Вы тут

Дзеля духоўнага адраджэння


Навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў» з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга ўпершыню выправілася ў вандроўку больш за чвэртку стагоддзя назад і з таго часу застаецца своеасаблівым сімвалам духоўнага жыцця краіны, сцвярджаючы непарыўную сувязь хрысціянства з культурай і мастацтва.


Хоцімшчына вітае экспедыцыю.

Удзельнікі — святары, навукоўцы, пісьменнікі, тэатралы, кампазітары, народныя майстры, журналісты — на працягу некалькіх дзён вандруюць па гарадах і мястэчках Беларусі, сустракаюцца з прыхаджанамі, мясцовымі жыхарамі, наведваюць навучальныя ўстановы, бібліятэкі, музеі, сацыяльныя прытулкі. Адбываюцца навукова-творчыя канферэнцыі, на сустрэчах гучыць пранікнёнае пастырскае слова.

У розныя гады ў праекце ўдзельнічалі пісьменнікі Анэля Тулупава, Браніслаў Спрынчан, Васіль Жуковіч, Генадзь Пашкоў, Валянціна Коўтун, Алесь Махнач, Алесь Петрашкевіч, Уладзімір Ліпскі, Анатоль Бутэвіч, народная артыстка Марыя Захарэвіч, вядомы археолаг прафесар Пётр Лысенка, прадстаўнікі міністэрстваў інфармацыі, адукацыі, культуры, супрацоўнікі вышэйшых навучальных устаноў.

Сёлета пілігрымы зноў выправіліся ў падарожжа. Зранку 2 верасня ў Свята-Духавым кафедральным саборы па традыцыі напачатку адбыўся малебен. Блаславенне ў дарогу прагучала ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна. Ён адзначыў, што экспедыцыя ў  гэтым годзе — не толькі асветніцкая і духоўная, але і  нясе слова пра мір, якое будзе абапірацца на Слова Божае.

Гэтым разам у вандроўцы ўзялі ўдзел протаіерэй, настаяцель храма Святога Міколы Цудатворцы ў вёсцы Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна айцец Аляксандр Пачопка і іерэй, святар храма Андрэя Першазваннага ў Мінску айцец Кірыл Гардун. Навуковы складнік прадставілі член-карэспандэнт Акадэміі навук, доктар філалагічных навук, прафесар Сцяпан Лаўшук, перакладчык, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, Дзеля духоўнага адраджэння прафесар Іван Чарота, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Ігар Шаладонаў, а таксама непасрэдны кіраўнік экспедыцыі, супрацоўнік Акадэміі навук, даследчык літаратуры Алесь Лапата-Загорскі. Сярод астатніх удзельнікаў — філосаф і гісторык, старшыня Брацтва святых віленскіх мучанікаў Мікалай Матрунчык, паэт Вадзім Спрынчан, іншыя культурныя дзеячы. Музычна-лірычнае суправаджэнне забяспечваў ансамбль сярэднявечнай музыкі «Вір» з Барысава пад кіраўніцтвам Марыны Лайковай.

Фотамастак, журналіст і паэт Яўген Пясецкі ад самага пачатку з’яўляецца летапісцам праекта, рупліва фіксуючы адметныя сустрэчы і падзеі, сведчаннем чаму — аператыўны дзённік-справаздача на старонках газеты «Звязда» і на сайце, а таксама шматгадовы фотаархіў экспедыцыі, які прэзентуецца аўтарам падчас імпрэз.

Адзін з самых важных этапаў вандроўкі — наведванне Святога Поля каля вёскі Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна, дзе ў 1983 годзе была знойдзена Адзігітрыя — Загор’е-Сталавіцкая цудатворная ікона Божай Маці. Унікальная знаходка апынулася ў каўшы экскаватара падчас будаўніцтва аўтамагістралі Берлін — Брэст — Масква. Як высветлілася пазней, на Святым Полі знаходзяцца пахаванні часоў Першай сусветнай і ранейшых войнаў. Адметна, што гэтыя маляўнічыя і багатыя на гісторыю мясціны  — радзіма паэтэсы, заслужанага работніка культуры, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» Ніны Загорскай (манахіні Кіры), якая стаяла ля вытокаў праекта, шмат гадоў узначальвала «Дарогу да святыняў», а цяпер з’яўляецца яе ганаровым кіраўніком. Дарэчы, сёлета Ніна Сымонаўна адсвяткавала свой 80-гадовы юбілей.

Тут жа, на асвечанай праваслаўнай святыняй зямлі, адбыліся памятныя сустрэчы ўдзельнікаў экспедыцыі з мясцовымі жыхарамі. Свае дзверы для вандроўнікаў гасцінна расчынілі музей-сядзіба Адама Міцкевіча «Завоссе» і Баранавіцкі раённы цэнтр рамёстваў.

Далейшы шлях пралёг на Магілёўскую зямлю, у горад Асіповічы. Там адбыўся хрэсны ход ад Свята-Увядзенскага храма да старадаўняй Крыжа-Узвіжанскай царквы, дзе быў пасаджаны Сад Малітвы. Пасля правядзення малебна Благадатны агонь перадалі на свечкі прыхаджан. Сустрэча завяршылася духоўна-асветніцкай творчай вечарынай на царкоўным падворку.

Падчас малебну ў храме.

Пяцідзённае падарожжа ахапіла шэраг раённых цэнтраў Магілёўшчыны, кожны з якіх звязаны з імёнамі і дзейнасцю славутых айчынных пісьменнікаў і дзеячаў культуры, такіх як Андрэй Мрый, Аляксей Пысін, Кузьма Хромчанка, Валянцін Ермаловіч, Алесь Пісьмянкоў… Гасцінна сустракалі падарожнікаў Краснаполле, Касцюковічы, Хоцімск, Клімавічы. Запомнілася наведванне Дома прыёмнай сям’і ў Касцюковічах, якім кіруе Раіса Кірпічэнка. Яна стварыла для сваіх выхаванцаў сапраўдную сямейную атмасферу, напоўненую любоўю і клопатам. Удзельнікі экспедыцыі падаравалі дзеткам цацкі і кнігі, гучалі музыка і спевы, быў праведзены майстар-клас па старадаўніх танцах.

У Клімавічах адбылася цікавая сустрэча ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І. Пехцерава. Супрацоўнікі кніжніцы распавялі пра свае надзённыя клопаты, падзяліліся бачаннем перспектыў развіцця ўзаемадзеяння з чытачом. Даклад па тэме фарміравання духоўнай культуры асобы зрабіла дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Таццяна Даменікан. З інтарэсам была ўспрынята анлайн-экскурсія па навакольных храмах і відэапрэзентацыя, прысвечаная вопыту работы Клуба традыцыйных славянскіх каштоўнасцей. А бібліёграф Вольга Максімовіч нават правяла з гасцямі віктарыну па праваслаўнай культуры.

Напрыканцы экспедыцыя ўзяла кірунак на Бялынічы  — сёлетнюю сталіцу Дня пісьменства. У пасёлку Вішаў быў пасаджаны Сад Малітвы і праведзена вячэрняе богаслужэнне ў храме Святых Апосталаў Пятра і Паўла. У саміх Бялынічах 6 верасня прайшла святочная служба ў царкве Бялыніцкай Божай Маці, адбыўся хрэсны ход да капліцы на Ільінскай гары. Удзельнікі атрымалі магчымасць папрысутнічаць на ўрачыстасцях, прысвечаных адкрыццю скульптурнай кампазіцыі іконы Божай Маці «Бялыніцкая», а таксама на адкрыцці мастацкага музея імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі.

Чарговы раз засведчыўшы сваю ўнікальнасць і запатрабаванасць, «Дарога да святыняў» не збіраецца спачываць на лаўрах: у планах арганізатараў — наведванне славутых мясцін і храмаў, новыя сустрэчы і цікавыя задумы, скіраваныя на духоўнае адраджэнне нацыі.

Іван ПЛЁСАЎ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэктар БДУ Андрэй Кароль: Наша місія — выхоўваць нацыянальную эліту

Рэктар БДУ Андрэй Кароль: Наша місія — выхоўваць нацыянальную эліту

Чаму рыхтаваць вельмі вузкага спецыяліста сёння небяспечна?

Грамадства

Ірына Касцевіч: Палепшыць сітуацыю на рынку працы можна не толькі шляхам павышэння пенсійнага ўзросту

Ірына Касцевіч: Палепшыць сітуацыю на рынку працы можна не толькі шляхам павышэння пенсійнага ўзросту

Як пандэмія змяніла рынак працы ў Беларусі і ці атрымалася аднавіць попыт наймальнікаў на рабочую сілу?