Вы тут

З абмежаваннямі, але для ўсіх ахвотных. Як пройдзе дзіцячая летняя аздараўленчая кампанія


Дзіцячыя лагеры сёлета мусяць адчыніцца з пачатку чэрвеня, але абмежаванні, звязаныя з COVІD—інфекцыяй, па-ранейшаму будуць уплываць на іх работу. Тут не будзе традыцыйных бацькоўскіх дзён, а трапіць на тэрыторыю дзіцячых аздараўленчых устаноў пабочным асобам будзе немагчыма. Некаторыя абмежаванні захаваюцца і для саміх работнікаў дзіцячых устаноў. Якой будзе дзіцячая летняя аздараўленчая кампанія — 2021, расказалі спецыялісты.


pixabay.com

Кошт пуцёвак і дапамога дзяржавы?

Плануецца, што на летняе аздараўленне дзяцей будзе выдаткавана, у тым ліку і з рэспубліканскага бюджэту, 45 мільёнаў рублёў. З іх 600 тысяч рублёў накіравана на падрыхтоўку стацыянарных лагераў да летняга сезона, расказаў намеснік дырэктара — начальнік аддзела Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Аляксандр Цай. Усяго ж на гэтыя мэты наймальнікамі і іншымі зацікаўленымі затрачана каля 15 мільёнаў рублёў.

Плануецца, што аздараўленне сёлета пройдуць 342 тысячы дзяцей, у тым ліку ў лагерах з дзённым знаходжаннем — 198 тысяч, з кругласутачным — 144 тысячы. Працаваць гэтым летам будзе
5,5 тысячы лагераў. Работы па іх падрыхтоўцы да прыёму дзяцей, рамонце і закупцы абсталявання завяршаюцца, вядзецца адбор персаналу.

Сярэдні кошт пуцёўкі ў гэтым сезоне ў лагер з кругласутачным знаходжаннем на 18 дзён складзе 520 рублёў. Дзяржаўная датацыя пры гэтым — 215 рублёў. Плюс дапамога наймальніка па месцы працы бацькоў, прафсаюзныя сродкі ці даплата па калектыўнай дамове. Бацькі за пуцёўку такім чынам аплацяць усяго каля 10 %. У дзённы лагер на такі ж тэрмін пуцёўка будзе каштаваць 127 рублёў, памер дзяржаўнай датацыі — 89.

Працаваць лагеры пачнуць у першай дэкадзе чэрвеня. Летась, дарэчы, яны адчыніліся ў сярэдзіне чэрвеня, калі пайшла на спад захваральнасць на каранавірусную інфекцыю.

— Сёлета заўважна актыўнасць бацькоў і іх зацікаўленасць. Летась попыт быў ніжэйшы, — адзначыў Аляксандр Цай.

Адсутнасць бацькоўскіх дзён і іншыя абмежаванні

— Цяпер ідзе трэцяя хваля каранавіруснай інфекцыі, але яна вельмі спецыфічная. Калі падчас першай рэгістравалася менш захварэлых, падчас другой восенню і зімой — значная іх колькасць, то зараз мы рэгіструем каля 8 тысяч новых выпадкаў кожны тыдзень. Прагназуецца, што такая сітуацыя будзе да канца чэрвеня, — расказвае загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава. — Таму мы пачынаем аздараўленчую кампанію сёлета ў больш сур'ёзнай сітуацыі, чым летась, калі з сярэдзіны чэрвеня назіраўся спад захваральнасці.

Тым не менш спецыяліст адзначыла, што патрабаванні да работы персаналу лагераў будуць больш лаяльнымі: яны павінны мець медыцынскую даведку аб стане здароўя і адсутнасць кантактаў першага ўзроўню. Наймальнікам рэкамендавана аддаваць перавагу тым, хто прайшоў вакцынацыю ад COVІD-19. Пры гэтым выключана пяцідзённая самаізаляцыя і бязвыезны рэжым работы.

— Але гэта не азначае, што кіраўнікі дзіцячых аздараўленчых устаноў не могуць прымаць такія меры. Іх можна ўводзіць, калі выяўлены адзін і болей выпадкаў захворвання, — адзначыла Ала Малахава.

Яна падкрэсліла, што ўваходны кантроль будзе строгі. Гэта штодзённая тэрмаметрыя для персаналу і апытанне аб стане здароўя. Тое ж самае будзе прымяняцца і да дзяцей у лагерах з дзённым знаходжаннем.

— Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да названых мер дадаюцца сацыяльнае дыстанцыяванне, узмоцнены рэжым прыбірання — тры разы на дзень. Усё гэта дае добры эфект, — упэўнена спецыяліст. — Толькі 10 % захварэлых — гэта дзеці, у тым ліку каля 8 % — школьнікі. Да таго ж дзеці хварэюць, як правіла, у лёгкай форме. Таму, калі захоўваць усе меры, наша аздараўленчая кампанія пройдзе паспяхова.

Застанецца ў гэтым сезоне актуальнай і забарона на бацькоўскія дні. Калі раней мамы і таты маглі наведваць карпусы, для іх ладзіліся канцэрты і іншыя мерапрыемствы, то сёлета такіх масавых сустрэч не будзе.

— Бацькі, канешне, могуць прыехаць, за тэрыторыяй лагера ёсць альтанкі, дзе на свежым паветры можна сустрэцца з дзецьмі, таксама ў іх прымуць перадачу. У карпусах на тэрыторыі лагера гэта забаронена, — удакладніла Ала Малахава.

Абмежаванні датычацца і масавых мерапрыемстваў і экскурсій. Іх рэкамендавана не праводзіць увогуле на працягу першых пяці дзён, каб паназіраць за станам здароўя дзяцей. Унутрылагерныя мерапрыемствы павінны праходзіць з захаваннем усіх мер перасцярогі. Пры масавым завозе дзяцей кіроўца аўтобуса павінен быць у сродках аховы, а поручні ў транспарце мусяць своечасова апрацоўвацца.

Колькасць патрыятычных лагераў і змен павялічыцца

Як паведаміла кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса Емяльянчык, усё ахвотныя аздаравіцца сёлета атрымаюць пуцёўкі. Не застануцца без увагі і дзеці, якія маюць патрэбу ў падтрымцы дзяржавы — са шматдзетных і апякунскіх сем'яў, дзеці-сіроты. Пуцёўкі атрымаюць каля 12 тысяч дзяцей-сірот і каля 5 тысяч дзяцей-інвалідаў.

Асаблівасцю сёлетняй аздараўленчай кампаніі стане павелічэнне лагераў і профільных змен патрыятычнай накіраванасці, якія будуць узаемадзейнічаць з воінскімі часцямі, органамі ўнутраных спраў і МНС. Будзе павялічана колькасць педагагічных атрадаў з ліку студэнцкай моладзі. У прыватнасці, толькі ў БДПУ імя М.Танка створана 37 такіх атрадаў з паўтысячы студэнтаў. Педагагічныя атрады створаны ва ўсіх ВНУ і рэгіёнах краіны.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.