Вы тут

Гісторыя арнаменту на дзяржаўным сцягу


У пачатку 1950-х гадоў Вярхоўны Савет БССР даручыў Акадэміі навук зрабіць экскіз адметнага нацыянальнага сцяга. Справа ў тым, што да і пасля Вялікай Айчыннай вайны сцягі рэспублік, якія ўваходзілі ў склад Савецкага Саюза, адрозніваліся толькі назвамі, што змяшчаліся на чырвоных палотнішчах. З уваходжаннем Украіны і Беларусі ў склад ААН неабходна была новая сімволіка.


У студзені 1947 года ў пастанове Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб дзяржаўных сцягах саюзных рэспублік» гаварылася аб прызнанні мэтазгодным унесці змены ў існыя сцягі, але пры ўмове, што асноўны колер застанецца чырвоным. Менавіта беларусам удалося закласці ў сцяг нацыянальны народны код, зашыфраваны ў арнаменце. Вось толькі імя жанчыны, якая стварыла гэты ўзор, доўгі час заставалася нікому не вядомым...

Пошук сімвалаў

У камісію па распрацоўцы новай сімволікі быў уключаны Міхаіл Кацар, які на той час з'яўляўся загадчыкам сектара этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Менавіта ён атрымаў персанальнае заданне ад прэзідэнта Акадэміі навук Мікалая Грашчанкова знайсці ідэю для дэталі з адметным беларускім каларытам. Невыпадкова такую адказную місію даручылі Міхаілу Сяргеевічу. Гэты вучоны шмат падарожнічаў па Беларусі, збіраючы фальклорны матэрыял, вывучаў народныя строі, ручнікі, дойлідства. Ён захапляўся народнай культурай, і гэта пачуццё стараўся перадаць у сваіх работах. Адным з першых даследчык загаварыў пра ўнікальнасць, вобразнасць, самабытнасць беларускага мастацтва.

Пачаліся пошукі сімвалаў. Падказкі даследчык спадзяваўся знайсці сярод раней сабраных і зафіксаваных народных узораў. У даваенных архівах «Белпрамсавета» вучоны звярнуў увагу на фрагмент з ручніка, вытканага яго сястрой Матронай Маркевіч яшчэ ў 1917 годзе. Яго захавалі для магчымага выкарыстання ў прамысловасці, напрыклад, пры вырабе жаночага адзення. Відаць, узор зачапіў і назвай — «Узыходзячае сонца», што вельмі пасавала да тагачаснай ідэалогіі. На закладзеныя вясковай жанчынай ва ўзоры надзеі на шчасце, ураджайнасць і дабрабыт можна было лёгка накласці новую трактоўку — пра светлую будучыню маладой рэспублікі.

Не дзіва, што спецыяльная камісія, якая зацвярджала праект сцяга, з усіх прапанаваных узораў адабрала менавіта гэты. На аснове арнаменту мастак Міхаіл Гусеў распрацаваў праект новай сімволікі. І, нават нягледзячы на інверсію (традыцыйная вышыўка чырвоная па белым, а падчас адаптацыі арнаменту, каб захаваць асноўны фон чырвоным, узор «пабялілі»), атрымаўся сапраўды нацыянальны і запамінальны сцяг. А ўжо ў 1995 годзе арнаментальная стужка дзяржаўнага сцяга была выканана з захаваннем традыцыйнага кода — чырвоны ўзор размяшчаецца на белым полі.

Жаночы лёс

Матрона Маркевіч (у дзявоцтве Кацар), ураджэнка вёскі Клімавічы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці, рукадзельныя сакрэты пераняла ў сваёй маці. Гэтыя традыцыйныя веды моцна ратавалі яе ў цяжкія гады. Нават пасля вайны, калі яе хата была спалена і жанчына тулілася ў зямлянцы, яна не пераставала ткаць, вышываць. Далікатныя, з густам упрыгожаныя вырабы яна вазіла ў Сянно, каб з іх продажу купіць ежы. Але чаму таленавітай і працавітай жанчыне ўсё жыццё давялося змагацца з галечай? Яна так і не даведалася, якая будучыня чакала яе «ўзыходзячае сонца» і што яе ўзор стане адной з візітовак Беларусі. Нават са сваім братам жанчына не надта кантактавала, каб не нашкодзіць вучонаму, бо сама доўгія гады цярпела прыніжэнні і знявагу як жонка «ворага народа», і гэта кляймо з сям'і знялі толькі ў 1980-х гадах...

Пасля замужжа Матрона перабралася ў вёску Касцялішча.
Разам з мужам Аляксеем Маркевічам яны нажылі шмат дзетак. Каб пракарміць вялікую сям'ю, сужэнцы шмат працавалі на зямлі. Аляксей да таго ж шыў кажухі і гнаў дзёгаць. А калі пачалася калектывізацыя, мужчына не захацеў ісці ў калгас. Зайздроснікі празвалі Маркевічаў кулакамі і паслалі на сям'ю данос. У 1937 годзе галаву сямейства арыштавалі і расстралялі, яго гаспадарку разрабавалі, а Матрона з дзеткамі пачалі галадаць. Жанчыне давялося пайсці ў калгас, а там, як кулацкай жонцы, ёй давалі самую няўдзячную, цяжкую працу...

У гады вайны Матрона Сяргееўна пякла хлеб для партызан, дзеці насілі яго ў лес. Цудам сям'і ўдалося ацалець пасля нападу карнікаў. Вёска, дзе жыла ўдава, была спалена, у холадзе і голадзе жанчыне даводзілася адной узнімаць сваіх дзяцей...

Адной з самых знакамітых вышывальшчыц Беларусі Матрона стала напрыканцы мінулага стагоддзя, калі гісторыкі пачалі дакопвацца да гісторыі стварэння сцяга з арнаментам.

У Сенненскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі асобная экспазіцыя прысвечана таленавітай жанчыне, там паказаны некаторыя работы майстра. А вось таго самага ручніка з Матроніным сонцам, на жаль, не захавалася.

У 2015 годзе на цэнтральнай плошчы горада Сянно з'явіўся памятны знак «Родны край», — і гэта не проста адзіны ў краіне помнік, прысвечаны дзяржаўнаму сцягу, але і вяртанне павагі і годнасці вясковай жанчыне, яе самабытнаму таленту.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Калі ўзыходзіць сонца...

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.