Вы тут

У суперфінале за званне «Настаўнік года» змагаліся 8 педагогаў


Суперфінал Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь—2020» прайшоў сёння ў сценах Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і паставіў кропку ў марафоне, які доўжыўся амаль год.


Фіналісты конкурсу — пераможцы ад кожнай вобласці і сталіцы ў васьмі прадметных намінацыях — вызначыліся напрыканцы папярэдняга навучальнага года. Менавіта ў той час, калі ўсе масавыя мерапрыемствы былі адмененыя па прычыне распаўсюджвання каранавірусу, што не магло не адбіцца і на фармаце правядзення конкурсу. Тым не менш імёны 56 фіналістаў сталі вядомыя, а дзесяць дзён таму для іх распачаліся конкурсныя выпрабаванні ўжо на рэспубліканскім узроўні, якія праходзілі ў сценах сталічных устаноў адукацыі (конкурсныя ўрокі), Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (майстар-класы) і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (псіхалагічнае і педагагічнае тэсціраванне).

Па выніках усіх выпрабаванняў у суперфінал выйшлі 8 педагогаў, якія набралі ў фінале ў сваёй намінацыі найбольшую суму балаў.

За званне найлепшага ў прафесіі сёння змагаліся настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 31 г.Віцебска Наталля Уладзіміраўна ШЧАГЛОВА, настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 3 г.Орша Вольга Аляксандраўна ТРУХАН, настаўнік рускай мовы і літаратуры Маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіль Уладзіміравіч МАЛІНОЎСКІ, настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 1 г.Свіслач Людміла Анатольеўна ПАБУДЗЕЙ, настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 г.Гомеля Вадзім Алегавіч ЛОСЕЎ, настаўнік біялогіі сярэдняй школы № 8 г.Гомеля Марына Віктараўна КАПЦЭВІЧ, настаўнік музыкі Гродзенскай гарадской гімназіі Святлана Міхайлаўна АДАМЧУК і выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Сонейка» г.Слуцка Вікторыя Пятроўна ГЯЧ.

У суперфiнале ўсё дзейства адбывалася на сцэне Акадэмii паслядыпломнай адукацыi. Канкурсанты павінны былі правесці мiнi-ўрок на тэму «Навошта трэба вывучаць...» (яна стала вядомая толькі напярэдадні) і раскрыць яе сродкамі свайго прадмета. У ролi «вучняў» выступалі іх калегi па фiнале. За гэта выпрабаванне можна было атрымаць самую вялікую суму балаў у суперфінале (да сарака). Таксама іх чакала публiчнае выступленне з асабiстым поглядам на сваю прафесію (максімум складаў дваццаць пяць балаў) i педагагiчная прэс-канферэнцыя (да пятнаццаці балаў), падчас якой канкурсанты адказвалі на пытаннi журы. Тут суперфiналiстам трэба было прадэманстраваць не толькi сваю педагагiчную эрудыцыю, але i iмгненную рэакцыю, бо ў штодзённай рабоце жыццё пастаянна падкiдвае педагогам нестандартныя сiтуацыi.

— Вельмі добра, што настаўнікі сёння разумеюць важнасць групавой работы ў класе, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад суперфіналу старшыня журы, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр ЖУК. — Нельга, каб вучні былі на ўроку проста пасіўнымі слухачамі, нават у групе ўсе павінны працаваць. А некаторым канкурсантам удалося ўцягнуць у працу не толькі сваіх «вучняў», але і гледачоў у зале. Уменне ўстанавіць кантакт з аўдыторыяй і трымаць яе ўвагу — вельмі важнае для кожнага педагога. Удзельнікі суперфіналу выкарыстоўвалі актыўныя метады і формы навучання, інфармацыйныя тэхналогіі, гаджэты, інтэрактыў. Адным словам, было на што паглядзець. Хачу заўважыць, што ўсе конкурсныя ўрокі фіналістаў былі зняты, як і іх майстар-класы. Пасля апрацоўкі мы зробім іх даступнымі для ўсіх педагогаў, у тым ліку і для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей.

Імя пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь —2020» аб’явяць 2 кастрычніка падчас урачыстасцей, якія пройдуць у Палацы Рэспублікі з нагоды прафесійнага свята ўсіх педагогаў. Ён атрымае таксама i ключы ад новенькага аўтамабiля «Geely».

Надзея НІКАЛАЕВА


Выбар рэдакцыі

Палітыка

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

8 снежня споўнілася 32 гады з дня ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».