Вы тут

БЧ тэстуе новы цягнік Stadler


Беларуская чыгунка разам з кампаніяй «Штадлер Мінск» пачала вопытныя выпрабаванні першага пяцівагоннага электрацягніка міжрэгіянальных ліній бізнес-класа (ЭПМ), паведамляе сайт БЧ.


Фота: rw.by

Максімальная хуткасць новых пяцівагонных электрацягнікоў складае 160 км/г. У цягніку прадугледжана 262 месцы для сядзення 1 і 2 класа. У зоне 1 класа (падвышанай камфортнасці) размешчана 16 месцаў. «Тут прадугледжаны камфартабельныя крэслы са спінкай, што рэгулюецца па куце нахілу, індывідуальныя падлакотнікі. Зона 1 класа аддзеленая шкляной перагародкай з электрычным прывадам. Таксама ў пасажырскім салоне 1 класа ўстаноўлены кнопкі выкліку правадніка. Абсталяваныя месцы для размяшчэння буйнагабарытнага багажу, гардэроб для верхняга адзення. У салонах 2 класа ўстаноўлены мяккія сядзенні з падлакотнікамі па сістэме «3 + 2», — распавялі ў прэс-цэнтры.

Абсталяваны месцы для праезду людзей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата. У адным з салонаў электрацягніка прадугледжаны зоны для перавозкі дзіцячых калясак, буйнагабарытнага багажу або перавозкі трох ровараў.

Пяцівагонныя электрацягнікі ЭПМ абсталяваны кандыцыянерамі з бактэрыцыдным модулем апрацоўкі паветра. Там ёсць Wi-Fi і сістэма ўзмацнення сігналу GSM.

Для падрыхтоўкі да рэгулярнага руху новых цягнікоў з пасажырамі БЧ трэба правесці шэраг выпрабаванняў. Прадугледжаны тармазныя і функцыянальныя выпрабаванні, ацэнка ўздзеяння на пуць, праверка адпаведнасці патрабаванням да электраабсталявання, прыладам кіравання і кантролю, пажарнай і экалагічнай бяспекі. Вопытны прабег электрацягніка складзе не менш за 5 000 км.

Базавай мадэллю для распрацоўкі новых пяцівагонных электрацягнікоў сталі сямівагонныя электрацягнікі серыі ЭПМ, якія курсіруюць па Беларускай чыгунцы са жніўня 2016 года па маршруту Мінск — Гомель.

Кантракт на пастаўку 10 пяцівагонных электрацягнікоў падпісаны ў студзені 2019 года. Пастаўка першых трох цягнікоў на БЧ запланавана ў III квартале гэтага года. Іх хочуць выкарыстоўваць на найбольш запатрабаваных у пасажыраў электрыфікаваных участках БЧ.

Зараз на БЧ курсіруе 18 электрацягнікоў вытворчасці швейцарскай кампаніі Stadler Rail Group.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.