Вы тут

Выстава, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, адкрылася ў НАН


У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі разгарнулася юбілейная экпазіцыя «Сын Зямлі пад белымі крыламі», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка, паэта, празаіка, публіцыста, драматурга, перакладчыка, сцэнарыста, чалавека, надзеленага рознымі талентамі, сапраўднага сына сваёй Бацькаўшчыны.


Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі з’яўляецца захавальніцай самай вялікай часткі дакументальнай спадчыны пісьменніка.

Арганізававаная выстава дае надведвальнікам унікальную магчымасць зазірнуць у святая святых — творчую лабараторыю Караткевіча, адчуць атмасферу, у якой нараджаліся героі яго будучых раманаў, аповесцей, апавяданняў, што так палюбіліся чытачам і ўвайшлі ў залаты фонд беларускай і сусветнай літаратуры.

Дакументы з асабістага архіва Уладзіміра Караткевіча адлюстроўваюць асноўныя этапы яго жыцця і творчасці. Кожны з іх уяўляе сабой сапраўдны рарытэт, мае сваю асабістую аўру, з’яўляецца сведкам творчага працэса, распавядае пра гісторыю стварэння таго ці іншага твору.

Сярод экспанатаў — чарнавікі, аўтографы паэтычных твораў: ад першай публікацыі вершаў у газеце «Ленінскі прызыў» да апошняй — верша, прысвечанага Васілю Быкаву, рукапісы твораў 1950-х гадоў з цікавымі малюнкамі пісьменніка, раманаў «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Чорны замак Альшанскі», шматлікіх аповесцей і апавяданняў, эсэ, казак.

Асобныя тэматычныя блокі даюць уяўленне пра Уладзіміра Караткевіча як драматурга і кінасцэнарыста. На выстаўцы можна пазнаёміцца з рукапісамі п’ес «Маці ўрагану», «Калыска чатырох чараўніц», «Кастусь Каліноўскі», афішай прэм’еры згаданага спектакля, пастаўленага ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Я. Коласа, з аўтографамі ўдзельнікаў спектакля.

Кінематаграфічную дзейнасць Уладзіміра Караткевіча адлюстроўваюць сцэнарыі мастацкіх фільмаў, фатаграфіі асобных кадраў з кінафільмаў, сярод якіх — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Выклікаюць цікавасць дакументы часоў вучобы Караткевіча ў Кіеўскім дзяржаўным універсітэце, яго запісныя кніжкі, узоры перапіскі.

Таксама дэманструюцца цікавыя і рэдкія фотаздымкі з сямейнага альбома Караткевічаў, малюнкі пісьменніка на гістарычныя тэмы, ілюстрацыі да ўласных твороў, яго самадастатковыя эцюды, падпісаныя «УК», а таксама партрэтныя замалёўкі, сяброўскія шаржы на Караткевіча, выкананыя рознымі людзьмі.

У асобным раздзеле экспазіцыі сабрана амаль уся друкаваная спадчына пісьменніка — ад першых прыжыццёвых выданняў паэтычных зборнікаў да салідных збораў твораў, а таксама кніг, што былі выдадзены ўжо пасля смерці Уладзіміра Караткевіча. Асобныя блокі прысвечаны перакладам твораў пісьменніка на розныя мовы народаў свету, даследаванням навукоўцаў аб жыцці і творчасці пісьменніка, успамінам сяброў, сваякоў, літаратараў, мастакоў, артыстаў, кнігі з дарчымі надпісамі.

Для чытачоў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі ўваход вольны. Усе ахвотныя маюць магчымасць замовіць прагляд экспазіцыі разам з куратарам па тэл. + 375 17 284 27 06 (пн-чт 9:00-18:00, пт. 9:00-16:30).

Выстава будзе працаваць да канца бягучага года.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.