Вы тут

Глядзiм серыял «Кароль тыграў» як феномен сучаснага кiно


Хто б мог падумаць, што дакументальны серыял пра ўладальнiка заапарка дзiкiх кошак у Аклахоме стане вiдовiшчам, круцейшым за дэтэктывы, трылеры i крымiнальныя карцiны — усё тое выпiсанае iгравое кiно з тайнамi, саспенсам i нечаканымi паваротамi? Абсалютна шалёны серыял «Кароль тыграў: забойствы, хаос i вар'яцтва» ад Netflix пабiў рэкорды па праглядах i яшчэ ў пачатку красавiка стаў стрымiнгавым хiтом, але ўсе магчымыя закладзеныя ў «Караля» матывы смакуюцца дагэтуль, iдзе гаворка пра жорсткае абыходжанне з жывёламi цi пра гвалт над жанчынамi.


I галоўны герой, i сфера яго дзейнасцi, i ўсе спадарожныя персанажы выконваюць сваю ролю ў тым, што рэальнасць становiцца паўнавартаснай альтэрнатывай драматургii кiно. «Кароль тыграў» у нейкiм сэнсе нават з'яўляецца доказам народнага пастулата аб тым, што так, як у жыццi, наўмысна ўсё роўна не прыдумаеш. Сапраўды не прыдумаеш — усё жывое i непадробленае, што мы тут бачым, само па сабе «зносiць дах». Адзiны нюанс жанру заключаецца ў тым, што тайны фiльма, у адрозненне ад выдуманых сюжэтаў, раскрыць у прынцыпе немагчыма: серыя за серыяй пакiдае толькi пытаннi, варыянты i дапушчэннi, а гiсторыi герояў працягваюцца незалежна ад таго, зняты апошнi эпiзод цi не.

Такiм чынам, у пэўны момант рэжысёр Эрык Гуд вырашыў увайсцi ў свет заводчыкаў дзiкiх жывёл i разам са сваёй калегай Рэбекай Чайклiн застаўся ў iм на пяць гадоў, калi знайшоў эксцэнтрычнага ўладальнiка вялiзнага прыватнага заапарка Джо Шрыўбогеля на мянушку Экзотык. Гей, спявак, аматар тыграў носiць экстравагантныя кашулi, кiруе ўгоддзямi i нават здымае шоу, дзе паказвае, напрыклад, як з дапамогай агнястрэльнай зброi распраўляецца са сваiм ворагам Кэрал Баскiн — актывiсткай супраць эксплуатацыi дзiкiх жывёл. Чалавек, адным словам, фактурны, можна сказаць, зорка — у краме заапарка разыходзiлiся сувенiры з яго фотаздымкамi.

Уласна, гэтыя пяць гадоў, што аўтары правялi са сваiмi персанажамi, якiя, у сваю чаргу, адно за адным расказалi на камеру шмат iнтымных, супярэчлiвых альбо нават адкрыта кампраметуючых рэчаў, склалiся ў сем серый — адна лепшая за другую. Як гэта, напрыклад, прызнацца, што ты прыняў замову на забойства? I прызнаюцца, прычым проста перад камерай. У цэнтры ўвагi аказваюцца то ўласна Джо Экзотык, то Кэрал Баскiн, то яшчэ адзiн культавы ўладальнiк заапарка Бхагаван Энтл. За кожным з iх аказваецца нейкая цёмная гiсторыя, а калi не гiсторыя, то варты асобнай дыскусii этычны момант.

Аб'ектыўная рэальнасць, якая даследуецца дакументальнымi эпiзодамi, iнтэрв'ю i ўстаўкамi з архiваў, працуе вельмi цiкавым чынам, а калi тут i ёсць манiпуляцыi аўтараў (ёсць), то яны незаўважныя. Нiхто з герояў не хаваецца ад здымак цi iнтэрв'ю, але ў вас будзе адразу сотня варыянтаў, як на ўсё гэта глядзець — на тое, як Баскiн пазiруе перад камерай, альбо на самаўпэўненыя выказваннi Энтла, альбо шмат яшчэ на што. Кожны рух мы ацэньваем у залежнасцi ад таго, як на наша ўспрыманне накладваецца аповед, а ён у гэтым выпадку вельмi «калькулятыўны» — выбiрай свой варыянт.

Вы нiколi так i не даведаецеся, цi забiла Кэрал Баскiн свайго мужа, — гэта тэма асобнай серыi, але аўтары дадуць вам дастаткова iнфармацыi для таго, каб вы самi зрабiлi выснову — гэта як адкрыты фiнал у iгравым кiно. Вы будзеце з кожным новым эпiзодам мяняць сваё стаўленне да герояў i крок за крокам разбiрацца, на чыiм вы баку i цi трэба на нейкiм баку быць.

Сфера развядзення дзiкiх катоў i валодання iмi — а, як паведамляе фiнальны цiтр, у прыватных заапарках ЗША iх больш, чым у дзiкай прыродзе, — аказалася цудоўным асяроддзем для дэтэктыўных i крымiнальных матываў, да таго ж за час здымак тут чаго толькi не здарылася. Кэрал Баскiн падала на Джо Экзотыка ў суд, той пабыў кандыдатам у прэзiдэнты ЗША, муж галоўнага героя скончыў жыццё самагубствам, вядомы заапарк Караля тыграў памяняў уладальнiка, а галоўнае, вядома ж, — у канцы. У цэлым «Кароль тыграў» не толькi займальны кiнафеномен, але i актуальны твор мастацтва, бо закранае адразу некалькi ўразлiвых тэм сучаснага парадку дня.

Дакументалiстам надзвычай пашанцавала з фактурай — хiба толькi сусвет не гуляўся з лёсамi iх персанажаў дзеля выгод кiно — i аўтары цудоўна з усiм гэтым абышлiся. Нават у пышны фiнал рэжысёры ўмясцiлi гарэзлiвае сумненне, i так ва ўсiм — адны пытаннi, ад чаго павявае сапраўдным жыццём.

Iрэна КАЦЯЛОВIЧ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам са спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.