Вы тут

Забіваючы зло ў сабе


У гэтым годзе мы святкуем юбілей не толькі самой перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, але і юбілеі дзвюх вельмі значных беларускіх кінастужак, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Кожны з гэтых фільмаў унікальны, і пра кожны з іх ужо шмат напісана і сказана, але не ўспомніць гэтае кіно ў 75-гадовы юбілей Перамогі нельга. Таму мы прапануем паглядзець «Цераз могілкі» і «Ідзі і глядзі», каб не толькі зноў ці ўпершыню ўразіцца тым, як у Беларусі ўмеюць здымаць кіно пра вайну, але і зазірнуць больш глыбока, прааналізаваць гэтыя фільмы як самастойныя эстэтычна-этычныя сістэмы.


Постар фільма «Цераз могілкі». З сайта moviefi t.me.

Часцей за ўсё, калі бачыш у інтэрнэце, па тэлевізары ці ў друкаваных выданнях нейкія ацэнкі кінастужак пра вайну (нават не вельмі важна, савецкае гэта кіно ці ўжо постсавецкае), то ўвесь аналіз зводзіцца да размоў пра дакладнасць, пра тое, ці дастаткова жорсткімі паказаны нямецкія салдаты або якое эмацыянальнае ўздзеянне аказвае фільм на гледача, абражае ён каго ці не. Такі аналіз, канечне, таксама патрэбны, але за гэтымі абмеркаваннямі губляецца іншы вельмі важны момант  — мастацкая сістэма, якую стварае фільм. Гаворка тут не толькі пра працу рэжысёра, кампазітара, аператара і іншых людзей, адказных за тое, як фільм «выглядае і гучыць», але і пра той пласт, што часцяком застаецца па-за полем зроку гледачоў, а часам і прафесіянальных крытыкаў. Гэты пласт — эстэтыка і этыка кінастужкі, «тэкст» фільма, тая сістэма каардынат, якую выбірае для сябе рэжысёр і на якой грунтуюцца ўсе вобразы і ідэі, што будуць прапанаваны гледачам. І цікава: кожны з фільмаў уяўляе сабой унікальную сістэму, нягледзячы на тое, што яны распавядаюць пра подзвіг народа, мужнасць асобных людзей і татальны, усепаглынальны жах вайны.

«Цераз могілкі»  — савецкі чорна-белы мастацкі фільм рэжысёра Віктара Турава па аповесці Паўла Ніліна. Прэм’ера ў СССР адбылася 5 красавіка 1965 года. На першы погляд «Цераз могілкі» — гэта фільм, які цалкам працуе ў раэлістычнай сістэме каардынат. Інтэрпрэтацыя гледачом дзеянняў, што дэманструе рэжысёр, амаль не можа збочыць з той вельмі зразумелай пазіцыі, якая закладзена ў фільм першапачаткова. Нам толькі паказваюць падзеі, глядач — не больш чым бесстаронні назіральнік. Ён ўжо валодае кантэкстам сітуацыі і яе ацэнкай ад сучаснікаў, таму мае вельмі выразную пазіцыю адносна таго, як ставіцца да адлюстраванага на экране. І гэта зразумела, бо пасля вайны прайшло толькі 20 гадоў, бясчынствы акупантаў у памяці яшчэ вельмі свежыя, і таму пра падыход Васіля Быкава, які заснаваны на пазіцыях экзістэнцыялізму, што адмяняе калектыўную адказнасць і ўводзіць індывідуальную, казаць яшчэ быццам бы зарана. Але на самай справе гэтая гуманістычная пазіцыя ўсё ж такі ўскосна прысутнічае ў кінастужцы Віктара Турава і праяўляецца праз некаторыя дыялогі герояў. Напрыклад, амаль у самым пачатку фільма адзін з герояў кажа: «Все советские на своей земле, а друг дружку опасаются». Ідэя пра тое, што падчас вайны ўсе людзі становяцца адно аднаму ворагамі і падзяленне на сваіх і чужых робіцца яшчэ менш актуальным, праходзіць праз увесь фільм. Менавіта тое, што даводзіцца змагацца не толькі з ворагамі, але і з былымі таварышчамі, робіць вайну самай страшнай з’явай для чалавецтва. І тады ўзнікае лагічнае пытанне: ці магчыма дараваць таму народу, які гэтую вайну распачаў, ці тым, хто з-за адсутнасці нейкага містычнага патрыятызму лічыў ворагамі сваіх учарашніх сяброў? Віктар Тураў дае даволі адназначны адказ, і прытрымліваецца традыцый гуманістычнага, у чымсьці нават хрысціянскага экзістэнцыялізму: дараваць можна ўсім, хто выжыў і захаваў хаця б нейкія чалавечыя рысы, бо час на тое, каб выправіць памылкі мінулага, ў іх яшчэ будзе. Тым больш, падчас вайны, калі людзі кіруюцца адным толькі інстынктам выжывання, памылак не дапускаць немагчыма.

Зусім іншы погляд як на вайну, так і на мову кіно дае фільм, які выйшаў у пракат у 1985 годзе  — ваенная драма Элема Клімава па сцэнарыі Алеся Адамовіча «Ідзі і глядзі». Дзякуючы адной толькі назве мы можам зразумець, што перад гледачом карціна экспрэсіўная. Калі «Цераз могілкі» дэманстравала аб’ектыўна страшныя рэчы (у чымсьці манера аператара нагадвае там дакументальную), але ўсё ж такі дазваляла застацца непрадузятым і самому зрабіць высновы, прыслухаўшыся да пазіцыі рэжысёра, то пасля «Ідзі і глядзі» не ненавідзець як вайну ўвогуле, так і фашыстаў у прыватнасці становіцца амаль немагчыма. Нейтральная оптыка змяняецца оптыкай яркіх фарбаў, канцэнтраваных жахаў, метафар і сімвалаў, з-за чаго глядач уцягваецца ў фільм ужо не як рацыянальны назіральнік, а займае пазіцыю амаль што ўдзельніка, пачынае актыўна суперажываць героям. Часам гэтае пачуццё несправядлівасці для сучасных гледачоў, якія раслі на кіно пра дужых станоўчых герояў, дасягае такога напалу, што хочацца, каб у сюжэт уварваўся умоўны «савецкі Рэмба» і забіў ўсіх фашыстаў, бо трываць іх зверствы больш немагчыма.

Нямецкі варыянт постара фільма «Ідзі і глядзі». З сайта kinopoisk.ru.

Але гэтая адназначнасць — гульня з гледачом, бо на працягу ўсяго фільма мы разумеем, што пазіцыя Элема Клімава і Алеся Адамовіча яшчэ больш гуманістычная, чым у Віктара Турава, нягледзячы на тое, што смерці і жорсткасці ў «Ідзі і глядзі» значна больш. Яны наўмысна дэманструюць нам сапраўды жудасныя сцэны спалення вёскі, расстрэлу і многае іншае, каб глядачы разам з галоўным героем Фларыянам зненавідзелі не толькі саму вайну як з’яву, але і непасрэдна тых, хто ў ёй вінаваты. Усё гэта разбіваецца аб момант, калі Фларыян не можа стрэліць у фотапартрэт Адольфа Гітлера ў дзяцінстве. Тады мы разумеем, што Элем Клімаў паказаў нам вайну з яе самага бесчалавечнага боку — забойства мірных жыхароў — не для таго, каб распаліць у гледачах нянавісць, а каб яны прайшлі праз гэтыя страшныя падзеі і такім чынам ачысціліся, бо чалавек, які бачыў усё гэта на свае вочы, павінен знішчыць у сабе любое зло. Таму і назва фільма — заклік да дзеяння, які павінен прымусіць гледача прайсці праз пекла, каб у выніку мець магчымасць збудаваць рай уласнымі рукамі. І толькі ў гэтым выпадку можна будзе з упэўненасцю сказаць, што Другая сусветная вайна ніколі не паўтарыцца.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.