Ёсць уяўленне пра тое, што паэзія — гэта заўсёды пра ўзнёслае і філасофскае, пра эмоцыі і пошук адказаў на пытанні, пра моцныя пачуцці, адлюстраванне якіх аўтар бачыць ва ўсіх праявах навакольнага свету. Даволі рэдкі выпадак — вершы з лёгкім стаўленнем да жыцця. Напэўна, любому аўтару бывае цяжка захоўваць баланс паміж уласнымі вобразамі і адчуваннямі і той мяжой зразумеласці для чытача, за якую нельга выходзіць, калі хочаш быць хаця б крыху прачытаным.
Спосабаў для стрымлівання сябе ад пераходу гэтай мяжы дастаткова: іронія, бытаапісанне, увядзенне інтэртэксту і г. д.
Сабіна Брыло — майстар спорту па балансаванні паміж філасофскасцю і зразумеласцю, у чым лёгка ўпэўніцца, прачытаўшы зборнік «Я и другие люди». Сабіна Брыло — аўтарка, за якой замацаваны вельмі канкрэтны і адметны стыль. Яе тэксты чытаюцца лёгка, прадстаўляюць сабой імклівасць і канцэнтраванасць думкі: за тры-чатыры страфы або нават радкі паэтка складае выявы жыцця, статычныя сюжэты. Але ў гэтай статыцы, быццам адкрыццё, быццам перспектыва на палотнах майстроў Рэнесансу, праяўляюцца дадатковыя, нечаканыя сэнсы звыклых слоў і вобразаў. Жывапіснасць — сапраўды тая якасць, якая прысутнічае ў вершах С. Брыло, прычым гэтая жывапіснасць хутчэй нацюрмортная, чым пейзажная. Замест таго, каб спрабаваць агарнуць і растлумачыць усе абставіны прадстаўленай сцэны, аўтарка засяроджваецца на дэталях і праз іх расказвае гісторыі.
Яшчэ адной адметнасцю аўтарскага стылю, які вельмі заўважна ўплывае на эфект ад кожнага тэксту, з’яўляецца прастата мовы, нават у нейкім сэнсе непаэтычнасць. Такі выбар і расстаноўка слоў могуць падацца адначасова наіўнымі, і іранічнымі, і сур’ёзна кантрастуюць з філасофскай насычанасцю тэкстаў і ад гэтага чытацкае ўражанне толькі ўзмацняецца. Сабіна Брыло выкарыстоўвае простыя словы для раскрыцця няпростых тэм. Але і гэтае абазначэнне, напэўна, не да канца карэктнае, бо часам бывае складана вызначыць, што для чаго выкарыстоўваецца, што з’яўляецца ў тэксце першасным. Ці падбіраюцца патрэбныя словы для раскрыцця ідэі або думка сама па сабе вырастае з гульні слоў? Простая мова зблытвае ўсе спробы адказаць на гэтае пытанне. Ва ўсялякім выпадку, кожная гульня слоў, якая адкрывае новыя сэнсы, вылучаецца з тэксту толькі ў чытацкім успрыманні. Стыль маўлення поўнасцю змывае з іх адчуванне загадкавасці, адчуванне адкрыцця таямніцы.
туман опускается
чтобы глаза человека
отдохнули от
наружной рекламы
предупреждающих и запрещающих знаков
архитектуры
перспективы
ландшафта
туман опускается до тебя
и разрешает
побыть слепым
не выходить наружу
Часам гісторыі, якія атрымліваюцца ў аўтаркі, падаюцца занадта жыццёвымі, проста назіральнымі, пазбаўленымі той чароўнай дадатковай глыбіні, аднак гэта бывае рэдка. Часам складзеныя з жыццёвых дэталяў нацюрморты пачынаюць распавядаць не зусім тое, што мы ад іх чакаем, — паўстаюць не кропкамі сюжэту, сабранымі ў адну карціну, а асобнымі сімваламі.
Прачытаўшы зборнік, лёгка адзначыць тэмы, якія найбольш хвалююць аўтарку. Сюжэтнае ядро тэкстаў часцей за ўсё — або каханне, або найвышэйшыя сілы. Замест таго, каб рамантычна супрацьпастаўляць іх рэчаіснасці, аўтарка пачынае іранічна гуляцца з імі, упісваць у рэчаіснасць, агортваць ёю. Сярод прыкмет рэальнасці паэтку найбольш цікавяць медыя, рэклама. Яны вельмі часта сустракаюцца на шляху сюжэтаў.
Нягледзячы на тэматыку, эмоцый у чыстым выглядзе ў тэкстах Сабіны Брыло вельмі мала. Аўтарка быццам займае пазіцыю збоку, ставіцца да іх вельмі разважліва, з цікаўнасцю назіральніка і даследчыка.
Напэўна, самая цікавая адметнасць тэкстаў Сабіны Брыло — гэта тое, як у іх будуюцца стасункі паміж матэрыяльным і нематэрыяльным. Гэтыя абстрактныя паняцці займаюць раўнаважныя пазіцыі, уступаюць у дыялог, замяняюцца адно адным і апісваюцца адно праз аднаго ў самых розных варыяцыях. Духоўнае — пачуцці, эмоцыі, вышэйшыя сілы — губляюць афарбоўку «высокасці», узнёсласці, а матэрыяльнае — афарбоўку нецікавасці для мастацкага тэксту. Гэта прысутнічае ва ўсім зборніку і паўстае, напэўна, адным з галоўных яго матываў. Але найбольш заўважнай і выразнай гэтая адметнасць становіцца там, дзе ў тэкст уключаюцца рэлігійныя тэмы. Бог, як ні дзіўна, часцей ідзе поруч не з каханнем, а з медыя і рэкламай. Адметная, максімальна непавярхоўная гульня з ідэяй свабоды волевыяўлення, свабоды выбіраць. Усё аднолькава нязначна і аднолькава важна, усё ўплывае на нас, але апошняе слова належыць нам. І ў цяжкім маральным становішчы, і ў прадуктовай краме.
Я в одиночестве. Нет никакого Бога.
Никакой мамы с ее волшебной грудью,
в которой бьется ее больное сердце.
И вообще никто за меня не бьется.
Я просыпаюсь (если спал) в мире,
полном тревоги, мусора и товара,
который никто б не купил, если б
не реклама.
Если бы не реклама,
я бы, возможно, не спал и не просыпался.
Зразумела, што гэта так ці інакш размова пра каштоўнасці, вечныя і сучасныя. Але, па-першае, размова гэтая вядзецца вельмі проста і настолькі не пляската, наколькі магчыма. Па-другое, у вершах Сабіны Брыло абсалютна адсутнічае ацэнка, што неверагодна для любой размовы пра каштоўнасці. Ніякага добра / дрэнна, ніякага нізкае / высокае. Усё напісана тымі ж фарбамі, на тым жа палатне, усё аднолькава надзелена аб’ёмам і глыбінёй. Сэнсы і якасці, якімі мы надзяляем чорны і белы колер, — толькі наша праблема. Усё раўнапраўна ў руках мастака, любая няроўнасць — прадукт глядацкага ўспрымання.
Дар’я СМІРНОВА
Сам будынак уражвае архітэктурай.
«Вышывала, калі за лямпы былі толькі керасінкі».