Вы тут

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю


«Беларусь у маіх вачах» —  так назвала Паліна Амяльянчык старонку ў «Інстаграме». І гэта сапраўды погляд закаханай! Выбіраючы аддаленыя ад цэнтра мястэчкі і непапулярныя, малавядомыя турыстам маршруты, дзяўчына адкрывае перад намі нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю. Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. Сёння ў гасцях у «СГ» — падарожніца, блогер @palіna.belarus і арганізатар тураў па нашай краіне Паліна Амяльянчык.


— Усё пачалося з падарожжаў... у Еўропу. Мы з мужам ездзілі туды на сваім аўтамабілі, самастойна прадумвалі маршрут, браніравалі гасцініцы паблізу ад прыгожых мясцін і славутасцяў. Асабліва памятным было вясельнае падарожжа ў Італію на 17 дзён. Да гэтага часу ўспамінаем, дзе былі і што бачылі. Потым у нас з'явілася дачка Ксюша, і мы пачалі даследаваць прыгожыя мясціны Беларусі. Але план для нашых падарожжаў па сваёй сутнасці застаўся той жа. Мы склалі спіс з 83 мясцін, якія хацелі б наведаць. Першымі пунктамі на карце былі Косава і Ружаны. Адтуль мы прывезлі не толькі ўражанні, але і фатаграфіі, гісторыі і факты, якімі хацелася падзяліцца. Так з'явілася мая старонка ў «Інстаграме». Я апісвала падарожжа, імкнучыся дадаць у публікацыі як мага больш гістарычных дэталяў і старых фотаздымкаў. Парадавала зваротная рэакцыя: людзі цікавіліся нашымі паездкамі, пыталіся пра маршруты, абмяркоўвалі ў каментарыях гістарычныя факты. Гэта натхняе і далей папулярызаваць беларускія славутасці.

— Таму вы і вырашылі пачаць арганізоўваць экскурсійныя туры?

— Так, я ўбачыла цікавасць да нашай краіны. Падпісчыкі часта прасілі ўзяць іх з сабой, але мы падарожнічаем з дзіцем, і гэта было б нязручна. Тым не менш, мне заўсёды хацелася, каб людзі ўбачылі, колькі прыгожых і незвычайных лакацый ёсць у нашай краіне. Я даўно задумвалася аб стварэнні тураў, але з-за пандэміі жаданне трошкі згасла. Аказалася, дарэмна. Без магчымасці выехаць за мяжу людзі сталі яшчэ больш падарожнічаць па Беларусі.

Паездкі для групы я старалася зрабіць максімальна камфортнымі і разнастайнымі. На маю думку, кожнаму цікава пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, з падрадчыкам — аб ходзе рэстаўрацыі, а пра храм лепш за ўсё раскажа святар. Я і сёння цёпла ўспамінаю ксяндза Аляксандра з касцёла святога Уладзіслава, што знаходзіцца ў вёсцы Суботнікі Іўеўскага раёна. Ён расказаў пра архітэктуру і прадметы інтэр'ера, правёў нас у крыпту храма і на хоры. Такія моманты бясцэнныя, і менавіта іх я імкнуся ўключыць у падарожжы. Вярнуўшыся з паездкі, людзі будуць поўныя незвычайных уражанняў і новых ведаў.

— Вы падарожнічаеце з дзіцем — гэта ўскладняе адпачынак?

— Зусім не, Ксюша прывыкла і ёй усё цікава. Яна любіць гуляць з намі па прысядзібных парках, любавацца руінамі. Вывучаем разам расліны, дрэвы, птушак. Летам ездзілі на станцыю акальцоўвання ў Тураве, а ў верасні на працягу некалькіх выхадных назіралі за жураўлямі. Яркім уражаннем стала знаёмства са статкам зуброў непадалёк ад вёскі Стрыеўка. Калі мы выйшлі з машыны, яны насцярожыліся. Потым цэнтр статка лёг — гэта малыя і мамы. А па перыметры засталіся стаяць дазорныя. Адчуванні былі неверагодныя, гэта такое шанцаванне — убачыць паводзіны жывёл у натуральным асяроддзі і паказаць дзіцяці.

— Сярод вашых маршрутаў шмат не вельмі папулярных. Як выбіраеце, куды адправіцца?

— Нам цікава даследаваць радавыя шляхецкія маёнткі. На жаль, вялікая частка з іх сёння існуе ў выглядзе руін. Але гэта не адмяняе іх значнасці. Мы любім наведваць храмы, манастыры, замкі, ваенныя аб'екты (крэпасці, бункеры, форты). Новыя славутасці знаходзім у даведніках або нам падказваюць у размовах людзі.

Калі ідзе гаворка пра былыя маёнткі, цікава прасачыць гісторыю іх уладальнікаў: як правіла, яны мелі некалькі сядзібных дамоў. Шпацыруючы па руінах, паглыбляючыся ў мінулае, быццам бы пераносішся ў казку. Фантазія пачынае «дабудоўваць» пакоі, аздабляць іх дэталямі, «паказваць», як тут было раней. Я шукаю вачыма алеі, гляджу на дзвярныя завесы, заглядаюся на плітку. Многія былыя маёнткі паспеў замаляваць Напалеон Орда ў канцы XІX стагоддзя, у перыяд іх росквіту — з паркамі, садамі, сажалкамі і аранжарэямі. У паездках я заўсёды паказваю турыстам яго карціны, замалёўкі іншых мастакоў ці старыя фота сядзіб. Тады вандроўнікі могуць не толькі параўнаць, як усё было і як стала, але і ўявіць шмат дробязяў. Сядзібы — гэта розныя лёсы, якія абуджаюць розум.

Асабліва глыбока мяне ўразіла гісторыя шляхецкага роду Скірмунтаў. Дынастыя прамыслоўцаў, яны шмат зрабілі, каб змяніць наша Палессе. Дзякуючы ім з'явіўся першы ў краіне цукровы завод, яны арганізавалі перапрацоўку бульбы для вытворчасці ачышчанага спірту, пабудавалі паравыя млыны і сыраварны завод, фабрыку стэарынавых свечак і мыла. Але галоўнае — суконную фабрыку, якая працавала на добрым еўрапейскім узроўні, пра што сведчылі дыпломы мануфактурнай выстаўкі ў Маскве, Парыжы і Вене. Я наведала тры іх некалі квітнеючых маёнткі, якія сёння, на жаль, разбураны... Часам сыходжу ў вывучэнне лёсаў з галавой, пішу пасты з ночы да раніцы, а потым не магу заснуць — балюча ад таго, у якім выглядзе сёння знаходзіцца значная частка нашай багатай гісторыі.

— Якія праблемы чакаюць падарожнікаў па родным краі?

— Я ўжо казала пра стан многіх славутасцяў. Ёсць праблемы з інфраструктурай і інфармаваннем. Напрыклад, некаторыя мясціны не адзначаны на картах. Як людзям знайсці іх? Ці як даведацца, міма чаго яны зараз праязджаюць? Каля многіх аб'ектаў няма хоць бы невялікага стэнда з інфармацыйнай даведкай.

Прыпаркавацца часта няма куды, не кажучы нават пра прыбіральні і альтанкі для адпачынку. Ды і проста лавачак, каб прысесці і перакусіць, часам няма. Ёсць праблема з прыборкай смецця (таму мы ўжо прывыклі прыязджаць на адпачынак са смеццевымі пакетамі і прыбіраць тэрыторыю).

Было б цудоўна, калі б сядзібныя алеі расчышчалі, каб людзі маглі шпацыраваць па іх. А ўявіце, як ажыла б мясціна, калі б аднавілі сядзібныя водныя сістэмы! Бо гэтыя сажалкі і каналы калісьці радавалі вока.

Убачыўшы тое, што адбываецца, я вырашыла паўдзельнічаць у конкурсе Socіal Weekend з праектам па выратаванні сядзіб. Мне вельмі хочацца даць другое жыццё маёнткам і мястэчкам, якія прыходзяць у заняпад. Праект стварыў бы новыя рабочыя месцы, у мястэчках і вёсках праз невялікі час з'явілася б інфраструктура, у тураператараў — пашырыўся пералік маршрутаў. Пакуль праект не скончаны, але я ўжо намячаю план дзеянняў.

— Ці ёсць нейкія станоўчыя зрухі ўжо сёння?

— Так, у свядомасці людзей. Мяне радуе, што людзі, якія аб'ездзілі Еўропу ўздоўж і ўпоперак, у нейкі момант вырашаюць наведаць штосьці сваё. Я бачу, як вектар нашага мыслення мяняецца. Беларусы, якія лічылі, што ў нас «няма чаго паглядзець», цяпер не толькі ездзяць на экскурсіі па роднай краіне, але і клічуць з сабой знаёмых і сваякоў. Я мару, каб такога было яшчэ больш!

Куды можна паехаць зімой?

  • Сядзіба Кашыцаў у Карэліцкім раёне. Мы прыязджалі туды летам і не маглі адвесці вачэй ад навакольнай прыроды навокал. Узімку яна нагадвае казку. Па дарозе можна заехаць у Даўгінава на ферму смаўжоў.
  • Мне падабаецца сядзіба Паўлінава ў Баранавіцкім раёне, там можна не толькі пагуляць, але і зладзіць пікнік на прыродзе. Наогул Баранавіцкі раён — гэта сапраўдная жамчужына. Там быццам нехта «рассыпаў» бліскучыя каралі. Паглядзіце на сядзібы. Звярніце ўвагу на архітэктуру, планіроўку і паркі. Калі пранікнуцца гэтым духам, уражанняў хопіць надоўга.
  • На грамадскім транспарце можна паехаць у Гродна. Лепш на два дні, з начлегам. У мяне ўжо ёсць гатовы маршрут, які магу параіць. Харальная сінагога, лютэранская кірха і вуліца з домікамі польскай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя... Гэта толькі малая частка таго, што чакае вас у горадзе.

Тры маёнткі, якія варта наведаць:

  • Сядзіба Плятэраў у Опсе Віцебскай вобласці. Фантастычная мясціна: знаходзіцца на ўзвышшы над возерам, вакол парк, з тэрасы адкрываецца незвычайнай прыгажосці краявід. Ад сядзібы, пабудаванай у неагатычным стылі, да пірса вяла каменная лесвіца з мноствам прыступак. Кажуць, тут гасцявала графіня-рэвалюцыянерка Эмілія Плятэр. Захаваліся жылы флігель, гаспадарчыя пабудовы і стары каменны масток. Знаходзячыся ў гэтым цудоўным кутку, быццам падпадаеш пад яго чары.
  • Сядзіба Навіцкіх у Савейках Брэсцкай вобласці. Аднойчы мы рабілі маршрут Грушаўка — Савейкі, і гэта заняло ўвесь дзень. У савецкі час маёнтак Навіцкіх прыводзілі ў парадак. Таму цяпер там ёсць помнік Леніну, скульптуры аленя і зубра ды іншыя цікавінкі, якіх першапачаткова не было. У Савейках добра захавалася пад'язная алея: яна вядзе да разваротнага кальца і прыводзіць да сядзібы. Яшчэ можа ўразіць парк з некалі маляўнічымі алеямі, альтанкамі, арачнымі масткамі і вадаёмамі. Захавалася не толькі сама сядзіба, але і бровар з бутавых камянёў.
  • Сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы Брэсцкай вобласці. Чаго вартая адна гісторыя жыцця Тадэвуша Рэйтана! Гэта быў рэдкі чалавек, дэпутат сейма Рэчы Паспалітай. Дамагаючыся пратэсту супраць падзелу Рэчы Паспалітай, Тадэвуш не выпускаў дэпутатаў з залы пасяджэнняў — лёг перад выхадам са словамі: «Забіце мяне, не забівайце Айчыну!» Гэты момант адлюстраваны на карціне Яна Матэйкі «Рэйтан». У Грушаўцы звярніце ўвагу на капліцу каля лесу. Раней у той бок вяла алея з лістоўніц, яна часткова захавалася. Восенню іголачкі іх жоўкнуць, а ствалы застаюцца чорныя. Пейзаж зачароўвае. Цікава, што лістоўніцы становяцца вышэй ад пачатку алеі да капліцы — у гэтым закладзена метафара дарогі ў неба.

Віталіна БАНДАРОВІЧ

Фота з архіва Паліны АМЯЛЬЯНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

Літоўцы раскручваюць крывавую хвалю гвалту

З беларуска-літоўскай граніцы працягваюць паступаць весткі, ад якіх проста кроў стыне ў жылах. 

Грамадства

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Ва ўстановах адукацыі чакаюць сваіх абітурыентаў

Вызначыцца з выбарам прафесіі і месцам навучання можна да 7 жніўня ўключна.

Спорт

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

«Максім сказаў і зрабіў». Бацькі і трэнеры пра алімпійскі поспех Максіма Недасекава

У сераду ў Мінск вярнуўся бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у скачках у вышыню Максім Недасекаў.

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...