Вы тут

У Магілёўскім раёне адраджаюць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны


У Вендаражскім сельсавеце ёсць дзве невялічкія вёсачкі — Завярэжжа і Варатыншчына, дзе да вайны мірна суіснавалі беларусы і яўрэі. Падчас карных аперацый яўрэйскае насельніцтва было амаль цалкам знішчана. Выратаваліся адзінкі. Сёння пра тыя жахлівыя падзеі нагадваюць могілкі паміж вёскамі. Летась вакол іх з'явілася новая агароджа і стэнд з інфармацыяй. Пра гэта паклапаціўся праект Еўрапейскай ініцыятывы па ахове яўрэйскіх могілак. А нядаўна прадстаўнікі Магілёўскай яўрэйскай суполкі Аляксандр Ліцін і Іда Шандаровіч сустрэліся з жыхарамі аграгарадка Вендараж, каб расказаць пра гісторыю гэтых мястэчак. Сустрэча адбылася ў тутэйшай школе.


Магілёўскія краязнаўцы расказалі пра трагічны лёс вёсак Завярэжжа і Варатыншчына.

З архіўных крыніц

Магілёўскія краязнаўцы зрабілі цікавую прэзентацыю, каб наглядна прасачыць трагічны лёс гэтых вёсак. У 1835 годзе на беразе ракі Жыварэзка ў 20 кіламетрах ад Магілёва была заснавана сельскагаспадарчая яўрэйская калонія, якая хутка атрымала назву Завярэжжа. Там пражывала 259 яўрэяў, але з часам да іх далучыліся і беларускія сем'і. У 30-я гады мінулага стагоддзя, па ўспамінах месцічаў, тут налічвалася 40-45 дамоў, з якіх 35-40 былі яўрэйскія. У вёсцы Варатыншчына па суседстве таксама жылі яўрэі, але там іх была меншасць. Жыццё было беднае, але зусім не сумнае. Разам працавалі на зямлі, вырошчвалі ўраджай, гадавалі дзетак, дапамагалі адзін аднаму. Усё змянілася 12 верасня 1941 года, калі атрад нацыстаў увайшоў у вёску Завярэжжа і захапіў 97 мірных жыхароў — жанчын, старых, дзяцей. Усіх іх пагналі ў бок вёскі Карчомка. На ўскрайку лесу людзей прымусілі капаць ямы, а потым усіх расстралялі і закапалі. У 1942 годзе такі ж лёс напаткаў жыхароў вёскі Варатыншчына. На месцы могілак у савецкі час быў устаноўлены помнік. На жаль, сёння пахаванні знаходзяцца ў заняпадзе. І тое, што зроблена пры дапамозе Еўрапейскай ініцыятывы па ахове яўрэйскіх могілак, вельмі каштоўна. «Гэта месцы народнай памяці, якія патрабуюць дастойных, паважлівых адносін і вывучэння», — падкрэсліла Іда Шандаровіч.

— Каб аднавіць падзеі тых далёкіх часоў, прыйшлося шмат працаваць у беларускіх і ізраільскіх архівах, — адзначыў Аляксандр Ліцін. — Інфармацыю збіралі па крупінках. Нешта падказалі мясцовыя жыхары. Але старажылаў ужо амаль не засталося.

Асаблівае месца ў гэтай гісторыі адводзіцца праведнікам, якія, рызыкуючы жыццём, ратавалі яўрэйскіх дзяцей — Нёму Асяноўскага і Барыса Шуфрына.

— Пра гэтыя факты нам расказалі старажылы — Надзея Сцяпанаўна Лемяшко, у дзявоцтве Бякшэева, і Любоў Васілеўна Харкевіч, — удакладніла Іда Шандаровіч. — На жаль, усё скончылася для дабрадзеяў трагічна. Алену Копцаву, якая хавала хлопчыка Нёму з Завярэжжа, паліцаі прывязалі валасамі да хваста каня і пагналі яго наўскач. Хлопчыка таксама забілі. Нейкі здраднік данёс на жанчыну.

Могілкі паміж вёскамі сёння нагадваюць пра тыя жахлівыя падзеі.

Сцяна памяці

Вендаражскі дзіцячы сад — школа на працягу апошніх двух гадоў цесна займаецца ваеннай тэмай. У рамках акцыі «Беларусь памятае» быў сабраны багаты матэрыял аб продках вучняў. На гэтую тэму напісана шмат даследчых работ, а ў двары школы з'явілася своеасаблівая памятная сцяна, на якой размешчаны звесткі пра гераічных прадзедаў. А яшчэ настаўнікі разам са школьнікамі зрабілі каля школы памятную зорку ў гонар тых, хто не вярнуўся з вайны. Ахвяры халакосту — асаблівая старонка ў гісторыі сельсавета.

— Ад аграгарадка да гэтых вёсак усяго некалькі кіламетраў, — удакладняе дырэктар Вендаражскага ВПК «Дзіцячы сад — школа» Вячаслаў Арлоўскі. — Дзяцей адтуль на заняткі прывозіць наш школьны аўтобус. Цяпер там жыве няшмат людзей. А да вайны гэта былі дастаткова вялікія вёскі. На лёс іх жыхароў выпалі нечалавечыя выпрабаванні.

Вячаслаў Валянцінавіч лічыць, што трагічная старонка ў жыцці беларускага народа здольная згуртаваць людзей. І пра гэта вельмі важна нагадваць у Год народнага адзінства.

— Беларусь заўсёды славілася традыцыямі добрага, паважлівага стаўлення да людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, — кажа ён. — Гэтыя традыцыі неабходна прывіваць нашай моладзі. Падрастаючае пакаленне павінна ведаць гісторыю роднай зямлі, шанаваць яе і захоўваць. Важна фарміраваць у нашых юнакоў і дзяўчат гістарычную памяць, міласэрнасць і талерантнасць, непрымірымасць да ўсяго амаральнага — ваенных злачынстваў, расізму і нацызму.

Такой думкі прытрымліваецца і старшыня Вендаражскага сельсавета Міхаіл Васіленка. На новай пасадзе ён усяго некалькі дзён, але добра ведае раён, бо родам з гэтых мясцін.

— Мы павінны адраджаць і захоўваць гісторыю мінулых часоў, часцей нагадваць моладзі пра тое, што такое наша спадчына, — лічыць ён. — Самае святое і недакранальнае ў ёй — памяць пра Вялікую Айчынную вайну, нашых гераічных дзядоў і прадзедаў. На тэрыторыі нашага раёна 19 пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай вайны. У іх — людзі розных нацыянальнасцяў. Фашызм не шкадаваў нікога, ні яўрэяў, ні беларусаў. У Магілёўскім раёне была цалкам знішчана вёска Дубінка. Немцы спалілі жывымі амаль усіх яе 200 жыхароў. Ад расказаў ацалелай у тым пекле жанчыны, якая на той момант была шасцігадовай дзяўчынкай, стыне кроў. Вось пра гэта і трэба нагадваць нашым дзецям, каб трагедыя не паўтарылася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Трагедыя ўсіх аб'яднала

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.