Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі. У каго быў бы большы шок?


Неяк я чытаў кніжку па астрафізіцы (спрабую не адставаць ад сына), напісаную вядомымі амерыканскімі прафесарамі спецыяльна для студэнтаў-гуманітарыяў. Пасля гэтага ў нас адбылася душэўная гутарка з сынам на прадмет магчымасці падарожжаў у часе: ён мне даказваў, што навуцы гэта не супярэчыць, а я яму як гуманітарый, які кіруецца ў першую чаргу цвярозым сэнсам, а не навуковай бязглуздзіцай, тлумачыў, што гэта немагчыма.


А ўчора я ў яго спытаў:

— Як думаеш, калі б цябе адправіць на перавыхаванне ў маё дзяцінства, у васьмідзясятыя гады ХХ стагоддзя, а мяне адтуль ненадоўга закінуць у сённяшні час, у каго быў бы большы шок?

Сын падумаў і сказаў:

— Думаю, у цябе.

— Чаму?

— Таму што я пра той час хоць штосьці ведаю, а ты пра будучыню нічога тады не ведаў.

І я ўявіў сабе гэту карціну: трапляю я з 80-х гадоў мінулага стагоддзя наўпрост у дваццатыя гады стагоддзя цяперашняга. Першы тыдзень, зразумела, адчуваю некультурны шок: асабліва ўражваюць цуда-смартфоны, колькасць машын на дарогах (праўда, яны чамусьці не лятаюць) і багацце прадуктаў і адзення ў крамах. Праз тыдзень-другі я да ўсяго гэтага прывыкаю, асвойваюся ў новай рэчаіснасці, а праз месяц карыстаюся смартфонам не горш за сябе сённяшняга.

А цяпер уявім майго сына ў маім дзяцінстве — у свеце без мабільных тэлефонаў, інтэрнэту, сучасных аўтамабіляў, прыгожага адзення і далікатэсаў. У свеце, дзе па тэлевізары ідуць толькі тры каналы, і тыя чорна-белыя, а ў кожным школьным класе вісіць партрэт Ульянава-Леніна. І нават знайсці нармальную кнігу вельмі праблематычна. Таму з усіх забаў у дзіцяці застаецца толькі адна (затое якая!): двор.

І ў гэтым самым двары кіпіць-бурліць жыццё: ёсць тут свае аўтарытэты, тайныя правілы-ўяўленні, свая іерархія каштоўнасцяў. Савецкі двор нават у большай ступені, чым сям'я, быў месцам выхавання чалавека, і не самага горшага выхавання, трэба сказаць. У двары цябе вучылі думаць, перш чым гаварыць (праўда, не ўсіх навучылі, на жаль), і адказваць за свае словы.

Мы не сядзелі суткамі напралёт у інтэрнэце, затое самі прыдумвалі сабе забавы і гульні, спазнаючы свет рэальны, а не віртуальны. У нашым дзяцінстве было значна больш таго, што сёння прынята называць крэатывам: у мяне да гэтага часу стаіць перад вачыма мужык, які нёс дадому нейкія дошкі, але так і не данёс. Таму што мы папрасілі «дзядзечку» падбіць мяч. А мяч, трэба сказаць, быў не просты, а з начынкай з цэглы.

Таму, мне здаецца (не, я абсалютна ўпэўнены!), што значна больш быў бы шакаваны сучасны падлетак, калі б ён трапіў у рэаліі нашага дзяцінства. Затое, прабыўшы там нейкі час, не факт, што ён захацеў бы вярнуцца назад: дваровае жыццё, ведаеце, зацягвае.

Гэта можа пацвердзіць мой французскі пляменнік (з самага Парыжа), які гасцяваў у мяне ў той далёкі час: ён і цяпер успамінае мінскі мікрараён Зялёны Луг як самае яркае ўражанне дзяцінства: як мы ўзрывалі ў лесе ўзрыўпакеты, гулялі ў «Сляпога ката» на лесвічнай клетцы, па вечарах грукалі бульбачкай, падвешанай за нітку на даху, па вокнах шматпавярховікаў і адлівалі на вогнішчы свінцовыя чушкі для надання моцы кулаку.

І вы думаеце, што пасля такога дзіўнага досведу сучасны падлетак захацеў бы вярнуцца ў нашы дні і зноў завіснуць «УКантакце»? Наўрад ці.

Таму, можа, яно і да лепшага, што падарожжы ў часе немагчымыя (з пункту гледжання гуманітарыя): калі б кожны сам выбіраў сабе, у якім часе жыць, гэта які б бардак настаў на планеце! Тым больш што ў кожным часе абавязкова ёсць свае плюсы і мінусы. І галоўнае — навучыцца цаніць плюсы і па магчымасці абыходзіць бокам мінусы.

* * *

Сын:

— Тата, я табе дам сто рублёў, перавядзі мне на карту таксама сто.

(Па-мойму, другая частка фразы была лішняя.)

Я:

— А адкуль у цябе сто рублёў?

— У сэнсе адкуль? Якая розніца?

— Ну, можа, ты праз мяне вырашыў «адмыць» непрацоўныя даходы.

Жонка:

— Не палохай дзіця, гэта прызавыя за перамогу ў рэспубліканскім турніры фізікаў. Так, Арсеній?

— Угу.

(Вось што значыць мама: заўсёды знойдзе апраўданне для дзіцяці!)

Карацей, усё больш сур'ёзна, чым я думаў. Тата — гэта ўжо фінальная стадыя працэсу. Спачатку фінансавыя патокі размяркоўваюцца праз нейкі «турнір юных фізікаў» (відаць, той самы, на які бацькі здаюць грошы).

Я, канешне, грошы перавёў: сын усё ж. Але замест ста рублёў паклаў дзевяноста пяць — каб фізікі не забывалі: гуманітарыі таксама людзі і павінны неяк жыць. А ўвогуле схема выдатная: калі з фізікай раптам не складзецца, дзеці не прападуць.

P. S. У гэтай схеме адзін істотны недахоп: без гуманітарыяў не працуе. Як, зрэшты, і ўся астатняя фізіка.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.