Вы тут

Хімія лёсу Яўгена Карпінчыка


У Яўгена Карпінчыка часам пытаюцца: «Як гэта ў цябе атрымліваецца з усім спраўляцца?» Такія пытанні яго здзіўляюць. Як на іх адказаць? Калі любіш жыццё, трэба не скардзіцца на выпрабаванні і цяжкасці, а імкнуцца іх пераадольваць.


Не горш за іншых

Яўген Карпінчык стаў інвалідам у далёкім 1948 годзе. Ён не любіць успамінаць тую трагедыю — выпадкова атрыманая траўма выклікала вялікую страту крыві, і, пакуль хлопчыка давезлі з вёскі ў Бярозаўскую раённую бальніцу, у яго з'явіліся прыкметы гангрэны.

Сучасная медыцына, напэўна, дазволіла б выратаваць нагу, але ў тыя гады хірургі вырашылі яе ампутаваць. Так у пяць гадоў Жэня стаў інвалідам. Вядома, бацькі і старэйшыя сёстры вельмі перажывалі за яго, стараліся акружыць клопатам. Але сам ён з ранніх гадоў выхаваў звычку не шкадаваць сябе.

— Я рана адаптаваўся да свайго стану, — дзеліцца Яўген Васільевіч. — Інваліднасць, вядома, адбілася на характары: рос досыць сарамлівы і замкнёны. Але пры гэтым імкнуўся паказаць, што ні ў чым не саступаю аднагодкам, а ў чымсьці хай крышачку, але нават лепшы за іх. Асвоіў веласіпед, ганяў на ім не горш за астатніх, з задавальненнем гуляў у футбол.

Часам яму прыходзілася сутыкацца з дзіцячай жорсткасцю. Каб вывесці занадта актыўнага ўдзельніка з гульні, некаторыя хлапчукі на спартыўнай пляцоўцы адбіралі ў яго мыліцы. Было вельмі крыўдна, але Жэня не плакаў, не скардзіўся, а вучыўся за сябе пастаяць. Цяжкасці толькі мабілізавалі волю. Бацька далучаў Жэню да работы па гаспадарцы, за варштатам, да пчальніка. З гэтымі насякомымі-працаўнікамі ён пасябраваў на ўсё жыццё і нешта ад іх адназначна пераняў.

Вучыўся Жэня з цікавасцю і асабліва палюбіў хімію. Гэты складаны прадмет даваўся яму лёгка, выкладчыца адзначала і падтрымлівала здольнага і дапытлівага хлопчыка. Яшчэ ў школе ён зразумеў, які вялікі патэнцыял у гэтай навукі.

Аднак паступаць Жэня вырашыў на медыцынскі. Хацеў служыць людзям, аблягчаць ім боль і пакуты. Прыехаў у Мінск і... У прыёмнай камісіі медінстытута яму адмовілі ў прыёме дакументаў — інваліднасць закрыла доступ у гэтую прафесію, бо ўсе ўрачы — ваеннаабавязаныя.

Рэабілітацыя навукай

Але вядома: адны дзверы зачыняюцца, а іншыя адчыняюцца. Выйшаўшы з медінстытута, ён, засмучаны, прысеў на лаўку — і прачытаў на суседнім будынку: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, хімічны факультэт. Расцаніў гэта як знак лёсу.

— Не разважаючы накіраваўся наўпрост туды, падаў дакументы, здаў экзамены і стаў студэнтам, — успамінае Яўген Карпінчык. — З першых жа курсаў выкладчыкі захапілі мяне даследаваннямі. Пачаў наведваць навуковыя гурткі, пісаць рэфераты. Вучыўся з цікавасцю. Пасля заканчэння далі рэкамендацыю ў мэтавую аспірантуру ў Ленінград, але палічыў за лепшае застацца ў Мінску. Атрымаў накіраванне ў Інстытут фізіка-арганічнай хіміі і быў незвычайна шчаслівы. У 1970-я гады навукоўцы здаваліся мне кастай абраных, сапраўднымі небажыхарамі.

Неўзабаве Яўген перайшоў у Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Чвэрць стагоддзя працаваў там на розных пасадах, а апошнія 20 гадоў — у Інстытуце хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі. Цяпер загадвае там лабараторыяй нафтахімічных прадуктаў і тэхналогій. У яго дзясяткі патэнтаў, сотні публікацый. Ёсць распрацоўкі, укаранёныя на вытворчасці.

— Мяне дзівіць, якімі бездапаможнымі часам прыходзяць у навуковыя калектывы выпускнікі ВНУ, наколькі ім не хапае фантазіі, — адзначае Яўген Васільевіч. — А без творчага пачатку навукоўцу ніяк нельга. У кожны праект трэба ўносіць нешта новае, арыгінальнае.

Мой суразмоўнік прызнаецца: доўгія гады ён камплексаваў з-за інваліднасці. Калі выходзіў рабіць даклады, абліваўся потам. Але ў нейкі момант сказаў сабе: «Гэта не мае праблемы, хто і як мяне ўспрымае. Навуцы патрэбная публічнасць, і мне важна данесці свае веды і думкі да аўдыторыі».

Па словах Яўгена Карпінчыка, за сваё жыццё ён толькі аднойчы быў у санаторыі. І то праз тыдзень збег адтуль, настолькі сумна там здалося.

— Не магу сядзець без справы, — кажа ён. — Мне па-ранейшаму неверагодна цікава займацца навукай. Адчуваю сябе патрэбным — гэта велізарны стымул. Сёння ёсць поўная яснасць, што я ведаю, умею і магу. Гэта дапамагае правільна размяркоўваць свае сілы, расстаўляць прыярытэты і ў жыцці, і ў прафесіі.

Дрэвы пасадзіў, дом пабудаваў, дачок выгадаваў

Над рабочым сталом Яўгена Васільевіча шмат аркушаў з афарызмамі. Адзін з іх абвяшчае: «Я не маю чым вас узрадаваць — у мяне ўсё добра». Інваліднасць не зашкодзіла гэтаму чалавеку рэалізаваць у жыцці ўсё, да чаго імкнуўся.

Хацеў вадзіць машыну — вось ужо больш за 40 гадоў за рулём. Побач з бацькоўскім пабудаваў у роднай Шлях-Пушчы ўласны дом. Да гэтага дня займаецца пчалярствам. Убачыў іншыя краіны. Працаваў у В'етнаме, дзе разам з калегамі ўстанаўліваў абсталяванне для атрымання эфектыўнага антысептыку. Злятаў на Кубу ў госці да свайго студэнцкага сябра, калегі-хіміка. Неаднойчы наведваў Ірландыю, дзе жывуць дочкі і ўнукі.

Старэйшая дачка Надзея працуе ў фармацэўтычнай кампаніі, яна замужам, у яе трое дзяцей. Малодшая дачка Люба па спецыяльнасці — сацыяльны работнік.

Яго першы шлюб, па словах Яўгена Васільевіча, распаўся, калі дочкі ўжо выпырхнулі з бацькоўскага гнязда. Прычынай сталі складанасці перабудовачнага перыяду. Зарплата навукоўцаў у тыя гады была такой, што прыходзілася зарабляць на хлеб надзённы, прадаючы на «Камароўцы» мёд са свайго пчальніка. Сямейная лодка не вытрымала бытавых цяжкасцяў. Але прайшоў час, і ён сустрэў жанчыну, з якой шчаслівы ў другім шлюбе.

— Сяброў у мяне няшмат, — прызнаецца Яўген Карпінчык. — Але затое гэта вельмі блізкія па духу людзі. У чалавечых адносінах для мяне вельмі важныя шчырасць, сумленнасць, адкрытасць. Не трываю хітрасці, ілжывасці, прыстасаванства.

Яўген Васільевіч не лічыць сябе выключным чалавекам. Проста жыў, не зацыкліваючыся на сваім фізічным стане, не патрабуючы да сябе адмысловага стаўлення, імкнучыся рэалізаваць свой патэнцыял, знайсці сваё месца — у прафесіі, у грамадстве, у свеце людзей. І ў яго гэта атрымалася. Ён нікому не зайздросціць і ацэньвае сваё жыццё як цалкам паспяховае. І не паспрачаешся!

Дрэва (а дакладней — дзясяткі дрэў) пасадзіў, дом пабудаваў, дачок выгадаваў. У прафесіі адбыўся. Ёсць сям'я, сябры. Чаго яшчэ жадаць? Хіба што, як адзначае сам, большага спакою — і ў навакольным жыцці, і ўнутры сябе.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Хімія лёсу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Культура

Мінск 1941. Як гэта было

Мінск 1941. Як гэта было

Неба пачарнела ад самалётаў.