У сталіцы Беларусі прайшоў ваенны парад у гонар 75-й гадавіны Перамогі
Адладзіць, згарманізаваць такі велізарны жывы арганізм, як парад – гэта не сямейны святочны стол накрыць. Нам, хто па гэты бок тэлеэкранаў, цяжка і ўявіць сабе, колькі сіл у яго ўкладзена. Вядома ж, і ранейшага досведу. Калі па шчырасці, спадзяваўся ўбачыць я ў святочных шэрагах і такую “прыкмету часу”, як калона ўрачоў – з ліку тых, якія змагаюцца з каронавірусам. Эфектна было б! Ды разважыў: воінам у спецкасцюмах пакуль не да парадаў. Яны больш патрэбныя на перадавой. Але, хочацца спадзявацца, наступны парад будзе з імі. Бо яны цяпер – сапраўдныя героі нашых дзён.
Калі сказаць, што ў парадзе паўдзельнічала больш за 3 тысячы вайскоўцаў і 185 адзінак тэхнікі, а над Мінскам праляцелі 36 паветраных суднаў – гэта будзе сухая статыстыка. Як і тое, што прайшлі толькі новыя й мадэрнізаваныя ўзоры тэхнікі. Хораша, зладжана рухаліся перад святочнымі трыбунамі 19 парадных разлікаў пешай калоны ды 16 разлікаў механізаванай, з легендарным танкам Т-34 наперадзе. Мільёны людзей бачылі тое ў тэлетрансляцыі. Зрэшты, вы й самі можаце тое зрабіць, больш уважліва ўгледзецца ў твары і ўдзельнікаў параду, і тых, хто быў на трыбунах.
Гэта быў гістарычны парад. Адметны. Бо ў і Перамогі знакавы юбілей, і праходзіў парад 9 мая 2020 года: у пару, калі свет, і Беларусь у тым ліку, змагаецца з пандэміяй каранавіруса. Дзе яшчэ прайшлі парады? З постсавецкіх краін – у Туркменістане, але там каранавірусам спакойна. І таму якраз беларускі Парад Перамогі стаў гэткім выклікам для многіх удумлівых людзей. Узнікла, вядома ж, пытанне: у імя чаго рызыкавалі, праводзячы масавае мерапрыемства? Таму й глядзелі тэлетрансляцыю ў многіх краінах.
А некаторыя краіны парад перанеслі, як кажуць, да лепшых часоў. Магчыма, некаму гэта падаецца больш разумным, таму й пасунута ў пару каранавірусных трывог народная мудрасць, выяўленая ў словах: “Дорога ложка к обеду”. А што за абед, спытаеце? Ды само Свята Перамогі – разам з ветэранамі. Якіх да наступнага юбілею можа й не застацца. Бо вірус, ёсць меркаванні, можа застацца з намі надоўга. То ці варта пераносіць Жыццё на потым? Для ветэранаў, групы рызыкі, тое “заўтра” – вельмі праблематычнае.
Напярэдадні, 8 мая, Аляксандр Лукашэнка размаўляў з удзельнікамі акцыі “На славу агульнай Перамогі”, што ўрачыста завяршылася ў мінскім Храме-помніку Усіх Святых. Ягонае меркаванне наконт парада калегі мае вынеслі ў загаловак: “Мы не можам інакш”. Пры тым Прэзідэнт станоўча ацаніў фармат урачыстасці ў храме: “Добра, што без усялякай пампезнасці – не патрэбная нам сёння пампезнасць ў гэтым вялікім храм”. І наконт сённяшняй сітуацыі, парада: “Мы сапраўды вымушаныя стаяць як Брэсцкая крэпасць. Яшчэ раз падкрэсліваю: вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе час – людзі, а найперш вы, моладзь, ацэніце гэтыя дні. Я сёння перакананы абсалютна: гэта будзе выдатная старонка ў гісторыі нашай краіны. Выдатная таму, што мы з вамі выстаялі, выстаялі як яны (гаворка пра ветэранаў і герояў Вялікай Айчыннай вайны. – Рэд.) калісьці. Яны паклалі свае жыцці ў імя таго, каб мы сёння жылі. І хоць бы адзін раз у год у гэты святы дзень з годнасцю й гонарам успаміналі гэтых герояў. Мы інакш не можам! Гэта адзіная прычына – мы не можам інакш. Мы павінны паступіць так, як рабілі яны, верачы ў будучыню. А ацэнкі дамо потым”.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што “мы ніколі на парад, на такія мерапрыемствы ў Беларусі нідзе, ні ў адным пункце – тым больш у Мінску, двухмільённым горадзе – не цягнулі людзей. Гэта маё патрабаванне. У Мінску па 250 тысяч чалавек прыходзілі на падобныя імпрэзы. Я абсалютна перакананы, што людзі на парад прыйдуць і нам не трэба нікога прымушаць і цягнуць. Але, калі шчыра, я з задавальненнем убачыў бы на гэтым парадзе тых, хто перамог у гэтыя дні. Бо хто перахварэў – гэта людзі, якія перамаглі. Не хваробу. Хвароба – гэта самае простае, што можна цяпер перамагчы. Не гэты вірус. А тое, што цяпер у галаву ўбілі людзям і тыя нядобрасумленныя палітыкі, палітолагі ды іншыя – сапраўдны псіхоз”. Пры тым Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што супакоіць людзей было няпроста. І яшчэ раз звярнуў увагу, што Беларусь не пайшла шляхам жорсткага каранціну.
У працяг тэмы – у імя чаго рызыкавалі – звернемся да развагаў аднаго з удзельнікаў Другой сусветнай вайны, які застаўся ў ёй назаўсёды: пісьменніка, лётчыка Антуна дэ Сэнт Экзюперы. У аповесці “Ваенны лётчык” (упершыню кнігай выйшла ў 1942-м!) ён разважаў: “Паражэнне… Перамога… Я кепска разбіраюся ў гэтых формулах. Ёсць перамогі, якія напаўняюць натхненнем. І ёсць іншыя, якія прыніжаюць. Адны паразы нясуць гібель, другія – абуджаюць да жыцця. Жыццё праяўляецца не ў станах, а ў дзеяннях. Адзіная перамога, якая не выклікае ў мяне сумненняў, – гэта перамога, закладзеная ў сіле зерня. Зерне, кінутае ў чарназём, ужо атрымала перамогу. Але павінна прайсці часу, каб наступала пара яго трыумфа ў даспелай пшаніцы”.
Хочацца бачыць беларускі Парад Перамогі-2020 – менавіта такім жыццядайным зернем. Якое дае надзею, надасць сілы для жыцця, змагання за яго як беларусам, так і людзям з іншых краін. Бо, як стала вядома ўжо 13 мая, спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя не выключаюць: новы каранавірус можа “акапацца” каля нас надоўга. “Гэты вірус можа стаць эндэмічным, – сказаў на брыфінгу дырэктар праграмы СААЗ па надзвычайных сітуацыях у галіне аховы здароўя Майкл Раян. – Ён можа ніколі не сысці. Гэтак жа, як і ВІЧ, які нікуды не знік. Але мы змаглі ўзяць яго пад кантроль, мы знайшлі тэрапеўтычныя сродкі, і людзі цяпер ужо не так моцна баяцца гэтага віруса. Людзі з ВІЧ жывуць даволі доўга. Таму вельмі важна рэалістычна глядзець на рэчы. Мы не ведаем, колькі часу спатрэбіцца, каб атрымаць перамогу над вірусам”.
Аднак, прадоўжым думку, надзвычай важна сёння вучыцца перамагаць сябе. Уласныя страхі. Вельмі важна дадаваць у жыццё радасці й аптымізму, якія, несумненна ўмацоўваюць імунітэт. А значыць – павялічваюць нашы шанцы застацца на хвалі Жыцця – і не знікнуць вокамгненна з гэтага дзівоснага свету. Бо як там у Гётэ: “І варты толькі той жыцця і волі/, Хто кожны дзень за іх ідзе на бой”.
Са святам вас, сябры! Няхай натхняе нас усіх беларускі Парад Перамогі – на новыя перамогі!
Іван Ждановіч
Фота БЕЛТА і sb.by
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.