Вы тут

Прадзюсар Канстанцін Варабей: Для развіцця рынку трэба падтрымліваць як мага большую колькасць гульцоў


Скандал вакол апошніх спроб Міністэрства культуры размеркаваць грошы на кінапраекты паказаў, што сістэма фінансавання сферы, хоць мы гэта ведалі і раней, мае хібы. Пара скаргаў — і экранізацый кніг «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата і «Сфагнум» Віктара Марціновіча ўжо не будзе. Нагадаю, пасля падвядзення вынікаў апошніх тэндараў дзяржзакупкі, праз якія кінапраекты атрымліваюць ад Міністэрства культуры бюджэтныя грошы, некаторыя ўдзельнікі конкурсу, што не перамаглі ў тэндарах, напісалі скаргі ў МАРГ. У адказ Міністэрства культуры раптам адмяніла закупку двух праектаў — якраз экранізацый, што выклікала расчараванне і бурныя абмеркаванні ў кінасуполцы.

Між іншым, упершыню ўсе выдзеленыя грошы былі размеркаваныя паміж прыватнымі кінакампаніямі, але і гэты блін аказаўся камяком. Тым часам даволі даўно гаворыцца аб праекце ўказа Прэзідэнта аб стымуляванні кінематаграфіі, які б стварыў належныя ўмовы для развіцця не толькі «Беларусьфільма», але і беларускага кіно ў цэлым, — першы варыянт быў распрацаваны ў Міністэрстве культуры і прапанаваны ў 2017 годзе, але кінасуполка запатрабавала спыніць працэс і дапрацаваць праект з улікам пажаданняў незалежных кінагульцоў. Ініцыятарам дыялогу выступіў у тым ліку прадзюсар і кіраўнік Майстэрні сацыяльнага кіно Канстанцін Варабей. З таго моманту ён пастаянна знаходзіцца ў кантакце з Міністэрствам культуры і спрабуе ад імя Гільдыі прадзюсараў і кінавытворцаў прасунуць неабходныя для сферы кіно перамены. У нашым з Канстанцінам інтэрв'ю мы спрабуем разабраць, якія, уласна, перамены патрэбны айчыннай кінаіндустрыі.


— Фінансаванне кіно ў нас адбываецца праз тэндары дзяржзакупкі — наколькі гэтая сістэма цяжкаважная ў параўнанні з практыкамі іншых краін і ці сустракаў ты падобнае за мяжой?

— Ва Украіне гэта, здаецца, называецца гэтаксама, але мае асаблівы парадак, у нас жа закупка кіно прыраўнаваная да любой іншай закупкі. Гэтая сістэма цікавая тым, што выключае магчымасць замяніць дакументы ці нешта дадаць пасля дэдлайну, то-бок ніхто не можа ўмяшацца ў працэс, але яна ўсё яшчэ не вельмі прыдатная да кіно. Як паказвае практыка, МАРГ можа ўвесці асаблівы парадак закупкі, як зрабіў гэта для аўдытарскіх паслуг. Для творчага сектара таксама варта было б зрабіць выключэнне, і ініцыятыва, хутчэй за ўсё, павінна ісці ад Міністэрства культуры, але ў цэлым нам трэба грунтоўна рэфармаваць конкурс, касметычна яго падправіць не атрымаецца. Самае цікавае, Мінкульт гэтае пытанне ўжо разглядае.

— Давай разбяром, якія змены патрэбныя практыцы фінансавання кіно.

— Мы прапануем перайсці на грантавую сістэму і сфармуляваць выразныя крытэрыі фарміравання камісіі і ацэнкі праектаў. Тут не трэба нічога прыдумляць, дастаткова ў Google Translate перакласці палажэнне аб кіно ва Украіне, Польшчы ці Літве ды адаптаваць яго пад нашыя ўмовы. Я б арыентаваўся на Украіну, дзе таксама прадузята ставяцца да дзяржаўных конкурсаў і аб празрыстасці клапоцяцца асобна. Каб сфарміраваць камісію, іх дзяржінстытуцыі, асацыяцыі і гільдыі вылучаюць людзей, прозвішчы кандыдатаў змяшчаюцца ў барабан і выбіраюцца выпадкова. Наша камісія асабліва не мяняецца ўжо некалькі гадоў, а нават калі ўзяць кінакрытыкаў, яны могуць быць прадузятымі да пэўных рэжысёраў і аддаваць перавагу любімчыкам, адпаведна шанцаў могуць быць пазбаўлены нават праекты з добрым патэнцыялам. Калі б тэндар на дэбютны фільм аб'явілі зноў, ды з ранейшай камісіяй, мне здаецца, ён бы папросту не адбыўся: ацэнкі гэтага журы вядомыя, няма сэнсу падавацца другі раз. Затое новая камісія стварыла б канкурэнтныя ўмовы, а магчымая другая перамога «Першай КінаВідэаКампаніі» зняла б усе пытанні.

— У чым перавага грантавай сістэмы?

— Яна больш гнуткая, дазваляе пітчынгі, што забяспечылі б адкрытасць працэсу і выключылі цэнзуру, тут можна арганізоўваць прамыя трансляцыі пасяджэнняў камісіі. У ёй няма такога крытэрыю ацэнкі, як кошт фільма. Гэта не значыць, што можна даць пяць мільёнаў у адны рукі і забыць, — выдаткі кантралюе сістэма аўдыту: фарміруюцца верхняя і ніжняя планка бюджэту, кампанія заяўляе, колькі грошай ёй трэба, але ў донара застаецца права рэгуляваць каштарыс. Аўдытары могуць задаць пытанне, чаму тэхніка каштуе ў два разы больш, чым у іншым праекце, і калі заяўнік не здольны гэта абгрунтаваць, бюджэт змяншаецца. У нас жа былі выпадкі, калі праекты папросту здымаліся з конкурсу праз памылкі ў каштарысе.

— Што варта змяніць у крытэрыях ацэнкі праектаў?

— Іх неабходна дэталізаваць і зрабіць зразумелымі, каб было менш магчымасцяў для маніпуляцый. У фондзе Eurіmages дадатковыя балы можна атрымаць за партфоліа мастака-пастаноўшчыка альбо аператара, за капрадукцыю, бо гэта значыць большы рынак, за рэалізацыю жанчыны ў якасці рэжысёра і гэтак далей. Наш конкурс, напрыклад, патрабуе планы фестывальнага прасоўвання і акупнасці, але гэтага, што дзіўна, няма ў крытэрыях ацэнкі. Апошнія тэндары выявілі яшчэ адно пытанне: усе хацелі прыбраць «Беларусьфільм», і ніхто не задумваўся, што яго месца можа заняць іншая кампанія. Тут не ідзе гаворка пра манаполію — «Першая КінаВідэаКампанія» ўсё ж не выйграла ўсе лоты, але для развіцця рынку трэба падтрымліваць як мага большую колькасць гульцоў. Нам бы дапамагла ўкраінская практыка, калі з заяўнікаў фарміруецца рэйтынг і Дзяржкіно кажа: «У нас ёсць пяць мільёнаў, першы просіць мільён, застаецца чатыры, даём другому месцу паўмільёна, застаецца тры з паловай», — і гэтак далей. Такая сістэма спрасціла б жыццё Мінкульту, бо пасля адмены закупак яму замест абвяшчэння новага тэндара можна было б проста размеркаваць грошы паміж другім і трэцім месцамі. Такіх асноўных палажэнняў хапіла б, каб узнавіць цікавасць да конкурсу.

— Як удзельніка конкурсу цябе не абмяжоўваюць загадзя сфармуляваныя тэмы патэнцыйных фільмаў?

— Я супраць тэм, Гільдыя выступае за раздзяленне прадукту на камерцыйнае кіно і аўтарскае, як бы хто ні казаў, што гэта немагчыма. Тэмы на апошніх тэндарах былі сфармуляваныя больш шырока, чым раней, але найбольш паспяховым усё роўна стаў лот проста на дэбют. Паводле досведу, калі называецца падрабязная тэма, узнікае разуменне, што яна сфармуляваная пад некага. Я за тое, каб раздзяляць кіно па мэтавай аўдыторыі: абвяшчаць лоты на дэбют альбо дзіцячы фільм — нармальна, але тэма «Сацыяльна-эканамічныя дасягненні Рэспублікі Беларусь» выклікае некаторы скепсіс. Я так разумею, адмовіцца ад гэтага мінкульт не можа, бо іх патрабуе працэдура дзяржзакупкі.

— Адной з прапаноў Гільдыі з'яўляецца стварэнне асобнай кінаінстытуцыі.

— У большасці краін фінансаванне кіно адбываецца апасродкавана праз адмысловы інстытут, як Дзяржкіно ва Украіне, PІSF у Польшчы альбо Літоўскі кінацэнтр, — такія структуры падыходзяць да кіно комплексна, бо дзяржпадтрымка прадугледжвае не толькі выдзяленне грошай, але і стварэнне ўмоў для здымак у краіне, удзел у кінарынках, прасоўванне брэнда нацыянальнага кіно. Было б прасцей і эфектыўней, калі б за гэта адказвала адна структура — Фонд кіно альбо Інстытут кіно, называцца яна можа як заўгодна, — а не тры чалавекі ў Мінкульце, што фізічна не могуць выканаць такі аб'ём работ. Можа быць, гэта непапулярная мера, але часткова яе можна фінансаваць за кошт пракату замежных фільмаў — такая практыка існуе ў шэрагу краін, гэты крок павінен знайсці разуменне з боку замежных дыстрыб'ютараў. Мы прыкладна падлічылі, што нават некалькі працэнтаў ад пракату прынясуць прыкладна той самы бюджэт, які сёння на кіно мае Міністэрства культуры. Фонд кіно мог бы лягчэй, чым праз працэдуру дзяржзакупкі, размяркоўваць грошы ў тым ліку на фестывалі, адукацыю ці кінарынкі.

— Што цяпер адбываецца з праектам указа Прэзідэнта?

— Мінкульт не кінуў гэтую ідэю — уласна прыняцця законапраекта хочуць і Міністэрства, і кінасуполка, і «Беларусьфільм». Мы б'ёмся за указ, бо ён можа перабіць усе нарматыўныя акты, што перашкаджаюць кіно развівацца, і адначасова вырашыць пытанні і фінансавання, і рыбэйту, і здымак у горадзе. Складанасць заключаецца ў тым, каб вырашыць, што ў ім павінна быць закранута, і дакладна гэта сфармуляваць.

— Наколькі кінасуполка ўцягнута ў працэс распрацоўкі ўказа?

— На гэты момант слаба: адбываюцца разавыя сустрэчы з Мінкультам і ёсць згода аб стварэнні савета па кінематаграфіі, куды ўвойдуць прадстаўнікі Гільдыі прадзюсараў і кінавытворцаў. Трэба вызначыць, як гэта будзе працаваць, бо без платформы прапаноў, базісу, з якім пагодзіцца большасць, усё ператвараецца ў канфлікт паміж старым і новым пакаленнямі, тымі, хто накіраваны на еўрапейскі рынак, і тымі, хто накіраваны на расійскі рынак. Нам відавочна не хапае практыкі аб'яднання: кажуць, сектар НДА ў Беларусі не развіты ў цэлым, але ў кінасуполцы сітуацыя яшчэ горшая, людзі папросту не прызвычаіліся аб'ядноўвацца і не разумеюць, навошта асацыяцыі і гільдыі патрэбны, хоць гэта зразумела, бо Саюз кінематаграфістаў і Гільдыя кінаакцёраў не выконваюць свае функцыі. Крызіс з апошнімі тэндарамі таксама з гэтым звязаны: на адзін конкурс былі вынесены сістэмныя пытанні, хоць праблемы існавалі заўсёды і механізм іх вырашэння іншы. Я не веру, што пасля скаргаў у МАРГ штосьці памяняецца, таму конкурс або будзе абвешчаны па старых правілах, або не будзе абвешчаны ўвогуле.

— Як ты думаеш, ці магло міністэрства ў адказ на скаргі ў МАРГ зрабіць інакш і не адмяняць адным махам дзве закупкі?

— Учынак Мінкульта дзіўны: можна было дачакацца вынікаў праверкі, а ўрэшце аказалася, што МАРГ нават не палічыў скаргі абгрунтаванымі, значыць, імёны пераможцаў маглі б захавацца. Растлумачыць рашэнне міністэрства можна простым «псіханулі», альбо, магчыма, яно не хацела развіваць канфлікт. Усё ж на апошніх тэндарах нешта змянілася: Мінкульт назваў больш шырокія тэмы, з чым звязана вялікая колькасць заявак, прынамсі, вялікая для Беларусі: ва ўкраінскае Дзяржкіно сёлета пададзена 447 ігравых і дакументальных праектаў, з дванаццаццю гэта не параўнаць. Да таго ж амаль усе ўдзельнікі ведалі, што «Беларусьфільм» не будзе падавацца: па тым, наколькі гэты фактар аказаўся важным, відаць давер да конкурсу. Насамрэч, калі адна-дзве скаргі могуць ануляваць вынікі тэндараў, гэта паказвае на пэўную праблему. Сёння Bez Buslou Arts паскардзіцца на «Першую КінаВідэаКампанію», а заўтра «Першая КінаВідэаКампанія» можа сарваць конкурс, у якім перамагла Bez Buslou Arts, — умовы трэба мяняць, інакш гэтыя валтузня і барацьба працягнуцца.

— Здавалася б, калі ў прыватных кінакампаній мала шанцаў атрымаць дзяржаўныя грошы, яны маглі б адшукаць сродкі фінансавання за мяжой, але, аказваецца, для гэтага таксама патрэбны дзеянні Мінкульта. Што міністэрства магло б зрабіць?

— Нам неабходна насыціць рынак грашыма, а зрабіць гэта можна праз увядзенне сістэмы рыбэйтаў. Яна б прынесла даход і прыватным кампаніям, і «Беларусьфільму», якія, у сваю чаргу, змаглі б укладваць тыя сродкі ў кінапраекты і нават без спадзеву на Мінкульт шукаць рэсурсы за мяжой. Больш за тое, на гэтым зарабіла б дзяржава — Літва ўвяла сістэму рыбэйтаў у 2016 годзе, што за гэты час прынесла ў краіну 89 мільёнаў еўра, забяспечыла людзей заробкам, дапамагло інфраструктуры — увесь наш бюджэт на кіно за гэтыя гады ў некалькі разоў меншы. Рыбэйт сёння як рэкламная акцыя: «Там 25 працэнтаў, там 30, а мы дамо 35». Тое, што ў Беларусі нуль, затое цэны меншыя, гучыць непераканаўча. Разам з Мінкультам мы думаем, як даказаць Мінфіну, што гэта прынясе грошы ў краіну, а не наадварот. Па-другое, кінакампаніям трэба даць доступ да фондаў, як мінімум «Крэатыўнай Еўропы», куды ўваходзяць усе краіны Усходняга партнёрства, усе нашы суседзі, апроч Расіі. Пакуль мы не можам скарыстацца іх магчымасцямі, але працэс рухаецца, міністэрства зацікаўлена, толькі не трэба забываць пра другі бок — Еўрасаюз таксама павінен быць зацікаўлены ўключыць нас у праграму. Усё складаней з Eurіmages, бо мы не ў Савеце Еўропы: я не веру, што ў найбліжэйшыя гады магчымы хоць разгляд беларускай заяўкі. Але, прынамсі, перамовы трэба пачынаць: Украіна пачала працэс, здаецца, у 2012 годзе, а ўступіла толькі сёлета. Нарэшце, ёсць Еўрапейская канвенцыя аб сумеснай кінавытворчасці, якая забяспечвае ўдзельнікаў агульнымі правіламі гульні, — нават Азербайджан і Арменія далучыліся да праграмы, у нас жа яна не прынятая.

— Наколькі цікава для прадзюсараў з-за мяжы ўваходзіць у капрадукцыю з беларускімі партнёрамі?

— Мне здаецца, пакуль зусім нецікава. Прадзюсар шукае суфінансаванне: ён пытаецца, ці магчыма атрымаць грошы ў мясцовым фондзе, і калі ты адказваеш, што не, навошта з табой супрацоўнічаць: лепш зрабіць праект з украінцамі ці расіянамі. Тут маленькі пракатны патэнцыял — можна быццам зачапіць рускамоўную прастору, але тады прадзюсару зноў жа лепш зрабіць праект з Расіяй, членам Eurіmages, дзе працуе Фонд кіно і падпісана канвенцыя аб сумеснай кінавытворчасці. Вярнуць падатковы зварот тут нельга, разам падацца ў «Крэатыўную Еўропу» таксама — я не бачу матывацыі, адэкватны прадзюсар сюды не прыйдзе, толькі калі не захоча ўпусціць нейкі геніяльны праект.

— Ты з 2017 года прасоўваеш у Міністэрстве культуры змены ў заканадаўстве — ці атрымалася дабіцца нейкіх зрухаў?

— Я бачу, што другі бок нас разумее і па шмат якіх пунктах згаджаецца. Цяпер у нас складаны этап пошуку механізму рэалізацыі планаў, бо не ўсё залежыць ад міністэрства, аб'ектыўна не хапае кампетэнцый, і мы разумеем, што тры чыноўнікі не здольны зрабіць гэтую работу — нідзе яе ўтрох не рабілі. Мне здаецца, самы хуткі спосаб — устанавіць такое дзяржаўна-прыватнае партнёрства, пры якім прыватны сектар у рамках асацыяцыі, гільдыі альбо, хай сабе, Саюза кінематаграфістаў сам прыйдзе да агульнага рашэння, прапануе праект указа і разам з Мінкультам прасуне яго ў іншых міністэрствах. Магчымасць такога сцэнарыя я ўжо бачу.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота з архіва Канстанціна Вараб'я

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.