Вы тут

Сям’я ўмацоўвае дзяржаву


Круглы стол “Моцная сям’я — моцная дзяржава” ўпершыню быў праведзены Беларускім саюзам жанчын 21 кастрычніка. Ён прайшоў у межах цыкла імпрэз “За Беларусь” у мінскім Храме­-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць пра ахвяры, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай.


Настаяльнік Храма-помніка пратаіерэй Фёдар Поўны сярод важных якасцяў, што робяць сям’ю моцнай, назваў цнатлівасць і вернасць. На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі розных грамадскіх структур, што займаюцца праблемамі сям’і й бацькоўства.

Начальніца ўпраўлення народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцеменка сказала: “Сям’я — гэта аснова нацыі. Дзяржаўная сістэма аховы сям’і ды мацярынства ў Беларусі — гэта нацыянальны здабытак”.

У нас мацярынства, як кажуць, сталее. Сярэдні ўзрост мамы, якая нараджае першынца, апошнім часам набліжаецца да 30‑і гадоў. А ў краінах Заходняй Еўропы ён большы: каля 32 гадоў. У 40–45‑гадовых мам у нашай краіне нарадзілася 2,5–3 тысяч дзяцей, 50 працэнтаў з іх — трэція й наступныя. Перапіс насельніцтва паказаў, што большасць беларусаў прытрымліваюцца традыцыйных сямейных паводзін: 49 % жанчын і 58 % мужчын уступаюць у шлюб. Тым не менш за апошнія дзесяць гадоў на 18 % паменшылася ахвотных зарэгістраваць свае ўзаемаадносіны.

Беларусь — адна з нямногіх краін, дзе аплочваецца ўвесь перыяд водпуску па даглядзе за дзіцем да 3‑х гадоў. Сістэма водпуску гнуткая: можна ім карыстацца як маці, так і бацьку, бабулі або дзядулі, можна браць яго часткамі. Калі ў перыяд водпуску за дзіцем заканчваецца працоўны кантракт, то апошні можна прадаўжаць да дасягнення дзіцем 5‑і гадоў. Міжнародны досвед паказвае, што ўзровень нараджальнасці вышэйшы ў той краіне, дзе большы працэнт расходаў на падтрымку мацярынства й сем’яў ад валавога ўнутранага прадукту (ВУП). У цэлым штомесяц на выплату дапамог па доглядзе дзяцей у нас накіроўваецца 3 % ВУП. Прамыя і ўскосныя інвестыцыі на падтрымку сем’яў у Беларусі склалі 3,4 % ВУП. Калі ўлічыць паслугі бюджэтных арганізацый сем’ям з дзецьмі на бязвыплатнай аснове, то лічба дасягае 8 % ад ВУП.

Кругы стол быў арганізаваны Мінпрацы і сацыяльнай абароны Беларусі, Мінінфармацыі, а таксама факультэтам філасофіі і сацыяльных навук БДУ і Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. Аналагічныя форумы й круглыя сталы пройдуць у рэгіёнах краіны. Так грамадзяне будуць інфармавацца пра дзяржпалітыку па падтрымцы сям’і ды бацькоўства, яны змогуць абмяркоўваць прапановы па сямейных пытаннях для ўнясення паправак у Канстытуцыю Беларусі.

На сустрэчы ў Храме-помніку ў гонар Усіх Святых падвялі вынікі Рэспубліканскага конкурсу “Моцная сям’я — моцная дзяржава” ды ўшанавалі лепшыя праекты журналістаў сталічных і рэгіянальных СМІ. На суд журы было прадстаўлена 98 прац ад 84 рэдакцый. Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі й грашовымі прэміямі. Шмат матэрыялаў на конкурс прадставіў калектыў газеты “Звязда” — ён і перамог у намінацыі “Найлепшыя матэрыялы ў друкаваных рэспубліканскіх СМІ”. Дыплом першай ступені за тэматычны дадатак у газеце “Звязда” — “Сямейную газету” — намеснік Міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі ўручыў дырэктару — галоўнаму рэдактару Выдавецкага дома “Звязда” Аляксандру Карлюкевічу.

Сярод пераможцаў конкурсу і “Сельская газета” з цыклам тэматычных матэрыялаў, гродзенская рэгіянальная газета “Перспектива” з праектам “Мамин-папин-я”, творчы калектыў праекта “Родныя людзі” Агенцтва тэленавін Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі, Салігорскі тэлеканал з праектам “Я — мама” ды іншыя. Арганізатарамі конкурсу выступілі Мінінфармацыі ды Беларускі саюз жанчын.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.