Вы тут

Ярмошына: Утварэнне выбарчых камісій прайшло без парушэнняў


Утварэнне выбарчых камісій прайшло без парушэнняў. Заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ў відэазвароце.


Па словах кіраўніка ЦВК, учора адбыліся пасяджэнні мясцовых распарадчых і выканаўчых органаў, якія ўтварылі ўчастковыя выбарчыя камісіі. Адзначыла большую за леташнюю цікавасць да выбарчай кампаніі — не гледзячы на тое, што ў цэлым участковых камісій утворана ў цэлым менш, у іх вылучана на 2,5 тысячы прэтэндэнтаў больш (больш за 70 тысяч чалавек).

На два працэнты — да 36 — вырасла колькасць вылучаных грамадзянамі шляхам падачы заяў, некалькі паменшылася колькасць прадстаўнікоў працоўных калектываў. Прадстаўніцтва грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку палітычных партый, засталося на мінулым узроўні.

«Па выніках утварэння камісій колькасць асоб, якія ўвайшлі ў склад участковых выбарчых камісій і вылучыліся шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, знізілася на два працэнты ў параўнанні з колькасцю вылучэнцаў. На 0,4 працэнта ўзрасла колькасць прадстаўнікоў працоўных калектываў. Палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні ўмацавалі свае пазіцыі — іх стала ў выбарчых камісіях больш», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

У цэлым хістанні паміж колькасцю вылучаных і ўключаных у склад камісіі не перавышаюць двух працэнтаў, дадала кіраўнік Цэнтрвыбаркама. На першых арганізацыйных пасяджэннях выбраны старшыні, намеснікі старшынь і сакратары камісій.

«Закон прадугледжвае магчымасць уключэння ў склад камісіі да 19 членаў. Фінансаванне дадзена па Мінску толькі на 16 членаў, па рэгіёнах — на 15. Сыходзячы з гэтага, выканаўчыя камітэты памяншалі ці павялічвалі колькасныя склады камісій з улікам колькасці выбаршчыкаў», — растлумачыла кіраўнік ЦВК.

Цэнтральная камісія не назірае парушэнняў працэдуры пры ўтварэнні выбарчых камісій, падкрэсліла Лідзія Ярмошына. Прэтэнзіі, якія сустракаюцца ў сеціве, старшыня Цэнтрвыбаркама лічыць беспадстаўнымі. Па рэкамендацыі ЦВК шэраг мясцовых органаў улада правялі пасяджэнні без запрашэння назіральнікаў і прадстаўнікоў, вылучаных у склады камісій, але вялі стрымы. Іншыя правялі традыцыйныя пасяджэнні з запрашэннем усіх зацікаўленых.

Лідзія Ярмошына таксама нагадала, што відэазапіс на пасяджэннях недапушчальны.

«Падобныя паводзіны ніякага дачынення не маюць да галоснасці, бо галоснасць згодна з арт. 13 Выбарчага кодэксу забяспечваецца прысутнасцю назіральнікаў і прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ніякія ўласныя бачанні грамадзянамі гэтай працэдуры законам не прадугледжаны», — старшыня ЦВК запрасіла ўсіх ахвотных удзельнічаць у выбарчым працэсе паважаць процілеглы бок і паводзіць сябе ў адпаведнасці з нормамі.

Зараз тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі на ўзроўні раёнаў і гарадоў правяраюць падпісныя лісты ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты. Падпісныя лісты падалі сем прэтэндэнтаў, нагадала Лідзія Ярмошына. Колькі сапраўдных подпісаў утрымліваецца ў лістах, стане вядома да першага ліпеня.

Да чацвёртага ліпеня ўключна патэнцыйныя кандыдаты павінны падаць заявы аб згодзе балатавацца і неабходныя пакеты дакументаў для праверкі. Падобныя пакеты пакуль падалі толькі двое прэтэндэнтаў.

Па інфармацыі Лідзіі Ярмошынай, у ЦВК паступіла каля 700 пісьмовых зваротаў грамадзян, шэраг з іх з’яўляюцца па сутнасці адной скаргай. Каля 500 чалавек звярнуліся на «гарачую лінію» па самых розных пытаннях, у тым ліку па пытанні водазабеспячэння ў Мінску.

«Гэта яшчэ раз кажа аб тым, што роля Цэнтральнай камісіі неабгрунтавана перабольшваецца. Грамадзяне часцяком лічаць, што падчас выбараў Цэнтральная камісія ў стане вырашыць любое пытанне. Гэта не так: мы абавязаны дзейнічаць і вырашаем пытанні толькі ў межах нашай кампетэнцыі», — падкрэсліла Лідзія Ярмошына.

Варвара МАРОЗАВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.