Вы тут

Ежа не для сметніцы


Пра чарвякоў і другое жыццё мандарынавых лупін

Мяне мама з дзяцінства прывучала, што талерка мусіць быць пустой: выкідаць недаедзенае сорамна. Калі хочаце ведаць, ва ўсім свеце трэцяя частка прадуктаў харчавання адпраўляецца на звалкі. Эксперты міжнароднай Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі (ФАО) ААН сцвярджаюць: спісанай ежай можна было б накарміць усіх, хто галадае. Аднак мы не перажываем, калі выкідваем сняданак у сметніцу: гэта ж арганіка, яна перагніе і наваколлю шкоды не прынясе. Вучоныя з Вашынгтона прытрымліваюцца іншага пункту гледжання: трапляючы на палігоны, харчовыя адходы выдзяляюць у атмасферу газ метан, які стварае парніковы эфект. Даследчыкі прапануюць не захоўваць аб’едкі, а перапрацоўваць іх у кампост.

Праблему заўважаюць не толькі спецыялісты, але і неабыякавыя да экалогіі людзі. У 2015 годзе ў Вялікабрытаніі з’явілася кавярня, дзе частуюць стравамі, прыгатаванымі са спісаных прадуктаў (іх пастаўляюць супермаркеты і мясцовыя рынкі). У Даніі рэстаран падобнага кшталту таксама працуе ўжо некалькі гадоў.

Што рэальна зрабіць у хатніх умовах? Можна завесці чырвоных каліфарнійскіх чарвячкоў (спецыяльна выведзеныя для перапрацоўкі харчовых адходаў гібрыды гнаявога чарвяка), якія ператвораць недаедзенае ў спажыўны кампост. Як гэта працуе? У кампостар (лёгка зрабіць са звычайнага вядра) насыпаюць зямлю, яечную шкарлупіну, закідваюць рэшткі прадуктаў. У такія, здавалася б, непрывабныя ўмовы засяляюць чарвякоў. Пражорлівыя істоты з’ядаюць аб’едкі, а на выхадзе выдаюць якаснае ўгнаенне. Чарвякі не патрабуюць пільнага догляду. Кампостар можна паставіць на кухні, балконе альбо ў падвале. Калі ваша мама альбо бабуля выкідвае шмат аб’едкаў, прапануйце ёй такую незвычайную альтэрнатыву сметніцы.

Фота Надзеі Бужан

Не трэба забывацца, што з ачысткаў можна атрымаць дадатковую карысць. Напрыклад, з мандарынавых лупін гатуюць цукаты – ласунак, многім вядомы з дзяцінства. Выкарыстоўваюць іх і ў якасці асновы для ласьёнаў, тонікаў. Цытрусавую ваду атрымліваюць наступным чынам: свежыя лупіны рэжуць на дробныя кавалкі і заліваюць ахалоджанай гатаванай вадой, праз суткі ваду працэджваюць. Такі ласьён асвяжае скуру твару, забівае грыбок, сцягвае поры.

З кававай гушчы і адпрацаванай заваркі чаю робяць кампост – такая практыка прыжылася ў многіх еўрапейскіх кавярнях. Некаторыя гаспадыні раяць выкарыстоўваць кававую гушчу для чысткі абутку, патэльняў і рондаляў. З яе робяць таксама натуральны скраб і нават хатні фарбавальнік. Для гэтага гушчу кіпяцяць 10 хвілін, пакуль вада не стане цёмна-карычневага колеру, затым працэджваюць.

Такім чынам, некаторым ачысткам можна знайсці прымяненне. Але як зрабіць так, каб харчовых адходаў утваралася як мага менш? Напэўна, набываць столькі ежы, колькі рэальна патрэбна сям’і, не рабіць занадта вялікіх запасаў, якія пасля пратухнуць і трапяць на сметнік.

Сябры!

Калі ў вас ёсць пытанні, заўвагі, альбо вы хочаце распавесці пра ўласны вопыт экалагічнага ладу жыцця – дзяліцеся імі! Чакаю вашых лістоў на пошту pryroda@zviazda.by (з пазнакай “Для Машы Зялёнай”).

ЭКААЗБУКА

Вермікультура – развядзенне дажджавых чарвякоў на спецыяльных фермах. Першыя гаспадаркі такога тыпу з’явіліся ў ЗША ў канцы 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Пры скармліванні чарвякам арганічных адходаў атрымліваецца біягумус.

Вермікампост – арганічнае ўгнаенне, атрыманае ў выніку перапрацоўкі арганічных адходаў дажджавымі чарвякамі.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.