыў у 205-м армейскiм запасным стралковым палку, пасля перавёўся ў якасцi сапёра ў 222-i стралковы полк 3-й стралковай дывiзii, якая вызваляла Беларусь ад фашысцкай навалы.

У жнiўнi 1944 года падраздзяленне, дзе служыў Апанас Кляцко, вяло баi ў ходзе Каўнаскай аперацыi. Яго байцы заўважылi 15 варожых танкаў, якiя рухалiся на мост цераз раку Шырвiнты. Камандаванне паставiла задачу: мост трэба тэрмiнова знiшчыць, каб сарваць нямецкую танкавую атаку. Але выбухоўкi ў групы з пяцi сапёраў не аказалася. Яны выйшлi са становiшча i пачалi цягаць да пераправы снапы саломы. Затым падпалiлi iх — i драўляны мост таксама згарэў. Усё гэта адбывалася пад шквальным агнём працiўнiка. У гэтай спецаперацыi асаблiва вызначыўся Апанас Кляцко, за што i быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступенi.

...У студзенi 1945 года 3-я стралковая дывiзiя ўдзельнiчала ў Варшаўска-Познанскай аперацыi. Герой нашага аповеду здзейснiў подзвiг у першыя ж яе днi. Паблiзу вёскi Рудкi, што месцiцца ў Мазавецкiм ваяводстве Польшчы, да наступу рыхтавалiся стралковыя часцi i тэхнiка 4-й стралковай дывiзii. Падчас варожай артылерыйскай падрыхтоўкi ён зрабiў чатыры праходы ў мiнных палях немцаў, зняўшы 72 супрацьпяхотныя i 7 супрацьтанкавых мiн. У наступныя днi ён размiнiраваў некалькi дарог i ўдзельнiчаў у будаўнiцтве перапраў цераз рэкi. I да таго ж захапiў у палон трох немцаў. Гэта i стала падставай, каб уручыць праз два месяцы Апанасу Васiлевiчу ордэн II ступенi.

«Зорны час» Апанаса Кляцко надышоў у красавiку 1945-га, напярэдаднi Берлiнскай аперацыi. Ён узначальваў групу разгароджвання. Перад ёй стаяла задача забяспечыць дзеяннi сiлавой разведвальнай групы каля нямецкай вёскi Вiзенау. Разам з групай сапёраў Апанас Кляцко прарабiў некалькi праходаў у мiнных палях i дротавых загародах. Мiны былi з «сюрпрызамi» — сярод iх былi, напрыклад, дыстанцыйна кiраваныя фугасы. Але байцу не пашанцавала па дарозе назад — побач з iм разарвалася мiна. Асколкi моцна паранiлi нагу. Мужнасць байца не засталася незаўважаная — 15 мая 1946 года Апанас Кляцко стаў поўным кавалерам ордэна Славы.

Пасля вайны вярнуўся ў родную вёску, дзе зноў працаваў кавалём. Памёр у лiпенi 2001 года.

Тэкст Валяр'яна ШКЛЕННIКА, фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

З першых вуснаў: ад чаго трэба абараняць дзяцей? Адказваюць самі малыя

Дзеці «звяздоўцаў» адказалі вусна, пісьмова, друкавана і нават у малюнках.

Грамадства

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Арэнда жылля. Хоць «мядзведжы кут», абы з выгодамі і пральнай машынай

Гэтая вясной многія хацелі самаізалявацца на прыродзе.