Вы тут

Як Валянціна Коўтун стварыла міфічную беларускую паэтку


Імя Валянціны Коўтун увайшло ў беларускую літаратуру ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Свой творчы лёс яна звязала з вялікімі дзяячкамі беларускага народа Ефрасінняй Полацкай і Алаізай Пашкевіч (Цёткай) ды па іх прыкладзе несла людзям асвету і сцвярджала ўпэўненасць у перамозе Дабра. Працалюбівая, рашучая, з абвостраным пачуццём грамадскай адказнасці, яна вельмі выразна адчувала сваё пакліканне.


«Калі мембранай стала ўся айчына, -

Мы з ёй нязменна правяраем слых.

Ці ж важна, як жывецца мне, адзінай,

Калі жывеш, як за сябе, за ўсіх».

А з жыцця яна пайшла раптоўна 30 красавіка 2011 года, не скончыўшы многіх спраў, не дапісаўшы многіх радкоў. Заглянем у яе архіўны фонд, што створаны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, які налічвае тысячы дакументаў.

У інтэрнаце Алаізы Пашкевіч

Нарадзілася пісьменніца 6 красавіка 1946 года ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўнікаў Міхаіла Фёдаравіча і Ганны Раманаўны Коўтунаў. Сем класаў адвучылася ў Сушыцкай сярэдняй школе, а пасля пераводу бацькоў на работу ў Жабчыцкую пачатковую школу вучылася ў найбліжэйшай Малоткавіцкай СШ, якую скончыла ў 1963 годзе. Яе землякі спрабуюць сёння выстарацца, як і ў гонар яшчэ адной вядомай выпускніцы гэтай школы Валянціны Локун, памятную дошку на будынак школы, што будзе нагадваць кожнаму мінаку і госцю аб яе слынных выпускніцах.

Першага верасня таго ж года Пінскім райана была накіравана на работу піянерважатай у Паршэвіцкую СШ (цяпер Бярозавіцкая), дзе адпрацавала цэлы год: гурткі, мерапрымствы да традыцыйных свят. А мара вабіла далей.

«Спяшай, жыццё! Кідай пад ногі церне.

Няхай ляцяць трывогі з гнёздаў дня»

Як выклік лёсу, што здольны кінуць «пад ногі церне» — філалагічны факультэт Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Франко. Тут адбылося яе хрышчэнне першым друкаваным паэтычным творам, і яшчэ — сустрэча з Алаізай Пашкевіч-Цёткай. Так, менавіта сустрэча, якая моцна паўплывала на яе творчы лёс, якая паспрыяла нарадзіцца «глыбока засвоенай думцы пра Адраджэнне Бацькаўшчыны». Пачытаем успаміны паэткі: «Паэзія вырывалася з душы, снілася, «жылася». Цяжкасць была, хіба, адна — арганізаваць яшчэ слабыя сілы на стварэнне гармоніі радкоў і паэтычнай думкі. Помню ночы, — у тым жа інтэрнаце, дзе калісьці жыла і Цётка — у хмурым цьмяным калідоры, калі цэлыя гадзіны ішлі на пошукі «струны». ...А моцна ж яно тады засела ўва мне — беларускае, роднае. Як бы прачнулася я на Львоўшчыне, абудзілася ад пастаяннай русіфікатарскай нівеліроўкі духу, што з поспехам
рабіла наша «беларуская» школа.

Вось якая праблема была... Вучылася я на рускім аддзяленні, паралельна вывучала польскую і чэшскую мовы, паглыблялася ў літаратуру ўкраінскую, пісала па-беларуску. Цяжка? Напэўна. Але найбольшай цяжкасцю па тым часе было вось што: імкненне спасцігнуць, зразумець асновы агульначалавечай культуры, увабраць яе ў свае ўласныя абсягі, спалучыць гэта з працай на карысць Беларускай справы».

Згублены зборнік

Валянціна Міхайлаўна ўспамінала: «Наколькі помніцца, мае першыя вершы, у перакладзе на ўкраінскую мову, былі надрукаваны ў львоўскай газеце «Леніньска моладзь» вясною 1967 года. Над рукапісамі «не тряслась», у выніку чаго беларускіх арыгіналаў тых «украінскіх» вершаў цяпер у мяне няма. Акрамя, здаецца, «Чорнага бусла».

Нешта падобнае атрымалася і з першым паэтычным зборнікам, які я аднесла, спецыяльна прыехаўшы са Львова ў Мінск, у выдавецтва. Рукапіс мой тады аддалі на рэцэнзію аднаму сімпатычнаму, але неарганізаванаму паэту. З таго часу свой рукапіс я болей не бачыла. Кажуць, згубіўся. Праз гады два пачала збіраць новы зборнік, аднак узнавіць многае з раней напісанага ўжо не ўдалося. Дзякуй богу, зборнік «Каляровыя вёслы» ўсё ж убачыў свет і чытача».

Але мы крыху ўдакладнім гэты ўспамін. У Мінску як рэдактары, так і чытачы, з паэткай-пачаткоўкай паспелі пазнаёміцца ў 1966 годзе: першы верш «Зязюля недакукавала, пераплыла ў суседні гай...» надрукавала газета «Чырвоная змена», а пад канец года газета «Літаратура і мастацтва» змясціла цэлую нізку яе вершаў. У 1967 годзе яна ўжо друкавалася ў «Маладосці».

«Абуджаная Львовам» паэтка зразумела, што яе адзіны шлях і яе мэта — вяртанне на Радзіму.

«Як ніколі — дамоў. Дамоў!

Крыллі б мне адшукаць па росце»

З Львова ў «край паэтаў і лясоў»

Арганізацыйныя клопаты, афармленне дакументаў — і ўжо 9 красавіка 1968 года, шляхам пераводу з Львоўскага ўніверсітэта, была залічана на 4-ы курс рускага аддзялення філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння — работа ў Варнянскай сярэдняй школе Астравецкага раёна. Але Валянціна Коўтун ужо стала вядомай паэткай, шмат друкавалася, яе талент быў заўважаны і ацэнены. Яна імкнулася як мага хутчэй уліцца ў густанаселены творчы асяродак Мінска.

«А шчасце — край паэтаў і лясоў,

Дзе ў кошыкі ўспацелыя радкоў

Збіраем словы спорныя, нібы

У сне дуброў крамяныя грыбы...»

25 жніўня 1970 года на падставе ўласнай заявы была звольнена з работы настаўніка і ўжо на наступны дзень залічана на пасаду літаратурнага кансультанта ў рэдакцыю «Сельской газеты». Тут Коўтун працавала амаль шэсць гадоў і гэта быў час яе актыўнай творчай работы, творчага сталення і... расчараванняў, пра што шчыра прызнавалася: «Цяжкасць, хіба, была ў тым, што крыху пазней, калі пераехала ў Мінск (1968 г.), убачыла народ і пісьменнікаў народа без рамантычнага арэолу.

У сэрцы пасяліўся боль, але жаданне быць Беларускай ад чытача стала мацнейшым. Пачаўся перыяд гартавання. Другую кніжку выдаваць было значна цяжэй, бо, акрамя падтрымкі, наткнулася на грубасць, чыноўніцкае (і гэта сярод пісьменнікаў!) раўнадушша, нават зларадства, пляткарства і г. д. ...Ці проста гэта — змагацца са «сваімі» вузкалобымі чынушамі і «зязюльчынымі дзецьмі», «сваімі» чалабітчыкамі?.. Хіба проста бачыць, як лістам сцелюцца знакамітыя літаратары перад заежджым літаратурным гастралёрам з Масквы? А групаўшчына, хцівасць, зайздрасць, «наветы»? А паўтоптванне вялікай ідэі нацыянальнага адраджэння мізэрна-дробязнай гульнёй у «крэслы» і «пасады»? Так, няпроста ўсё. Але ў тым і сутнасць барацьбы, каб выстаяць супроць усяго пошлага ў сваім асяроддзі, знайсці сапраўдных сяброў-аднадумцаў».

Леся Беларуска — «Малітва да Калымы»

На адно з мерапрыемстваў Фонду святой Ефрасінні Полацкай Мая Тодараўна Кляшторная, дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага, прыйшла разам з былым лагернікам Васілём Малагушам. Яму далі слова.

«Усё гучала як жахлівае адкрыццё... Ён узгадваў калымскую легенду пра незвычайную жанчыну-лагерніцу, якая сагравала сваіх сябровак вершамі і песнямі. Апавядальнік згадваў, што яе звалі Ларысай Марозавай, а імя паэтычнае — Леся Беларуска. Той аповед уразіў мяне настолькі моцна, што я стала шукаць сляды зямлячкі-легенды... Аднак усе перакананні разумных людзей наконт таго, што беларуская жанчына на Калыме з такім імем хутчэй за ўсё — паэтычны вымысел надзвычай эмацыянальнага В. Малагушы, не маглі астудзіць мой парыў. Леся Беларуска — нават калі яе і не было насамрэч — ужо жыла ўва мне, стала ўвасабленнем нескаронасці і духоўнай вышыні тысяч і тысяч ні ў чым не вінаватых пакутніц-лагерніц... Іх пакуты сталі маімі, іх дрыготкая душа — маёй душой... Гэта яны змусілі мяне ўзяцца за пяро і блаславілі на творчую дзёрзкасць — ад іх імя, пад імем Лесі Беларускі ўвасобіць у вершах іх лёс, іх боль, любоў і мужнасць. Вобразы нараджаліся нібыта самі сабой».

Так узнік цыкл «Малітва да Калымы». Першая яго частка была надрукавана ў часопісе «Полымя» ў 1997 годзе, пасля ў альманахах Фонду святой Ефрасінні Полацкай, у зборніку «Свяча любові» і ўрэшце асобнай кнігай «Малітва да Калымы. Лісты з Эльгена» пад імем Лесі Беларускі. Чытач верыў, што Леся Беларуска — гэта вернутае ў літаратуру імя замучанай і забытай паэткі. Нават вядомыя літаратуразнаўцы паверылі ў гэта. Дадам, што па «згадках» Малагушы быў нават «рэканструяваны» вобраз Лесі Беларускі. Містыфікацыя — у якую паверыла сама Валянціна Коўтун. І першыя вершы гэтага цыкла, сама паэтка так уяўляла, былі таленавітай «рэканструкцыяй» данесеных аўтарам легенды «па памяці» сюжэтаў і вобразаў твораў Лесі Беларускі.

І яшчэ раз дадзім слова Валянціне Коўтун з яе шчырым прызнаннем, якое сустрэлася на старонках аднаго дакумента яе багатага архіва: «Дзіўна, але раней, у маладосці, хацелася дасягнуць нейкіх незвычайных вяршыняў, нават, як кажуць, «па службе». Напісала дысертацыю, хацела быць выкладчыцай ва ўніверсітэце. А потым — і доктарам навук, і... Смешна цяпер. Калі ўведаў па-сапраўднаму, што такое творчасць, калі ў тваё сэрца холадам і агнём дыхнула яе таямніца, калі нават ужо добра ведаеш, што гэтая самая творчасць жорсткая, бо вельмі часта і ўладна крышыць твой лёс, даўшы ўзамен толькі жменьку паэтычнага бурштыну... Калі адчуваеш, як «горлом кровь идет», тады ўжо не да вяршыняў. Тады бачыш толькі дарогу, ісці па якой усё цяжэй і цяжэй. Але іншай — няма».

Усё прадбачу — дні і ночы...

Усім прабачу — смех і грэх...

І добры спеў і злыя вочы,

І гром вясны з дажджыстых стрэх...

І цішыню, бы ў Бога ў вусе,

Каб зноў, праменнем у траве,

Шапнуць на вушка Беларусі:

Твая дачка яшчэ жыве».

Ганна ЗАПАРТЫКА

Загаловак у газеце: «Паэзія вырывалася з душы, снілася»...

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.