Вы тут

Дэпутаты прынялі шэраг законапраектаў


Шэраг законапраектаў у першым і другім чытанні прынялі дэпутаты ўчора на пасяджэнні пятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Сярод іх — праекты «Аб турызме», «Аб змяненні законаў па пытаннях адвакацкай дзейнасці», «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», «Аб змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», «Аб дзяржаўнай абароне суддзяў, службовых асоб праваахоўных і кантралюючых (наглядных) органаў, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай аховы», «Аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі».


Гарантыі спажыўцам турпаслуг

Фота: fotokto.ru

У праекце закона «Аб турызме» акцэнт павінен быць зроблены на абароне правоў спажыўцоў, звярнуў увагу, выступаючы перад парламентарыямі, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук.

— У апошнія гады маецца шэраг выпадкаў, калі турыстычныя кампаніі знікалі, прыняўшы грошы ад турыстаў, а самі турысты заставаліся без грошай і без тураў. У якасці прыкладу можна згадаць «Каліпса-тур», «Аўрора-тур», «Наталі-тур». Гэта, бадай, самыя рэзанансныя здарэнні сярод беларускіх турыстычных кампаній, дзе ўрон прычынены больш чым на мільён еўра, — адзначыў міністр.

Канцэптуальнае змяненне — увядзенне адказнасці тураператара за невыкананне сваіх абавязацельстваў перад заказчыкам.

— Такіх формаў адказнасці тры: банкаўскія гарантыі, дагавор страхавання і фонды персанальнай адказнасці, — растлумачыў член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Павел Міхалюк. — Гэта варыятыўныя формы, і тураператар па сваім жаданні выбірае найбольш аптымальны варыянт, каб забяспечыць свае абавязацельствы перад заказчыкам.

Таксама ўводзяцца размежаванні паміж турагенцтвам і тураператарам: калі раней турагенты, выступаючы пасрэднікам, рэалізоўвалі туры і неслі за іх поўную адказнасць, то цяпер тураператар, які непасрэдна фарміруе тур, з'яўляецца адказным за яго невыкананне перад заказчыкам. Сярод новаўвядзенняў — заключэнне дагавора ў электронным выглядзе, прычым у дакуменце прадугледжана наяўнасць поўнай інфармацыі пра тураператара, формы адказнасці і алгарытм дзеянняў турыстаў на выпадак узнікнення спрэчных сітуацый.

Узяць пад абарону прыватнае жыццё

Як расказаў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, карэкціроўкі ў закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці» ўключаюць пашырэнне дзеянняў, якія цягнуць крымінальную адказнасць па патрабаванні пацярпелага, удасканаленне інстытута неабходнай абароны, змяненне падыходаў да пакарання за злоснае ўхіленне асуджаных ад выканання пакаранняў, не звязаных з ізаляцыяй ад грамадства, а таксама выключэнне пакарання ў выглядзе грамадскіх работ як дадатковага пакарання з-за непрымянення яго на практыцы. Унесены змены, якія прадугледжваюць адтэрміноўку і растэрміноўку выплаты штрафаў, перагляд правілаў заліку тэрмінаў утрымання пад вартай і хатняга арышту, удасканаленне інстытута прымянення прымусовых мер бяспекі і лячэння асоб, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм і наркаманію. У асаблівую частку ўключана 10 артыкулаў, або 24 саставы злачынства, санкцыі па 70 саставах зменены.

У прыватнасці, законапраект прапаноўвае ўвядзенне крымінальнай адказнасці за наўмыснае незаконнае даванне інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных іншай асобы без яе згоды, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды; удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (на працягу года пасля накладання двух адміністрацыйных спагнанняў за такія дзеянні), падатковае махлярства.

Каб ніколі больш...

Праект закона «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» прыняты ў другім чытанні. Як расказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія Ананіч, праект распрацаваны з улікам нормаў мадэльнага закона Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД «Аб недапушчальнасці дзеянняў па рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх саўдзельнікаў» з мэтай комплекснага рэгулявання пытанняў супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму.

— Падчас дапрацоўкі праекта да другога чытання асноўныя тэзісы недапушчэння рэабілітацыі нацызму дапоўнены прынцыпам захавання гістарычнай памяці і недапушчэння фальсіфікацыі гісторыі, у тым ліку скажэння гістарычных фактаў. Пералік суб'ектаў супрацьдзеяння рэабілітацыі нацызму дапоўнены рэспубліканскім органам упраўлення ў сферы культуры і Нацыянальнай акадэміяй навук, — расказала Лілія Ананіч.

Парламентарый прадставіла і дапрацоўкі да другога чытання праекта закона «Аб змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму». Праект накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства аб процідзеянні экстрэмізму ў мэтах гарантавання нацыянальнай бяспекі, абароны суверэнітэту і незалежнасці дзяржавы, правоў і свабод яе грамадзян.

Ён прапануе ўстанавіць спецыяльны тэрмін паскоранага разгляду спраў у грамадзянскім працэсе ў дачыненні да арганізацый з прыкметамі экстрэмізму, а таксама прызнання сімволікі і атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праект заканадаўча замацоўвае вызначэнне тэрмінаў «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка», «экстрэмісцкае фарміраванне», пашырае вызначэнне тэрмінаў «экстрэмізм», «экстрэмісцкія матэрыялы», ускладае функцыю па каардынацыі дзейнасці суб'ектаў процідзеяння экстрэмізму на органы ўнутраных спраў, пашырае пералік дзяржаўных органаў — суб'ектаў процідзеяння экстрэмізму, устанаўлівае парадак забароны дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў.

Упершыню прадугледжана адказнасць за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, вярбоўку, навучанне і падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў такой дзейнасці.

Законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі» таксама прыняты ў другім чытанні. «У гэтым дакуменце змяшчаецца шэраг новаўвядзенняў у галіне інтэрнэту, вызначаюцца меры па абароне нацыянальнай інфармацыйнай прасторы ў медыясферы, пашыраецца пералік відаў інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена, удасканальваюцца падыходы дзяржаўнай рэгістрацыі і перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі і некаторыя іншыя», — расказала Лілія Ананіч.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Абараніць спажыўца, спакой і гістарычную памяць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.