Вы тут

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў паўдзельнічалі ў канферэнцыі «Беларусь і Кітай: агульная траекторыя развіцця»


Арганізаваў мерапрыемства і рабочую пляцоўку Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. На сустрэчы абмеркавалі ўплыў сучаснай міжнароднай абстаноўкі на беларуска-кітайскае супрацоўніцтва і сумесныя меры па супрацьдзеянні выклікам і пагрозам.


Фота: pixabay.com

Старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Святлана Любецкая адзначыла, што арыенціры развіцця Беларусі і Кітая ў многім супадаюць. «Нашы краіны выступаюць за захаванне прынцыпу неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, павагу да інтарэсаў суверэнных дзяржаў, што сёння як ніколі актуальна. Мы ўпэўненыя, што толькі на гэтай аснове магчыма будаваць узаемавыгадныя адносіны і вырашаць пытанні сусветнага парадку дня», — заявіла парламентарый.

Святлана Любецкая паведаміла, што парламентарыі дзвюх краін дасягнулі дамоўленасці павысіць узровень партнёрства ад рабочай групы да міжпарламенцкай камісіі. Яна падкрэсліла, што значнай тэмай для сумеснай дэпутацкай работы з'яўляецца прасоўванне ініцыятыў у сферы інфармацыйнай бяспекі на міжнародных пляцоўках.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Се Сяаюн у сваім выступленні адзначыў, што супрацоўніцтва дзвюх краін прыносіць значныя вынікі для народаў. Па яго словах, развіццё беларуска-кітайскіх адносін характарызуецца пяццю асаблівасцямі. Па-першае, палітычныя ўзаемаадносіны бесперапынна ўзмацняюцца. Па-другое, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва захоўвае добрую дынаміку. Нягледзячы на пандэмію, аб'ём тавараабароту летась паказаў рост амаль на 11 %. Са студзеня да красавіка 2021 года экспарт і імпарт тавараў склалі 1 мільярд 250 мільёнаў долараў, павялічыўшыся на 58 % у параўнанні з мінулым годам. Трэці фактар — гуманітарныя абмены, чацвёрты — міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Пятая асаблівасць, як рэзюмаваў пасол, — узаемная дапамога і абмен вопытам у барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй.

«Кітайска-беларускае супрацоўніцтва мае вялізны патэнцыял і шырокія перспектывы развіцця. Перад Кітаем і Беларуссю стаіць агульная задача — абарона свайго суверэнітэту, бяспекі і міжнароднай справядлівасці. Сёння мы жывём у перыяд, калі нябачныя за стагоддзі перамены і эпідэмія накладваюцца, пераплятаюцца. Свет уступіў у перыяд узрушэнняў і карэнных змен», — дадаў Се Сяаюн.

На думку дыпламата, сяброўства паміж краінамі заключаецца ў блізкасці народаў, а тая, у сваю чаргу, зыходзіць з блізкасці сэрцаў.

Алег Макараў, дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, выказаў меркаванне, што ў аснове новых адносін павінны ляжаць не толькі прагматычныя выгоды ад гандлю, але і элементы духоўнай падтрымкі, адзінства, блізкасці палітычных ідэалаў, сацыяльных стандартаў. На гэтым базісе неабходна будаваць узаемныя адносіны.

«Вопыт беларуска-кітайскага супрацоўніцтва паказвае, што дзве розныя па маштабе дзяржавы маюць каласальны патэнцыял для ўзаемавыгадных адносін, сумеснага рэагавання на сістэму змянення міжнароднай абстаноўкі. Прыярытэтам у адносінах нашых краін з'яўляецца далейшае пераадоленне наступстваў пандэміі і адаптацыя да новых адносін паміж краінамі», — сказаў ён.

Пра тое, што ў міжнародных адносінах назіраецца асаблівая напружанасць, гаварылі і на анлайн-семінары Парламенцкай асамблеі АБСЕ на тэму «Празрыстасць і прадказальнасць у ваенных пытаннях: роля АБСЕ». Ад Беларусі на сустрэчы прысутнічалі члены Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў і Яўген Зайцаў.

Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Ігара Мартынава, тэматыка семінара неад'емна звязана з Хельсінскім заключным актам, падпісаным у 1975 годзе. У дакуменце адлюстравана, як павінна будавацца ўзаемадзеянне краін у шматлікіх галінах — эканоміцы, палітыцы, прававой, гуманітарнай і ваеннай сферах. Але ўсё, што адбываецца вакол нашай краіны цяпер, і тое, што прапісана ў акце, як дадае дэпутат, значна адрозніваецца.

«Калі возьмем замацаванне вынікаў Другой сусветнай вайны. Было дакладна прапісана неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы краін і тэрытарыяльная цэласнасць дзяржаў. Сёння мы бачым яўныя спробы перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны і тэрытарыяльнай цэласнасці краін, — кажа Ігар Мартынаў. — Другое пытанне — эканамічная сфера. У акце прапісаны пытанні, што датычацца гандлю, эканамічных адносін, мірнага ўрэгулявання працэсаў. Мы бачым, як сёння гэта рэгулюецца: нас атакуюць санкцыямі, хутка саб'ёмся з іх ліку».

Парламентарый дадае, што ў дакуменце вызначана, як павінны развівацца ўзброеныя сілы краін.

«Нас апошнім часам асабліва папракаюць, калі мы кожныя два гады праводзім сумесныя ваенныя вучэнні з Расійскай Федэрацыяй, што мы не адкрытыя, нешта хаваем, манім. Мы заўсёды запрашаем назіральнікаў на вучэнні, паказваем колькасць бакоў, асабовага складу. Мы заўсёды адкрытыя. Але ў адказ мы бачым, што адбываецца вакол нашых граніц і як павялічваецца інтэнсіўнасць вучэнняў», — акцэнтаваў увагу дэпутат.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Шырокая геаграфія пытанняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.