Вы тут

Гісторыйка Галіны НІЧЫПАРОВІЧ


— Дачакаліся вясны, дзякаваць богу! — заходзячы ў хату, сказаў дзед Мікола. — Паглядзі, баба, як сонейка прыпякае. Котка і тая не просіцца на печ, а грэецца на прызбе. Ды і я, пасядзеўшы на лаўцы, разамлеў.Кабета штосьці вязала, уладкаваўшыся на зэдліку пад акном.

— А ці не збегаць мне на рыбалку? Як думаеш, Алена? Памятаеш, якія вялікія шчупакі траплялі на мой кручок? — не на жарт разышоўся дзед. Нават спіна выпрамілася, а вусы, дальбог, натапырыліся.

— Ха, збегаць! Хоць паціху схадзі, бегунок знайшоўся, — лагодна ўсміхнулася жонка. — Ды і ці варта? Лёд нядаўна сышоў, начамі яшчэ падмарожвае…

— Затое калі пашанцуе, будзе смачная вячэра!

Дзед нацягнуў доўгія рыбацкія боты, цяплей апрануўся, бо каля рэчкі заўсёды холадна. Узяў спінінг, што падарылі ўнукі, ды падаўся ў бок ракі. Вада чвякала пад нагамі: паводка, як-ніяк… Старому гэтая акалічнасць настрой не псавала. Спыняючыся і закідваючы раз-пораз спінінг, Мікола сунуўся ўздоўж берага. Клёву не было. Сонца хілілася да лесу. Халодны калючы ветрык так і спрабаваў залезці пад ватоўку. Але дзеду вельмі не хацелася вяртацца ні з чым!

«Ну, яшчэ разок закіну — і дахаты, — урэшце вырашыў ён. — А то і прастуду падхапіць нядоўга».

Раптам за кручок нібы хто ўчапіўся, лёска нацягнулася… Мікола ад радасці аж прысеў. Лоўка падсек і пачаў хутка круціць катушку. Над вадой з’явілася галава рыбіны, і тая плаўна пачала набліжацца да берага. Дзед ужо смакаваў удачу, але… Нечакана рыба дала хвастом па вадзе і… сарвалася. Мікола — адкуль узяўся і спрыт — хацеў ухапіць яе рукамі, але паслізнуўся і не паспеў апамятацца, як апынуўся ў ледзяной вадзе. Аж дух заняло! Сплюнуў ад злосці і пачаў выбірацца на бераг. Не хапала яшчэ ўтапіцца…

Пакуль шпарка ішоў дамоў, адзенне зрабілася дубяным. У ботах хлюпала вада, а галаву свідравала надакучлівая думка: «Гэта Алена вінавата! «Ці варта ісці? Лёд нядаўна сышоў…» Сурочыла як піць даць!

Ну, цяпер няхай не плача — будзе замест юшкі зацірку сёрбаць ды маўчаць… І котка няхай за мышамі палюе, а не рыбіну чакае — разлеглася, бач, на прызбе. Маўчаць трэба, а не княваць…»

Галіна НІЧЫПАРОВІЧ

Уздзенскі раён, в. Магільна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.